ВОЗЕРА БЯЗДОННАЕ, КАМЕНЬ-БАЦЬКА І КАМЕНЬ-СЫН
Возера Бяздоннае знаходзіцца на поўдні вёскі Клепачы Слонімскага раёна. Жыхары гэтай вёскі пра возера расказваюць такую легенду. Даўным даўно на месцы сучаснага возера была вёска з дзвюмя вуліцамі, якія перасякаліся. Аднойчы ў гэту вёску прыйшла бедная жанчына.
Яна хадзіла па хатах і прасіла міласціны. Але людзі яе не вельмі ветліва сустракалі – зневажалі, некаторыя адмаўляліся даць кавалачак хлеба ці бульбінку, сякое-такое адзенне. Жанчына добра разумела, што жыхары гэтай вёскі і самі жылі не вельмі багата. Тым не менш ёй было да болю крыўдна, што яе так зневажалі.
Жанчына ішла і моцна плакала. Але раптам з крайняй хаты выйшаў мужчына і паклікаў незнаёмку ў хату, накарміў яе і даў яшчэ хлеба на дарогу. Здзіўленая жанчына была вельмі ўдзячна за такую дабрыню, шчырасць і міласэрнасць. Яна запытала гаспадара: “Хто яшчэ жыве з вамі ў гэтай добрай хаце?”.
Мужчына адказаў, што жонка яго памерла ўжо даўно, а ён жыве з сынам-падлеткам. Тады жанчына папярэдзіла: “Бярыце свайго сына і як мага хутчэй уцякайце з гэтай вёскі, бо ваша вёска хутка праваліцца ў бездань і загінуць усе людзі разам з усёй маёмасцю. Ідзіце з сынам на гару, якая бачна з вёскі на поўнач гледзячы, але не аглядайцеся на сваю хату”.
Мужчына з сынам паслухалі жанчыну і хуценька выйшлі з вёскі на гару, але не вытрымалі і азірнуліся. Вёскі ўжо не было. Замест яе ўтварылася возера, а дзе былі дарогі – там засталася гладзь вады. А бацька з сынам ператварыліся ў два камені-валуны, меншы – камень-сын, большы – камень-бацька. І цяпер гэтыя валуны ляжаць на ўскрайку вёскі Клепачы Слонімскага раёна.
Людзі іх і сёння называюць бацькам і сынам. А возера сталі называць Бяздонным, бо вёска праваліся ў бездань. І да сённяшніх дзён ніхто ў ім не можа вымераць глыбіню і дастаць да дна. .
Крыніца: http://www.arche.by/by/page/works/15219