БЕЛЫ ВЯНОК, БЕЛЫ ФАРТУШОК...
На Радаўніцу на надмагільныя крыжы (знак роўнасці перад Богам) павязвалі адпаведныя знакі-сімвалы: на магіле дзяўчыны – белы вянок; на магіле жанчыны – белы фартушок. Атрыбутыўнай дыферэнцыяцыі «хлопчык–юнак–мужчына» хутчэй за ўсё не было: хлопец нарадзіўся ў гэтай хаце, ажаніўся тут жа, прозвішча не змяніў, таму і не мяняўся знак-маркёр.
Недакладнае (ці няўважлівае) прачытанне рытуальных сітуацый, якія характарызуюцьспрадвечную традыцыю, прыводзіць да адвольнага ўжывання ключавых атрыбутаў у жыцці нашых сучаснікаў. Міжпакаленная перарванасць традыцыі правакуе непаразуменні, у аснове якіх ляжыць вядомы прынцып «чулі звон, ды не ведаюць, адкуль ён».
Што ж мы робім, калі дзяўчынак – удзельніц фальклорна-этнаграфічных гурткоў– апранаем у рытуальныя традыцыйныя строі, абавязковым элементам якіх з'яўляюцца фартушкі (у народзе іх часта называюць «шырма»)? Гэтымі самымі «шырмамі» пасля вяселля адгароджвалі частку хаты, дзе спалі маладыя.
І, наадварот, ганарышся і радуешся за культуру сваіх продкаў і веданне традыцыйтутэйшымі жыхарамі, калі бачыш, як на крыжах, якія стаяць пасярэдзіне або на ўскрайку вёскі і выконваюць ахоўна-засцерагальную функцыю, павязаны адначасова і ручнік, і вянок, і фартушок, прызначаныя перасцерагчы ўсіх жыхароў вёскі: малых і старых, дзяўчат і хлопцаў.
На Беларусі існавала цудоўная традыцыя першага рытуальнага купання дзіцяці. Бабуля асцярожна купала немаўля, кладучы ў драўляныя ночвы неабходныя атрыбуты (якія павінны былі паўплываць на лёс чалавека), спавівала ў белыя пялёнкі і перавязвала поясам чырвонага колеру.
Падкрэсліваем, адным і тым жа – чырвоным поясам – перавязвалі і хлопчыка, і дзяўчынку. Сучасныя матулі і бабулі «запазычылі» чужую традыцыю і перавязваюць нованароджаных дзяўчынак ружовымі, а хлопчыкаў блакітнымі стужкамі. Нават няёмка тлумачыць, якую сэнсавую нагрузку нясуць ружовыя і блакітныя паўтоны ў культуры шматлікіх краін свету.
Амбівалентнасць белага колеру (г.зн. адначасовая яго скіраванасць у мінулае і ў будучыню), які агортвае з двух бакоў чырвоную паласу жыцця (сапраўднага), дае магчымасць зразумець тоеснасць, здавалася б, разнаполюсных устойлівых словазлучэнняў: «нарадзіўся на белы свет» і «пайшоў на той свет».
Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/e269ae317197cdf9.html
|