ДЗЕДАВІЦА

«ДЗЕНЬ, ЗАМАЦАВАНЫ ЗА ЖАНЧЫНАЙ, ЛIЧЫЎСЯ НЕСПРЫЯЛЬНЫМ»
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    «ДЗЕНЬ, ЗАМАЦАВАНЫ ЗА ЖАНЧЫНАЙ, ЛIЧЫЎСЯ НЕСПРЫЯЛЬНЫМ»

    АНАСТАСІЯ ЗЕЛЯНКОВА

    Здаўна нашы продкі, перш чым распачаць якую-небудзь справу, глядзелі, на які дзень тыдня яна прыпадае. Ад гэтага залежаў поспех задуманага. Таму раім і вам, перш чым нешта рабіць, прыслухацца да народнай мудрасці.

    ПАНЯДЗЕЛАК

    Першы дзень тыдня лічыцца цяжкім і нешчаслівым. Адны бачаць прычыну ў тым, што панядзелак — дзень пахмелля пасля нядзельнага святкавання. Іншыя спасылаюцца на тое, што пасля дня адпачынку не адразу хочацца брацца за работу. Тым не менш у панядзелак лепш не пачынаць ніякіх важных спраў.

    Тым, хто нарадзіўся ў гэты дзень, як правіла, не па сілах вялікія здзяйсненні. Спрыяльны дзень: для пасадкі фасолі, агуркоў і гарбузоў; вечарам добра квасіць капусту; ноч выдатна падыходзіць для зачацця хлопчыкаў.

    Нельга: садзіць курыцу на яйкі, бо могуць вывесціся адны пеўні; пачынаць лячэнне цяжкіх захворванняў або класціся ў бальніцу — будзеш доўга хварэць; стрыгчы пазногці, бо не будзе грошай; выбірацца ў дарогу; сеяць лён і саджаць капусту.

    АЎТОРАК

    Лічыўся адным з найбольш спрыяльных дзён для пачатку важных гаспадарчых і сямейных спраў. Чалавек, які нарадзіўся ў гэты дзень, пражыве доўгае і шчаслівае жыццё. Сон, што прысніўся ноччу ў аўторак, можа збыцца толькі праз 7-10 гадоў.

    Спрыяльны дзень: для далёкай дарогі — паездка будзе выніковай; квашання капусты; сяўбы яравых; будаўніцтва новай хаты; у гэты дзень добра садзіць курыцу на яйкі; хадзіць у сваты — ніколі не атрымаеш “ад варот паварот”; адымаць дзіця ад грудзі — не будзе прасіць суслу.

    Нельга: пазычаць грошай, бо ўсё жыццё іх будзе не ставаць; саджаць бульбу — чэрві паточаць.

    СЕРАДА

    Лічыцца посным днём. Сон, які прысніўся ў сераду, мае прарочае, прадказальнае значэнне. Знахары раяць у гэты дзень здымаць цяжкія нагаворы, закляцці, лячыць родавую гарачку. Той, хто нарадзіўся ў сераду, здольны да любой справы. Спрыяльны дзень: для закладкі хаты або печы; збору лекавых траў. Нельга: пачынаць сяўбу; ісці ў сваты; збірацца ў далёкую дарогу; бяліць печ; прасці; купаць дзяцей.

    ЧАЦВЕР

    Як правіла, у гэты дзень хадзілі запрашаць гасцей на вяселле, спраўлялі зажынкі. У Чысты чацвер трэба было пакупацца ў крынічнай вадзе на ўзыходзе сонца, у больш позні час гэты абрад замянілі звычайным мыццём у лазні.

    У чацвер лепш за ўсё выконваць любоўныя нагаворы (прысушкі). Дзіця, якое нарадзілася ў гэты дзень, будзе прыгожым і спакойным. Спрыяльны дзень: для пачатку жніва; пабудовы хаты; засолкі або квашання прадуктаў; добра сеяць капусту на расаду або высаджваць на грады; раілася толькі ў гэты дзень стрыгчы пазногці, каб быць багатым на працягу года. Нельга: садзіць гародніну (дзень лічыўся “чарвівым”); саліць сала.

    ПЯТНІЦА

    Лічыцца посным днём. Пятніца — жаночы дзень у лазні. Вясною ў гэты дзень імкнуліся першы раз выгнаць карову ў поле. Калі Каляды прыпадаюць на пятніцу, то на працягу года будзе паміраць больш жанчын.

    У пятніцу, напярэдадні бацькоўскай суботы (Дзядоў), адзначаліся Бабы — дзень памінання памерлых продкаў па жаночай лініі. У гэты дзень тыдня нараджаюцца творчыя таленавітыя людзі. Спрыяльны дзень: для пасадкі і праполкі цыбулі; сяўбы і зажынак пшаніцы; для таго каб стрыгчы валасы (асабліва ў першую пятніцу на маладзік).

    Нельга: вывозіць гной — можа перастаць весціся жывёла; стрыгчы пазногці, каб іх не “зганяла”; заплятаць у касу валасы, бо будзе доўга балець галава; купаць дзяцей, каб на іх не напаў “сушэц”; шыць — інакш ягняты будуць адбівацца ад статку; прасці.

    СУБОТА

    Лічылася лёгкім днём, бо наперадзе быў дзень адпачынку. У суботу заўсёды прыбіралі ў хаце. У лазні гэта быў мужчынскі дзень. У народнай медыцыне субота лічыцца адзіным днём, калі можна лячыць п’яніцу. Шлюб напярэдадні памінальнай суботы будзе нешчаслівым. Чалавек, які нарадзіўся ў суботу, меланхалічны, але троху нервовы.

    Спрыяльны дзень: для ад’езду ў далёкую дарогу. Нельга: пачынаць адказную справу, асабліва вечарам, — нічога добрага з гэтага не атрымаецца; дзяўчатам забараняецца снаваць пражу, бо замуж доўга не выйдуць; пасля захаду сонца цяжарным і жанчынам з груднымі дзецьмі грэх было што-небудзь рабіць, каб не наклікаць на дзіця калецтвы.

    НЯДЗЕЛЯ

    Лічылася днём адпачынку, днём “не для дзела”. Пажадана, каб маці з дзіцем упершыню выйшлі з хаты ў гэты дзень. Беларускае звычаёвае права патрабавала: “У сераду не смейся, у нядзелю не плач”. Чалавек, які нарадзіўся ў нядзелю, будзе шчаслівы, ён валодае незвычайнымі здольнасцямі, яго нельга сурочыць і навесці шкоду.

    Спрыяльны дзень для мужчынскіх спраў: засеўкаў, збору на сенакос, закладкі падвалін новай хаты, выгану першы раз жывёлы ў поле. Нельга: хадзіць на паляванне; выносіць смецце і попел з печы, выпякаць хлеб; выконваць жаночыя справы: шыць, вязаць, прасці, ткаць, купаць дзяцей і мыць бялізну, каб не хварэла хатняя і свойская жывёла.

    “АДБЫЛАСЯ БЛЫТАНІНА Ў НАЗВАХ ДЗЁН”

    Аказваецца, у нашага народа ў вызначэнні часу існавалі даволі складаныя камбінацыі. Зараз мы арыентуемся на сямідзённы тыдзень. Але так было не заўсёды. Колькі дзён налічваў працоўны тыдзень старажытнага беларуса і як вызначыць, наколькі шчаслівым будзе той ці іншы дзень, мы папрасілі расказаць этнографа і фалькларыста дацэнта Івана Крука.

    — У славянскай традыцыі ў аснове ўсяго ляжаў універсальны рытм, які падзяляў час на 3, 9, 40 дзён, год. Гэта тое, што большасць нашых сучаснікаў ведаюць як пахавальна-памінальную структуру. Але такі адлік быў універсальны. Многія навукоўцы лічаць, што ў нас быў 9-дзённы тыдзень. Тыдняў у годзе было 40, месяцаў — 9. Але з прыходам хрысціянства адбыліся некаторыя змены.

    — З чым звязаны адносіны народа да пэўных дзён? Чаму, скажам, панядзелак заўсёды лічыцца цяжкім?

    — Раней самым галоўным днём быў чацвер. Толькі з прыходам хрысціянства такім днём стала нядзеля. Акрамя таго, адбылася блытаніна ў назвах дзён і сімволіцы лікаў. Напрыклад, першы дзень тыдня — панядзелак — лічыцца нешчаслівым. Але калі паглядзець на сімволіку лікаў, то паняцце “першы” мае самы моцны статус: першы крок, першы пастрыг, першае купанне дзіця. І разам з тым першы дзень тыдня аказаўся неспрыяльным.

    Таму большасць навукоўцаў зыходзіцца на думцы, што першым днём тыдня быў не панядзелак, а нядзеля. Узяць хаця б назву трэцяга дня — серады. Відавочна, што яна не адпавядае сярэдзіне тыдня. Але калі лічыць ад нядзелі, то тады ўсё атрымліваецца. Таму панядзелак — гэта ўсяго толькі “першы пасля нядзелі”, а значыць, другі.

    А паняцце “другога” заўсёды лічыцца нешчаслівым.

    — Адкуль такое негатыўнае стаўленне?

    — За гэтым стаіць вялікая культуралагічная спадчына: першы акт тварэння, калі Бог стварыў Адама, быў спрыяльным. Але аказалася, што адзін Адам не можа працягваць род, не ў стане вырашаць астатнія праблемы.

    Тады быў другі акт тварэння — жанчына. Толькі выйшла, што яна зрабіла тыя праблемы яшчэ большымі, спакусіўшы пакаштаваць забаронены яблык. Вось і атрымалася, што ўсё, што звязана з імем жанчыны, было пазначана знакам мінус.

    Так і дзень, які быў замацаваны за мужчынам, лічыўся спрыяльным, за жанчынай — неспрыяльным. Панядзелак, аўторак і чацвер — гэта мужчынскія дні, серада, пятніца, субота — жаночыя. Нядзеля стаіць па-за межамі такога вызначэння. У гэты дзень нельга рабіць ніякіх спраў, трэба адпачываць і весяліцца.

    — Выходзіць, што жаночыя дні заўсёды нешчаслівыя?

    — Так. Аўторак і чацвер як мужчынскія дні лічацца найбольш спрыяльнымі і ў народа звязваюцца з распачынаннем самых перспектыўных спраў. Серада і пятніца — самыя нешчаслівыя. Калі звязаць гэта з хрысціянскай традыцыяй, то атрымліваецца, што Іуда здрадзіў у сераду, а ў пятніцу Іісуса раскрыжавалі. Потым гэтыя дні сталі лічыцца поснымі.

    — А як вызначыць, якія справы лепш рабіць у той ці іншы дзень?

    — У сялянскім жыцці заняткі таксама падзелены на мужчынскія і жаночыя. Напрыклад, касьба і сяўба заўсёды была за мужчынам, таму і распачыналі іх у мужчынскія дні — аўторак або чацвер.

    У некаторых выпадках маглі першую баразну праводзіць у святы дзень — нядзелю. Так і жаночыя справы: ткаць, шыць лепш у сераду. Тое ж тычылася і сельскагаспадарчай дзейнасці.

    Гародніна таксама падзяляецца на жаночую і мужчынскую — у залежнасці ад свайго рода. Моркву, капусту, цыбулю трэба садзіць у жаночыя дні, агуркі, кабачкі — у мужчынскія. У народзе падзел на мужчынскі і жаночы пачатак прысутнічае ва ўсім.

    Нават у месяца ёсць фаза маладзік — мужчынскі пачатак і поўня — жаночы пачатак. Гэта неабходна ўлічваць, распачынаючы пэўную справу: пад маладзік трэба садзіць адны культуры, а пад поўню — другія.

    Калі гаварыць пра планаванне будучага полу дзіцяці, то ноч паміж двума мужчынскімі днямі — панядзелкам і аўторкам — лепш падыходзіць для зачацця хлопчыкаў, а паміж пятніцай і суботай — дзяўчынак.

    Крыніца: http://www.gazetaby.com/cont/print.php?sn_nid=30719




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz