ДЗЕДАВІЦА

МЁД
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    МЁД

    Адзін з найбольш архаічных сакральных прадуктаў харчавання. Для індаеўрапейцаў М. выступаў эталонам салодкасці, а самі паняцці “салодкі”, “п’яны”, “віно” – вытворныя ад “мядовы”. У міфалогіі М. сімвалізаваў крыніцу як мудрасці, так і абнаўлення жыцця і магічных сілаў.

    Змяшчэнне ля ствала Сусветнага дрэва пчол толькі падкрэсліла архаічнасць сакральнага стаўлення да М. Сусветнае дрэва скандынаваў ясень Ігдрасіль уяўляўся пакрытым мядовай расой (параўн. у беларускіх валачобных песнях “медвяну расу” на дрэве пасярод двара, якую абтрэслі прыляцелыя птушкі, ці пажаданне да святога Юр’я “…на травіцу // Дай расіцу // Мядовую”)_.

    Менш сакральным эквівалентам М. у скандынаўскай міфалогіі лічылася піва і брага, якую таксама распіваюць багі на рытуальных пірах. У валачобных песнях “саладок мядок” прызначаецца для дзяцей гаспадара, у той час як для яго самаго – “зеляно віно”, а для гаспадыні – піва. У многіх мясцінах Беларусі маладую сустракаюць у доме мужа з М. у руках.

    Часам маладой М. мазалі вучны або М. аблівалі вясельныя вянкі. У Сярэднявеччы, калі расчэсвалі валасы жаніху і нявесце, то грэбень абмоквалі ў М. Маці нявесты і маці жаніха сустракалі маладых у вывернутых кажуках, з соллю, гарэлкай і М. У Барысаўскім павеце, калі маладыя прыязджалі ў дом свякрухі, то ім давалі па кавалку хлеба з М. М. таксама ўжываўся на хаўтурах па нябожчыку.

    На пірах старцаў (сляпцоў – лірнікаў) клалі ў вялікі кацёл соты, разводзілі вадой і варылі, потым злівалі ў бочачку і пілі халодным. Прыгатаваная на аснове М. стравы абавязкова ўваходзілі ў памінальныя абрады: сыту, канун – М. з вадой, у якія крышылі булку ды інш. Памінаючы продкаў, гаспадар адліваў першую лыжку кануна на стол.

    Абавязковае залічэнне М. да памінальных страў тлумачылася меркаваннем, быццам бы М. патрэбны, каб памерлым было соладка на тым свеце: “На диды сыту робят, то у кипячону воду хлип, сахар ти мёд. Кажут, што сытой мёртвые уста мажут на Радуницу.

    Сыту на могилки лют туды, где хрест». Разуменне апошніх пакінутых на ніве каласоў як месца кантакту з продкамі тлумачыць песенны матыў (магчыма, і былую рытуальную практыку) палівання іх М.:

    “А чыя – то барада чорным шоўкам павіта, сытой – мёдам паліта”. Функцыя ахвяры ў М. падкрэсліваецца і палескімі звычаямі пакідаць на ростанях М. для русалак.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3503




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz