КУПАЛА, КУПАЛЛЕ, ІВАН, ЯН
Старажытная абрадавая ўрачыстасць, прымеркаваная да летняга сонцастаяння – найвышэйшага росквіту жыватворных сіл зямлі. Свята персаніфікавалася ў вобразе міфічнай істоты Купалы. У выніку пазнейшага наслаення на язычніцкі абрад хрысціянскай традыцыі свята прывязалася да дня Раства Іаана Хрысціцеля і ў праваслаўных адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня н. ст. К. як міфічны вобраз увасабляла сабою лялька – жаночае чучала, якре насілі, скакалі з ім, запальвалі і тапілі ў вадзе.
Паходжанне слова “Купала” выводзіцца з індаеўрапейскага кораня *kup- (кіпець, палымяна прагнуць), блізкае яно да лацінскага cupio (прагна жадаць фізічнай блізкасці), суадносіцца з паняццямі “купацца”, “збірацца ў купу”, “купіцца” ( сукупляцца), што паказвае на сувязь абраду з агнём (зямным і нябесным, прадстаўленым на абрадзе вогнішчам, запаленым колам, палаючаю кветкаю) і з вадою, з вольным каханнем (“Схожахуся на игрыща, и ту умыкаху жены собе, с нею же кто совещащеся; имяху же по две и по три жены”).
Да Купальскай ночы рыхтаваліся з раніцы. Жанчыны и дзяўчаты ішлі на луг збіраць кветкі і зёлкі, якія ў гэты дзень набываюць асаблівую гаючую сілу. Пасвечаныя ў царкве і засушаныя, яны потым служылі лекавымі сродкамі на цэлы год. З кветак плялі вяночкі для варажбы, кветкі купалак уторквалі ў сцены між бярвеннямі, загадваючы на лёс кожнага з сямейнікаў. Удзень на месца правядзення свята (часцей на пагорку ці на пяляне) зносілі розную старызну для купальскага вогнішча.
Жывы агонь для яго здабывалі шляхам трэння кавалкаў дрэва. Як сімвал Сонца ўздымалі на жардзіне запаленае кола. Полымя святочнага агню надзялялася ачышчальнай сілай ад злых духаў, праганяла смерць, на ім прасушвалі сарочкі хворых, да яго падносілі дзяцей, што занядужалі. Моладзь скакала вакол вогнішча, вадзіла карагоды, спявала. Тут жа гатавалі абрадавую вячэру, частаваліся. У агонь у якасці ахвяры кідалі пучок лёну са словамі-заклінаннямі “Зарадзі лён”.
Верылі, што на купальскае вогнішча ў гэтую ноч, калі адбываецца разгул нячыстай сілы, могуць з’явіцца ведзьмы, часам ператвораныя ў тую ці іншую жывёлу. Калі нейкая істота (кот, сабака, жаба) выклікала падазрэнне, ёй наносілі калецтва, каб па ім пазнаць потым, хто з аднавяскоўцаў-пярэваратняў вядзьмарыць.
Ад ведзьмаў, якія робяць заломы ў жыце, заезджваюць у гэтую ноч коней і адбіраюць малако ў кароў, вывешвалі над дзвярыма хатаў, хлявоў ці выкладвалі на вокнах розныя абярэгі (апатрапеі) – калючыя, рэжучыя, цякучыя рэчы: сярпы, іголкі, косы, крапіву, а таксама святаянскія зёлкі, грамнічную свечку або забітую сароку, кідалі ў жыта галавешку. Апоўначы моладзь ішла ў лес шукаць Папараць-кветку.
У купальскую ноч на яе сыходзіць агонь Перуна, і яна ўспыхвае яркім цветам, цвіце некалькі імгненняў, і трэба паспець ухапіць яе: “Хто гэту кветку здабудзе, будзе мець усё, чаго толькі душа пажадае”. Авалоданне Папараць-кветкай атаясамлівалася з багаццем, з закапанымі скарбамі, якія ў гэтую ноч выходзяць на паверхню прасушыцца. У паданнях расказвалася, што на К. расліны размаўляюць між сабою, дрэвы пераходзяць з месца на месца.
Пашыранаю на купальскім свяце была варажба. Маладыя людзі загадвалі, што іх чакае ў будучыні. Па кінутых папарна вянках сачылі, сыдуцца яны ці расплывуцца ў розныя бакі, чый вянок паплыве далёка, а чый прыстане да берага. Выходзячы на ростані, дзяўчаты зубамі зрывалі трыпутнік, кажучы: “Трыпутнік – трыпутнік, ты расцеш пры дарозе, бачыш старога і малога, ці не бачыў майго мілога??” – і чакалі, што сасніцца суджаны.
Пад раніцу хлопцы і дзяўчаты купаліся ў рацэ, качаліся па купальскай расе, каб набрацца ад яе моцы; сустракалі ўсход сонца, якое, падымаючыся, “іграе”, “купаецца” – дзеліцца на кругі, сыходзіцца, пераліваецца рознымі колерамі. К., як вынікае з народных песняў, пазначана было магутным прыродным рухам і адначасова рухам чалавечай працы: “Святы Іван колас наліваець…пчолы содзіць, коску правіць – лугі пратаптаць, у сцірты кідаць”; “Святы ян – Божы каваль: косы круціць, сярпы зубіць”; “Святы Іван гнаёк возіць”; “Святы Яне папар арэць, барануець”.
У свяце К. спалучыліся культы сонца, агню, вады, расліннасці
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2873
КУПАЛЛЕ
Купала, Іван, Ян– старажытная абрадавая ўрачыстасць, прымеркаваная да летняга сонцастаяння, найвышэйшага росквіту жыватворных сіл прыроды. Свята персаніфікавалася ў вобразе міфічнай істоты Купалы. У выніку пазнейшага напластавання на язычніцкі абрад хрысціянскай традыцыі свята прывязалася да дня Раства Іаана Хрысціцеля і ў праваслаўных аздзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня н.ст. Як міфічны вобраз увасабляе сабой ляльку – жаночае чучала, якое насілі, скакалі з ім, запальвалі і тапілі ў вадзе. Купала – карнавальная маска-персанаж міфічнай істоты.
Найбольш была пашырана на Палессі і Магілёўшчыне, дзе яе называлі “дзеўка-Купала”. Яе ролю абавязкова выконвала самая прыгожая дзяўчына на вёсцы. Дзеля стварэння карнавальнага купальскага вобраза дзяўчыну распраналі дагала і абмотвалі зелянінай і кветкамі, на галаву ўскладалі вялікі вянок, сплецены таксама з зеляніны і кветак.
Звычайна яна ў акружэнні мнагалюднага карагода ішла ў лес, дзе былі прыгатаваны вянкі. Купале моцна завязвалі вочы, дзяўчаты скакалі і выкручваліся вакол яе, яна ж раздавала ім вянкі, якія прадказвалі лёс дзяўчат: каму даставаўся свежы вянок – будзе жыць весела і багата; калі завялы, то “не бачыць ёй шчасця”. Да купальскай ночы рыхтаваліся з раніцы. Жанчыны і дзяўчаты ішлі на луг збіраць кветкі і зёлкі, якія ў гэты дзень набывалі асаблівую гаючую сілу. Пасвечаныя ў царкве і засушаныя, яны потым служылі лекавымі слродкамі на цэлы год. Купальскія зёлкі – расліны, якія набывалі сакралізаваны статус толькі на свята Купалля.
Уласна купалкі, або скочкі (Круглянскі раён), багатыркі (Глыбоцкі раён), уваходзяць у шэраг рытуальна-магічных дзеяў лекавай, апатрапейнай, мантычнай, любоўнай магіі. Суаднесенасць Купалля з летнім сонцастаяннем абумовіла ўяўленні пра максімальнае развіццё ўсіх сіл прыроды, у тым ліку і пра набыццё травамі ў гэтыя суткі асаблівых уласцівасцей. Верылі, што ў гэты дзень узрасталі іх магічныя і лекавыя якасці.
Для варожбаў купальскія зёлкі збіралі дзяўчаты; для лекавых мэт – жанчыны па-за фертыльным узростам – дзяўчынкі або пажылыя жанчыны. Лекавая моц узмацнялася асвячэннем такіх зёлак у царкве або касцёле. Асвечаныя вянкі развешваліся ў хаце на сцяне, а ў час хваробы іх заварвалі і пілі адвар або “падкурвалі” імі хворага. З кветак плялі вяночкі для варажбы, кветкі купалак уторквалі ў сцены між бярвеннямі, загадваючы на лёс кожнага з сямейнікаў.
Удзень на месца правядзення свята зносілі розную старызну для купальскага вогнішча. Жывы агонь для яго здабывалі шляхам трэння кавалкаў дрэва. Як сімвал сонца ўздымалі на жардзіне запаленае кола. Полымы святочнага агню надзялялася ачышчальнай сілай ад злых духаў, праганяла смерць. На ім прасушвалі сарочкі хворых, да яго падносілі дзяцей, што занядужылі.
Моладзь скакала каля вогнішча, вадзіла карагоды, спявала. Тут жа гатавалі абрадаваую вячэру, частаваліся. У агонь у якасці ахвяры кідалі пучок лёну са словамі-заклінаннямі “Зарадзі лён”. Верылі, што на купальскае вогнішча ў гэтую ноч, калі адбываецца разгул нячыстай сілы, могуць з’явіцца ведзьмы, часам ператвораныя ў жывёлу.
Апоўначы моладзь ішла ў лес шукаць параць-кветку. У купальскую ноч на яе сыходзіць агонь Перуна, і яна ўспыхвае яркім агнём, цвіце некалькі імгненняў, і таму трэба паспець ухапіць яе: “Хто гэту кветку здабудзе, той будзе мець усё, што пажадае”. Авалоданне папараць-кветкай атаясамлівалася з багаццем, з закапанымі скарбамі, якія ў гэту ноч выходзяць на паверхню.
Пашыранай на купальскім свяце была варажба. Маладыя людзі загадвалі, што іх чакае ў будучым. Па кінутых папарна вянках сачылі, сыйдуцца яны ці расплывуцца, чый вянок паплыве далёка, а чый прыстане да берага.
Пад раніцу дзяўчаты і хлопцы купаліся ў рацэ, качаліся на купальскай расе, каб набрацца ад яе моцы; сустракалі ўсход сонца, якое, падымаючыся, “іграе”, “купаецца” – дзеліцца на кругі, сыходзіцца, пераліваецца рознымі колерамі. Купальскія песні, купалкі, янаўскія песні, баравое – адзін з найбагацейшых песенных раздзелаў каляндарна-абрадавага фальклору беларусаў, творы яго летняга цыкла.
Суправаджалі абрадавыя практыкі купальскага свята: збор лекавых траў і кветак, выправу моладзі на абранае для святкавання месца, рытуальныя дзеі, ігрышчы вакол купальскага вогнішча як цэнтра святочнай урачыстасці, а таксама варожбы на вянках, калектыўную сустрэчу сонца на 24 чэрвеня ст. ст. Песням, як і адпаведным абрадавым дзеям, прыдавалася ахоўна-магічная, заклінальная роля.
У аснове шэрагу купальскіх тэкстаў ляжаць магічныя матывы (“А на Яна сонца ўстала”, “Не йдзі, Купала, ты ў сяло”, “Звала Купала Іллю на ігрышча”, “Да й расклаў сам Бог агонь”). Значную ролю ў купальскіх песнях і ігрышчах займае вобраз-перасанаж Купалка, семантыка і генезіс якога пазначаны міфічным флёрам (“Ішла Купалка сялом, сялом”, “Дзе, Купала, начавала?”, “Ой, рана на Івана”).
Прафілактычны, маральна-этычны характар маюць купальскія балады “Браткі”, “На вуліцы скрыпкі йграюць”, “У цёмым лесе гоман, гоман”, “У нашага войта на дварэ”. У іх сюжэце – засцярога моладзі ад свабодных палавых адносін на Купалле. З іншых песенных жанраў у рэпертуары Купалля прыкметная роля належыць любоўнай лірыцы. У ёй створаны запамінальныя вобразы дзяўчат, адметныя душэўнай гармоніяй, дзявочай годнасцю, хараством (“На святую Купалачку”, “Прыехала Купалначка ў сяло”, “Цёмная ночка Купалначка”, “Прасілася Гарыслаўка ў ойчанька”.
Карнавальны характар Купалля, атмасферу весялосці і яго святкавання ў значнай меры прадвызначылі жартоўныя купальскія песні. Спяваныя гуртам аднаго сяла супраць другога, хорам дзяўчат супраць хлопцаў – так званыя пікіроўкі, -- яны вылучаліся разумнай гарэзлівасцю, досціпам, пабуджэннем да песеннага спаборніцтва, лёгка правакавалі любоўныя кантакты, нязлосныя кпіны з ляноты, нядбальства, няўдаласці (“На гарэ Купала гарэла”, “Ішла паненка цераз двор”, “На Купала сонца іграла”, “Перад Пятром, пятым днём”, “А хто ў нас да дзевачак лае?”, “Прыйдуць к нам, прыйдуць да Зарэчанскія дзевачкі”). Эмблемай купальскіх песень, маркерам цыкла з’яўляюцца рэфрэны “Купала на Йвана”, “Купаллё”, “Ой, то-то-то!”, “Сонейка!” і інш. Апошнія два рэфрэны ў песнях акаймоўваюць структуру тэкста з двух бакоў, пачатак кожнага радка і яго канец, што ў практыцы народнай песнятворчасці само па сабе ўнікальна.
Найбольш устойлівыя купальскія песні ў паўночнай і паўднёва-заходняй Беларусі. Малавядомы ў Гомельскай, зусім невядомы ва ўсходніх раёнах Магілёўскай (Крычаўскі, Хоцімскі, Клімаўскі раёны), Гродзенскай (Лідскі, Дзятлаўскі, Астравецкі раёны) і на крайнім паўднёвым захадзе Брэсцкай (Жабінскаўскі, Брэсцкі раёны) абласцей. У свяце Купалля спалучыліся культы сонца, агню, вады і расліннасці. Паводле артыкулаў “Купала” (Т. І. Кухаронак), “Купалле” (У. А. Васілевіч), “Купальскія зёлкі” (Т. В. Валодзіна, М. Малоха), “Купальскія песні” (А. С. Ліс. Г. В. Таўлай), змешчаных у энцыклапедыі “Беларускі фальклор”, т.
1). Фота Таццяны Лук'янавай
Крыніца: http://www.folkndl.bsu.by/index.php/kupalle
КУПАЛЬЛЕ
Купа́льле (Іван Купала, Ян Купальны, Ян, Янаў дзень) — старажытнае паганскае земляробчае сьвята. Слова «купала», як і «Купальле», мае некалькі трактовак. Найбольш пашыраная — ад старажытнаславянскага «купець» (гарэць). Выдзяляецца таксама індаэўрапейскі корань «куп» — са значэньнем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лацінскага cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Пад рознымі назвамі сьвята вядомае ўсім індаэўрапейскім народам.
Ва ўсходніх славянаў згадваецца ў летапісах з 1175 году, у старабеларускіх граматах — з XIII—XIV стст. У старажытнасьці лічылася сьвятам сонца й было прымеркаванае да дня летняга сонцастаяньня, калі найбольшага росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расьліннасьці, збажыны.
Прадстаўнікі фалагічнай школы лічылі Купальле сьвятам у гонар паганскага бога (багіні) Купалы. Купальле мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да антычных вакхічных культаў. Пра гэта сьведчыць і такі абавязковы элемэнт, як эротыка (супольнае купаньне ў аголеным выглядзе). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у Купальле колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх мітах як брат і сястра.
У аснове міта ляжыць матыў іх кровазьмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі (брат-і-сястра), які тлумачыцца як узаемасувязь асноўных процілегласьцей — агню й вады. Пашыраныя матывы купальскіх зьмеяў, жывёлаў, скарбаў і інш. зьвязваюць цыкл купальскіх мітаў з асноўнымі мітамі славянскай міталёгіі. Сьвята характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой.
Яшчэ днём дзяўчаты зьбіралі купальскія (сьвятаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажываньне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэньне) утыкалі ў сьцены хаты й гумна, зь іншых плялі вянкі для купальскага гуляньня. Цэнтральнае мейсца ў абрадах і гульнях займала купальскае вогнішча.
Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца й надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць сьмерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах зьбіралі старыя непатрэбныя рэчы й вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасьці мейсца (узьлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазьней спальваліся.
У старажытнасьці купальскі агонь распальвалі трэньнем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасьце прамасьленае драўлянае кола (магчыма, сымбаль сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, сьпявалі купальскія песьні.
Праз вогнішча хлопцы й дзяўчаты скакалі парамі, што было зьвязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забясьпечыць плоднасьць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элэментамі сьвята былі спаленьне або тапленьне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купаньне на ўзыходзе сонца, качаньне па расе, пусканьне з гары падпаленага кола і інш.
Вельмі пашыранай на Купальле была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч сьвецяцца асаблівым прывідным сьвятлом, а зьвяры, птушкі й нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацьвітае папараць-кветка й да т.п.
Адначасова Купальле — час разгулу змрочных сілаў прыроды: ведзьмы й ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце й інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засьцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сьцены хаты й хлява сьвятаянскімі зёлкамі, у некаторых мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэньня й засьцярогі праганялі статак).
Памятная манэта Нацбанку Беларусі (2004, рэвэрс) Пасьля прыняцьця хрысьціянства царква сумясьціла з Купальлем дзень Іаана Хрысьціцеля, сьвята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Сьвяткавалася ў ноч на 7 ліпеня (24 чэрвеня с. ст.). Традыцыя Купальля на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пачатку ХХ ст. У наш час існуе як традыцыйнае народнае сьвята без абрадавай дзейнасьці.
Крыніца: http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%9A%D1%83%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BB%D0%B5
|