ЗЯМЛЯ
У народных уяўленнях – адна з асноўных касмічных чтыхій (побач з вадой, паветрам і агнём), першаэлемент, з якога ствараўся Сусвет. У касмаганічных паданнях падкрэсліваецца, што першай Бог стварыў менавіта З. З. асэнсоўвалася як усеагульная крыніца жыцця, маці ўсяго жывога, у тым ліку і чалавека (лічылася, што Бог стварыў чалавека з З.). Уяўленні аб З. цесна звязаныя з паняццем рода, радзімы, краіны. Па народных перакананнях, З. “круглая як чалка” (або шпакова яйка”) і стаіць на вадзе; усярэдзіне З. увесь час гарыць агонь і пад З. жывуць іншыя людзі – “малыя, нядужыя, бо няма сонца”, але калі будзе канец свету, то З. як бы перавернецца і гэтыя людзі апынуцца на паверхні З., тады як цяперашнія яе насельнікі пойдуць пад З. У адпаведнасці з міфалагічнымі ўяўленнямі З. лічылі жывой істотай, якая несла ў сабе жаночы пачатак. Яна апладнялася жыватворным дажджом – увасабленнем мужчынскага пачатку – і давала новы ўраджай, таму ў песенных і празаічных творах яе называюць “маці – сырая З.” З. як “карміцелька” лічылася святой, што тлумачыць паважнае, асцярожнае да яе стаўленне (няможна З. біць, знявераць ці пашкудзіць, бо З. святая”). Аб гэтым сведчаць шматлікія забароны і рэгламентацыі паводзінаў людзей у дачыненні да З.: яе нельга біць калом, розгай, бізуном, калупаць нагой. Адначасова існавала забарона чапаць З. у перыяд яе зімовага сну – ад Пакроваў і да Радаўніцы (“можа быць смерць у сваёй сям’і або неўраджай”). Самай моцнай клятвай (ад якой нельга адракнуцца ні пры якіх абставінах), лічылася тая, калі чалавек спачатку цалаваў, а затым з’ядаў жменьку З. Родная З. , узятая чалавекам з сабой на чужыну, адыгравала ролю абярэга, пасля ягонай смерці яе клалі ў магілу. Каб хлопец адслужыў у войску і вярнуўся дадому жывым і здаровым, у час яго провадаў у войска выконвалася наступнае рытуальнае дзеянне: правай босай нагой хлопец пакідаў на З. каля парога выразны адбітак, маці збірала З. са следам у чыстую хусціну, завязвала на два вузлы і несла ў хату, каб захоўваць у чырвоным куце ўвесь тэрмін вайсковай службы. Архетып З. цесна звязаны з культам продкаў. З аднаго боку, продкі лічыліся валадарамі З., а з другога, яна была іх вечнай калыскай: “З. святая, яна наша маці, яна нас жывых корміць, а па смерці да сябе прыхіляе”. Двухполюснасць стасункаў чалавека з З. выразна адлюстраваная ў пахавальнай абраднасці і каляндарных святах, звязаных з ушанаваннем продкаў. Перад пахаваннем нябожчыка абавязкова абмывалі і пераапраналі ва ўсё чыстае, новае. Смерць і пахаванне разглядаліся як вяртанне ў матчына ўлонне. Але З. як чыстая стыхія магла не прымаць “закладных”, “нячыстых” нябожчыкаў (самагубцаў, чараўнікоў), гэтаксама як і забітага перуном чорта, змея і іншых міфалагічных персанажаў. Як усё жывое, З. нараджалася вясной, а памірала ўвосень. Паводле ўяўленняў беларусаў, З. “замыкаецца”, засынае на зіму і “адмыкаецца”, прачынаецца ўвесну. Гэтая акалічнасць выклікала да жыцця шэраг абрадавых дзеянняў, скіраваных на павелічэнне спору З., адначасова яны жорстка рэгламентавалі паводзіны чалавека ў дачыненнях да яе. З мэтай хутчэйшага абуджэння З. выкарыстоўвалі розныя магічныя прыёмы. На Масленку рабілі лёдавыя горкі – сімвалам цяжарнасці З., на Саракі дзяўчаты разрывалі 40 (гл. Сорак) вяровачак, што сімвалізавала разрыў З. зімовых путаў, на Вялікдзень з горак качалі яйкі, каб абудзіць яе і паспрыяць урадлівасці, а таксама ахвяравалі ёй рэшткі святочнай ежы. У час дажынак на ніве пакідалі “вялесаву бараду” (гл. Барада), каб захаваць спор на будучы год. З. з’яўляецца крытэрыем чалавечай маральнасці наагул. Так, за грахі чалавека З. можа праваліцца або праглынуць горад. Вёску ці манастыр. У народным арнаменце З. інтэрпрэтавана ў выглядзе характэрных матываў, сустракаецца з першабытных часоў у аздабленні вырабаў побытавага, абрадавага, мастацкага прызначэння. У разьбе, ткацтве, вышыўцы асэнсаванне З. набыло ўвасабленне ў выглядзе ромба, квадрата, прастакутніка, падзеленага на меншыя ромбікі ці квадрацікі, звычайна з кропкай у цэнтры кожнага (зярнятка ў З.). Асэнсаванне З. як касмаганічнага цела ўвасаблялася ў вяглядзе ромба з адросткамі ўсярэдзіну і звычайна суправаджалася матывам Сонца – ромба з промнямі-адросткамі. Змешчаныя адзін у адзін, гэтыя матывы абазначалі адзінства, яднанне Сонца і З., наступленне вясны; яны ўтвараюць адзін з найбольш папулярных, пашыраных і ўлюбёных элементаў тканага і вышыванага арнаменту, якім аздаблялі адзенне, пасцель, ручнікі, абрусы ды інш. Гэты матыў, які ўжо ў XX ст. страціў сваё сімвалічнае значэнне, у аздабленні вырабаў дэкаратыўна- мастацкага прызначэння карыстаецца папулярнасці і сёння.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2042
ЗЯМЛЯ
Зямля стаіць пасярод Сусвету, а Сонейка і Месяц ходзяць кругом ды свецяць, як ім Бог загадаў. Зямля стаіць на вадзе, а вада на Зямлі. Зямля ёсць не што іншае, як скура, якая пакрывае вялізны слой вады. Край Зямлі там, дзе яна сыходзіцца з Небам, але ніхто туды не даходзіў, бо там вельмі горача. Горы і даліны на Зямлі парабіла вада, як збягала ў мора пасля патопу. Панасыпалі горкі і волаты, якія калісь жылі на зямлі. Частка гор на Беларусі Лысыя — гэта тыя, што з'яўляюцца месцам зборышча Нядобрых Духаў. Ад судакранання з імі яны і аблыселі. Рэкі вада парабіла ў час патопу: як пачала сыходзіць то размыла зямлю. Так і з'явіліся рэкі. Там, дзе вада ў ямах, затрымалася, утварыліся азёры. Каменне, якога шмат раскідана па Беларусі, гэта не што іншае, як зачараваная зямля, людзі, жывёлы, пні, спечаныя хлябы. Што гэта так, відаць з таго, што многія камяні захоўваюць формы нейкіх рэчаў, а таксама з таго, што любы камень, перапалены ў лазні ці восенню на каменцы, у печы або на вогнішчы, спачатку ператвараецца ў жарству, а потым, паступова драбнеючы, яднаецца з зямлёй. Камяні даўней раслі хутка, як усялякая расліна. Але яны глушылі ўсё на зямлі. Таму Бог дазволіў ім падрастаць у сто гадоў толькі на таўшчыню пальца. Вось таму мы не прыкмячаем зараз, як камяні растуць. Не увесь свет, што ў акне, ёсць яшчэ за акном. Беларус жыве на сваей Зямлі. Усё, што па-за межамі яго Зямлі, — Чужы Свет: невядомы, варожы. Чужы Свет знаходзіцца за лясамі, гарамі, марамі, адгароджаны вогненнай ракой. Каб дайсці да яго, трэба пераадолець усе гэтыя перашкоды, на што здольныя толькі героі, ды і то пры падтрымцы Багоў ці іх памагатых — свяшчэнных жывёл. Ідучы ў вялікі Свет, дзе шмат усялякіх людзей — добрых і ліхіх, трэба сарочку надзець на сябе навыварат, то не прыстануць ніякія ўрокі. Пад гарамі на Беларусі разумеюць вялікія ўзгоркі. Гэта значыць тыя, вяршыні якіх пазбаўлены расліннасці. Падарожжы ў чужыя краі — цяжкая і небяспечная справа. Пераадолеўшы лясы, балоты і горы, чалавек дабіраецца да мора.
Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/56.htm |