ДЗЕДАВІЦА

ГРАМНІЧНАЯ СВЕЧКА, ГРАМНІЦА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 48
    Гасцей: 48
    Карыстальнікаў: 0

    ГРАМНІЧНАЯ СВЕЧКА, ГРАМНІЦА

    Свечка, асвечаная ў храме на свята Грамніцы (15 лютага н. ст.). Паводле народных уяўленняў, была надзеленая чароўнаю сілаю, як і некаторыя іншыя свечкі: перадвелікодная, чацвярговая (асвечаная ў Чысты чацвер), велікодная (пры якой асвячаюцца стравы на Вялікдзень), вянчальная (выкарыстоўвалася ад ліхаманкі).

    Агонь Г. с. прыроўніваўся да жывога агню, атрыманага ад маланкі ці шляхам трэння двух кавалкаў дрэва адзін аб адзін. Г. с. запальвалі і ставілі на покуці пры пачатку грому і навальніц, каб маланка не запаліла хату. Пры першым громе прыпальвалі крыж-накрыж з 4 бакоў агнём валасы ў дзіцяці або адзін у аднаго ад пярэпалаху, ад сурокаў.

    Агнём Г. с. выводзілі на бэльцы ў хаце крыж-абярэг. Выкарыстоўвалі Г. с. у аграрнай абраднасці і ў жывёлагадоўлі – бралі з сабою ў поле на першае ворыва і на зажынкі; у Градавую сераду ( пасля Ражства, Вялікадня і сёмухі) абыходзілі палеткі з запаленай Г. с., каб іх не пабіў град; запальвалі Г. с. пры першым выпасе скаціны; пасля ацёлу карове падкурвалі саскі перад першым кармленнем цяляці, каб яно вырасла тлустае.

    На Купалле падчас разгулу нячыстай сілы Г. с. вешалі на вароты ў хляве ў якасці абярэгу, каб не дапусціць туды ведзьму, якая здолее толькі пакусаць Г. с., не дабраўшыся да скаціны. Каь уберагчы карову ад малочнай ведзьмы, ад русалкі, ад паморку, прывязвалі ёй да рогаў Г. с., залівалі ў прасвідраваную ў розе дзірачку ртуць і заляплялі воскам ад Г. с.

    Каб Хлеўнік не мучыў свойскую жывёлу, гаспадар уночы з’яўляўся ў хлеў з незапаленай Г. с., і нячысцік, як і іншыя міфічныя істоты, быў не ў стане пераадолець асвечанай рэчы. Пашырана было выкарыстанне Г. с. у сямейнай абраднасці і ў розных побытавых сітуацыях. Пры цяжкіх родах Г. с. запальвалі перад абразамі.

    Калі збіраліся расчыняць хлеб з новай мукі, то абкурвалі агнём Г. с. квашню. Найчасцей ужывалася Г. с. на пахаваннях і памінках. Падчас канання хвораму давалі ў рукі запаленую Г. с., каб анёлы, убачыўшы яе, прыйшлі на дапамогу; каб агонь асвятляў паміраючаму дарогу ў іншы свет аж да моманту смерці. Калі чалавек, сканаўшы, утрымліваў Г. с. у руках, лічылася, што ён памёр праведнікам.

    Пасля смерці бралі Г. с. з рук нябожчыка, тушылі, праводзячы яе крыж – накрыж. Калі дым падымаўся ўгару – гэта значыла, што душа пакінула цела і ідзе да праведнікаў, а калі дым слаўся па хаце, то душа яшчэ на адыходзе ад цела і павінна будзе прайсці праз пакуты. У народзе лічылі, што пры цяжкім кананні чараўнікоў не дапамагае аблегчыць пакуты нават Г. с., і тым, хто пры жыцці прадаў душу нячыстай сіле, трэба даваць у рукі сук смалянога дрэва.

    Альбо пры паміранні чараўніка бралі тры Г. с., над якімі накрыж пералівалі ваду з адной пасудзіны ў другую. Г. с. запальвалася ў галавах нябожчыка, пакультой быў у хаце, на ўсіх памінках. Пры жалобе ў доме на працягу года прыпынялася ўжыванне Г.с. для падпальвання жывёлы, людзей. Апатрапеічная функцыя Г. с. праглядалася ў выпадках, калі яе ставілі на акно, паўз якре праходзіў прывід нябожчыкаў.

    Прызнанне агню як дзейснай ачышчальнай сілы прывяло да выкарыстання Г. с. у якасці магічнага сродку ад розных хваробаў. Пры заразных захворваннях абносілі вёску запаленай грамніцай і на кожным з 4 канцоў закопвалі ў яму крыху воску. Каб пазбавіцца каўтуна, трэба было перапальваць яго Г. с. валасок за валаском.

    Ад зубнога болю раілі кусаць Г. с. хворым зубам, які можа ад гэтага занямець, ці пускаць на яго праз лейку яе дым. Г. с. магла быць прадметам варожбаў на лёс і на будучае надвор’е: у каго першага яна патухне ў храме, той першы памрэ; у каго не патухне ці капне на руку – той, будзе шчаслівым; калі запаленыя грамніцы трашчаць у храме, улетку трэба чакаць грымотаў.

    У Г. с. выразна ўвасобіўся старажытны культ агню.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1042

    ЖЫВЫ АГЕНЬЧЫК ГРАМНІЧНАЙ СВЕЧКІ.

    Ён аберагае дом ад пажару, спрыяе сяўбе і жніву, ахоўвае маладых і парадзіх. На працягу года існавала некалькі святочных дзён, падчас якіх асвячаліся тыя ці іншыя атрыбуты. Напрыклад, хрышчэнская вада, вербныя галінкі, асвечаны на Спаса мак-відук. Кожны з гэтых свяшчэнных атрыбутаў выконваў ролю абярэга-ахоўніка на працягу цэлага года.

    Калі ж прыходзіў чарговы (наступны год) дзень асвячэння прадмета, каб надаць яму статус рытуальнага, то папярэдні атрыбут спальвалі або знішчалі. Такім чынам людзі ставіліся і да грамнічнай свечкі (грамніцы). Яна дапамагала, ахоўвала, перасцерагала сям’ю на працягу ўсяго года, а затым нявыкарыстаныя рэшткі пераплаўлялі і змешвалі з воскам для наступнай вырабляемай свечкі.

    У прамежку часу ад адных грамніц да другіх (дарэчы, сёлета, як мы ўжо паведамлялі, Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы) у сувязі з раннім пачаткам Вялікага посту пераносіцца з 15 лютага на 14, г. зн. на заўтра) свечка з’яўлялася надзейным магічным амулетам для перасцярогі ўсіх дамачадцаў, гаспадарчых пабудоў, жытнёвага поля.

    Яе даставалі з-за абразоў, дзе пастаянна захоўвалі, з рознай нагоды.

    • Трымаючы ў руках вербную галінку, грамніцу і чырвонае велікоднае яйка, гаспадыня тройчы абыходзіла карову перад першым выганам у поле. Як толькі збярэцца ўвесь статак, пастухі бралі гэтыя ж самыя атрыбуты і тройчы па сонцы абыходзілі кароў, каб яны не губляліся ў лесе і каб на іх не нападалі ваўкі.

    Адвячоркам гаспадыня сустракала скаціну з поля з тым жа наборам свяшчэнных рэчаў, гэтым самым замацоўваючы (або закальцоўваючы) распачатае раніцай свяшчэннадзейства.

    • Грамнічную свечку запальвалі тады, калі насыпалі насенны хлеб у мяшкі перад сяўбой і пры засыпанні ў засек першага вымалачанага хлеба, каб захаваць палетак ад граду.

    • Без грамнічнай свечкі ні адна гаспадыня не распачынала жніво.

    • Разгавенне на Каляды пасля шасцітыднёваага Піліпаўскага посту і на Вялікдзень пасля Вялікага сямітыднёвага посту распачыналася з запальвання (як бы своеасаблівага благаслаўлення) грамніцы. Прычым і сам характар гарэння свечкі і кірунак дыму пасля яе тушэння выступалі сімваламі-вешчунамі. Калі на першую калядную куццю свечка пастаянна патрэсквала, то гэта сведчыла аб тым, што летам трэба было чакаць частых грымот і навальніц.

    • Зразумела, што найбольш моцным абярэгам лічылі грамнічную свечку падчас летняй навальніцы. Як толькі гаспадыня пачуе грымоты — папярэджанне аб навальніцы, якая магла нарабіць шкоды, — яна тут жа даставала грамніцу, запальвала яе і ставіла на падаконнік з таго боку хаты, з якога ішла навала.

    Грамніцу выкарыстоўвалі і ў кантэксце абрадаў сямейна-родавай накіраванасці:

    • Яе запальвалі у час родаў і пры адпраўленні дзіцяці разам з хроснымі бацькамі да святога хрышчэння.

    • Яна была абавязковым спадарожнікам сватоў, калі яны ішлі сватаць дзяўчыну, калі дружына маладога прыязджала выкупляць маладую, калі вясельны поезд адпраўляўся ў храм да вянца.

    • Свечку давалі ў рукі таму чалавеку, які доўга і цяжка паміраў.

    Грамнічную свечку выкарыстоўвалі і ў па-за абрадавых сітуацыях:

    • Пры першым наведванні каровы, якая ацялілася або пры першым акоце авечак.

    • Невялічкія кавалачкі свечачнага сплаву ўтыкаліся ў хлеб і даваліся як выключны эфектыўны народны сродак пры лячэнні сурокаў у чалавека і жывёлы.

    • Сплавамі грамніцы падкурвалі малых дзяцей, калі яны палохаліся; калі некага пачынала калаціць ліхаманка або біць эпілепсія, то яго “ачышчалі” святлом і дымам свечкі і адначасова чыталі спецыяльныя замовы.

    • Абкурванне грамніцай выконвалі і тады, калі трэба было пачынаць прасці ніткі, калі закладвалі навой для ручніка або посцілак, калі заканчвалі плесці рыбацкую сетку, калі першы раз апраналі новую вопратку.

    • Калі перад наступнымі грамніцамі ад мінулагодняй свечкі заставаўся зусім маленькі агарак, яго пакідалі і надалей выкарыстоўвалі для розных мэт, як зноў-такі лекавы сродак і адзін з моцных амулетаў.

    Калі на працягу года свечка выкарыстоўвалася радзей і заставалася яшчэ вялікая частка, то яна дапальвалася ў святыя вечары на Каляды, а затым непасрэдна перад грамніцамі.

    У цяперашні час кола людзей, якія трымаюць пчол, звузілася, большасць насельніцтва пражывае ў гарадах, таму сакрэты прыгатавання свечак у дамашніх умовах ведаюць не ўсе. У такім выпадку іх купляюць на грамніцы ў храмах.

    Актыўныя змены, якія адбыліся ў вобразе жыцця нашых сучаснікаў, прыводзяць да таго, што ў пэўнай ступені змяняюцца і абставіны, у якіх выкарыстоўваюць і грамніцу.

    Зараз яе запальваюць у дні нараджэнняў кожнага з членаў сям’і, калі маладых адпраўляюць у ЗАГС, рожаніцу ў раддом і калі нованароджанага прывозяць дадому.

    Ёю благаслаўляюць хлопца, які ідзе служыць у войска. Старыя людзі раілі: “Грам-нічную свечку нельга пазычаць, як і агонь, нават у блізкія хаты сваякоў, родным асобам, што жывуць у іншай сям’і”.

    Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=43726

    ЖЫЦЦЯДАЙНАЕ ПОЛЫМЯ СВЕЧКІ-”ГРАМНІЦЫ”

    14.02.2009 Яно здольна засцерагчы дом ад пажару і няшчасця Заўтра праваслаўныя адзначаць адно з вялікіх святаў — Стрэчанне Гасподняе. У народзе яго яшчэ называюць Грамніцы, а сімвалам гэтага свята і ў хрысціянскай, і ў народнай культуры выступае свечка, асвечаная ў храме ў гэты дзень.

    Звычайна свечкі-”грамніцы” людзі рыхтавалі загадзя. Тыя, хто трымаў пчол, выплаўлялі самыя вялікія свечкі, у каго пчол не было — куплялі жоўты воск у краме або ў знаёмых пчаляроў. Беларускі этнограф М.Я.Нікіфароўскі адзначаў, што грамнічныя свечкі былі “такога памеру, які дазваляў бы схаваць яе на грудзях пад верхняй вопраткай або ў рукаве і такім чынам утаіць ад чужых прысутнасць свечкі”.

    Ён жа адзначаў, што свечка, памеры якой карацей за пяць вяршкоў (22 см) і таўшчынёй менш за мезены палец, не лічылася “грамніцай” і не магла надзейна засцерагчы яе ўладальнікаў. Найбольш тыповыя памеры былі наступныя: даўжыня прыкладна 10 вяршкоў (44 см), а таўшчыня — тры чвэрці вяршка (каля 3,5 см).

    Такія памеры былі абумоўлены практыкай гаспадарчай дзейнасці і той колькасцю абрадавых сітуацый, у якіх грамнічная свечка выступала ключавым атрыбутам. Далей этнограф заўважае: “Яны захоўваліся ў розных месцах: у сенцах, у клеці, у свірне як простыя прадметы штодзённага ўжытку.

    У гэтым выпадку дазвалялася выкарыстоўваць падрыхтаваную свечку пры гасцявых, напрыклад, патрэбах, пры вячэрніх работах, але такая свечка ўжо не выкарыстоўвалася потым на грамнічныя патрэбы, а спальвалася пры будзённым ужыванні або, пераплаўленая, ішла на падрыхтаванне новай свечкі, дарылася беднаму, адносілася ў царкву, у капліцу”.

    Сёння хіба толькі пчаляры здольны зрабіць сапраўдную свечку-”грамніцу” адпаведных памераў. Часцей за ўсё свечкі купляюць у храмах, аднак у сувязі з тым, што яны значна меншых памераў, іх раяць браць тры і перавязваць “васьмёркай” пасмачкай вычасанага лёну.

    * Пасля вяртання дадому гаспадар неадкладна даставаў свечку, жонка запальвала яе і адбываўся незвычайны, але абавязковы абрад агністага крыжавання. Спачатку бацька абпальваў крыжападобна валасы на сваёй галаве, потым жонцы і ўсім астатнім членам сям’і па ўзросту. Па чарзе, пачынаючы ад старэйшых, да яго падыходзілі ўсе члены сям’і і судакраналіся з полымем, тым самым як бы далучаючыся да жыццядайнага нябеснага агню, які знішчае ў чалавеку ўсю брыдоту.

    * Пасля “вогненнага асвячэння” ўсіх дамачадцаў бацька ў суправаджэнні дзяцей абходзіў усе куты хаты, зноў жа крыжападобна выпальваючы нячыстую сілу. Знакам такога “выпальвання” заставаліся чорныя крыжы на бэльках або дзвярах.

    * Затым ён выходзіў у двор і выконваў той жа абрад ва ўсіх гаспадарчых пабудовах, за выключэннем лазні.

    * Акрамя гэтага, у некаторых рэгіёнах існавала наступнае рытуальнае дзеянне: у хлеў неслі грамнічную свечку і разломвалі-разразалі яе на столькі частак, колькі жывёл там было. Такое дзеянне надзейна захоўвала хатнюю скаціну ад сурокаў.

    * Дбайныя гаспадыні стараліся ў такое вялікае свята выканаць асобныя дзеянні, скіраваныя на паляпшэнне дабрабыту і перасцярогу дамачадцаў:

    * Курам давалі больш аўса, каб яны лепш несліся, а яйкі былі больш смачныя. Прыказка сведчыла: “Кармі курэй аўсом — вясной і летам будзеш з яйцом”.

    * Вярнуўшыся дадому пасля вячэрняга набажэнства, гаспадар трос садовыя дрэвы, каб яны далі багаты ўраджай пладоў.

    * Традыцыя забараняла ў гэты дзень адпраўляцца ў далёкую дарогу. Напрошваецца прамая аналогія з Калядамі, калі ў першы вечар пажадана было ўсім сядзець за сямейным сталом. Праз кароткі прамежак часу пачнецца Вялікі пост, таму лічылася абавязковым сем разоў паесці ў гэты дзень.

    * Старыя людзі раілі: “Грамнічную свечку нельга пазычаць, як і агонь, нават у блізкія дамы сваякоў, родным, што жывуць у іншай сям’і”.

    * На Грамніцы ў храмах асвячалі не толькі свечкі, але і ваду. Па ступені значнасці грамнічная вада лічылася на адным узроўні з той, якую бралі на Вадохрышча. Ваду даволі часта выкарыстоўвалі адначасова са свечкай. Калі хлопец ішоў служыць у войска, то маці з бацькам акраплялі яго пры выхадзе з хаты свянцонай вадой і ў голас гаварылі наступныя словы: “Божухна захавай цябе”. Грамнічную свечку выкарыстоўвалі на працягу ўсяго года.

    * Яе палілі падчас разгавення ў калядны вечар.

    * На Юр’я (6 мая), першы раз выганяючы карову на пашу, каб максімальна перасцерагчы галоўную карміцельку сям’і ад розных пашкоджанняў, гаспадыня брала ў рукі грамнічную свечку, вербную галінку і чырвонае яйка і тройчы па Сонцы абходзіла вакол каровы. Адвячоркам сустракала скаціну з поля з тым жа наборам свяшчэнных рэчаў.

    * Найбольш моцным абярэгам грамнічную свечку лічылі ў час летняй навальніцы. Тое, што нарадзілася ад нябеснага агню, тое, што асвечана царкоўным абрадам, станавілася своеасаблівым гарантам перасцярогі. Свечка-”грамніца”, як дачка бога-грамаўніка, павінна была адвесці гнеў бацькі і заступіцца за чалавека ўжо хаця б таму, што ў гэтай хаце прысутнічала яго сімвалічная частка. Улетку пры набліжэнні навальніцы гаспадыня запальвала грамніцу і ставіла на падаконнік.

    * На Купалле, каб не прапала малако ў каровы, гаспадыня вешала над дзвярамі серп і крапіву-жыгучку, а да вушака мацавала свечку-”грамніцу” кнотам уніз. Грамнічная свечка суправаджала абрады засявання і зажынак. Яе запальвалі тады, калі насыпалі насенне ў мяхі перад сяўбой і перад тым, як засыпаць першы вымалачаны хлеб у засек. Без грамнічнай свечкі не распачыналі зажынкі. Усё гэта рабілася для таго, каб захаваць палетак ад граду.

    * Свечку-абярэг шырока выкарыстоўвалі і падчас выканання сямейна-родавых абрадаў.

    * Адпраўляючы разам з хроснымі бацькамі дзіця да храма, родныя бацькі давалі ім асноўны хатні абярэг. Захавайце тую свечку-”грамніцу”, з якой вы хрысцілі дзіця, і запаліце яе тады, калі будзеце адпраўляць маладых да вянца. Гэту эстафету далей падхопяць вянчальныя свечкі! Дарэчы, мы ў дадзеным выпадку не прапаноўваем нічога новага, проста дапаўняем адным штрыхом тое, што рабілі нашы мудрыя продкі.

    * Запальвалі “грамніцу” і ў той момант, калі збіраліся адымаць дзіця ад грудзей.

    * Свечку-”грамніцу” давалі ў рукі цяжка паміраючаму чалавеку, а потым ставілі яе каля галавы памерлага. Яна павінна была дапамагаць душы нябожчыка пакінуць хату так, каб не “пакрыўдзілася” ды не “выгледзела” сабе яшчэ каго-небудзь са сваякоў. Аднак трэба памятаць: калі ў іншых выпадках свечкай-”грамніцай” карысталіся на працягу года ў самых розных сітуацыях, то ў выпадку смерці чалавека яна павінна была згарэць уся ў гэты ж дзень.

    * “Грамніцу” бралі з сабой, калі ішлі сватаць дзяўчыну, калі дружына маладога ехала выкупляць нявесту, калі вясельны поезд адпраўляўся да вянца, калі вяселле пераязджала ў дом жаніха. Грамнічная свечка, загорнутая ў кавалак даматканага палатна, ляжала на стале перад маладымі побач з хлебам-соллю, якімі бацькі сустракалі пару пасля вянчання.

    * Някепска будзе запаліць асвечаную “грамніцу” і ў дні нараджэнняў кожнага з членаў сям’і, калі маладых адпраўляюць у загс, а парадзіху ў раддом, калі нованароджанага прывозяць дадому і панясуць у царкву хрысціць і г.д.

    * Калі ж на працягу года свечка выкарыстоўвалася радзей і заставалася яшчэ вялікая яе частка, то яна дапальвалася ў святыя вечары на Каляды або непасрэдна перад Грамніцамі.

    Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=29480




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz