ЖАБА
У традыцыйных вераваннях Ж. уяўляюцца былымі людзьмі, якія перавярнуліся ў земнаводных у выніку сусветнага патопу ці злоснага пракляцця. Аднак Ж., як правіла, займаюць апошняе месца ў жывёльнай герархіі з улікам апазіцыі добры/дрэнны, прыгожы/брыдкі. У беларусаў шырока распаўсюджаны павер’і пра пераварочванне менавіта ў Ж. вясковых чараўніц.
На Магілёўшчыне верылі ў тое, што Ж. чапляюцца за цадзілкі ведзьмаў, калі тыя палошчуць іх у возеры, а самі чараўніцы кідалі Ж. у балота кавалкі сыру. З’яўленне Ж. у хаце лічылася кепскім знакам, а ўбачыць іх у сне наагул прадказвала смерць.
Выразы “каб табе Ж. цыцкі дала”, “табе зялёна Ж. зубы пашчытае” ўваходзяць у шэраг найбольш страшных і моцных праклёнаў. “нечысціня” Ж. адбілася ў “практычна” – міфалагічных парадах не чапаць яе, бо на руках могуць з’явіцца бародаўкі, верылі і ў здольнасць Ж. сурочыць чалавека.
У выглядзе гэтай істоты ўяўлялася хвароба, а медыцынскія маніпуляцыі зводзіліся да “выгнання” яе са страўніка. Забаранялася называць Ж. дзіця да году, іначай яно будзе гарбатым. Як найяскравая прадстаўніца нізу, Ж. можа быць супастаўлена з верхам і нават яе паходжанне ўспрымаецца як нябеснае.
Ж. шырока задзейнічана ў метэаралагічных павер’ях, у абрадах выклікання дажджу (параўн. нанізванне Ж. на галінку, рытуальнае пахаванне Ж., павер’е пра палку, якой разнімалі Ж. і вужа і якая затым магла адводзіць хмары, ды інш.). Нават у казках з’яўленне царэўны – Ж. суправаджаецца грымотамі.
Як і пры першым громе, пры пачутым першым веснавым кваканні раілі куляцца. Сцвярджэнне беларусаў, што “Да першага грому Ж. не квакае і зямля не ачышчаецца” захавала гэтыя архаічныя ўяўленні пра складаную ўзаемасувязь верху і нізу, пра Ж. як хтанічна – “нябесную” істоту.
Цікавасць выклікаюць і вераванні заходніх славянаў пра Ж. як хатняга апекуна (дарэчы, яе вобраз перасякаецца з вобразам вужа-дамавіка). Узгадаем і славянскую Ж. – царэўну, што выступае ў казках як татэмны продак, шлюб з якім абяцае творчае пераўтварэнне свету.
Я. М. Няёлаў сцвярджае: “Царэўна – Ж. – мастацкі сімвал добрых творчых сілаў прыроды”. Забойства Ж. у вераваннях магло выклікаць як дождж – рэакцыю неба, так і смерць маці.
Улічыўшы жаночую сімволіку Ж., а таксама ўсё вышэй сказанае, можна меркаваць, што за яе вобразам тоіцца зрынутая на зямлю жонка Грымотніка, а іх “паядынак” метафарычна закадаваны ў міфалагічным “тэксце” бусла.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1522
|