КАБ СТАЦЬ ДОБРЫМ ПАЛЯЎНІЧЫМ
Паляванне — адзін з промыслаў селяніна, у выніку якога на стале з’яўлялася мяса драпежных птушак і звяроў, пер’ем поўніліся падушкі і пярыны, са скуры шылася адзенне. Не кожны чалавек мог стаць паляўнічым, таму што для гэтага патрабавалася вытрымка, фізічная моц і пільнае вока. Акрамя гэтага, паляўнічыя з вопытам ведалі шмат пэўных рытуальных дзеянняў, якія, на іх думку, спрыялі іх поспеху.
* Каб стаць добрым паляўнічым, раілі ўзяць ваду з трох калодзежаў, частку яе выліць з левага боку ад сябе, астатняй памыць стрэльбу і сказаць: “Гром б’е, бліскавіца паліць, святы Пётр свінец правіць!”
* Адзін раз на год — у Іванаў дзень (7 ліпеня) — неабходна было сабраць траву адамава галава. Яе сушылі і захоўвалі ў патаемным месцы да будучага Вялікадня. У Вялікі Чацвер (чацвер на Страсным тыдні) гэтай травой абкурвалі стрэльбу і іншыя прылады для палявання.
* Існавала павер’е, калі на Вялікдзень у момант, калі ў царкве заспяваюць у першы раз “Хрыстос уваскрос”, паляўнічы стрэліць са сваёй стрэльбы, на працягу ўсяго года ў яго не будзе няўдалаага палявання і небяспечных сітуацый у час яго.
* Калі пасля стрэлаў жывёла ці птушка яшчэ некаторы час заставалася жывой, казалі, што “стрэльба жывіць”. Каб зброя забівала звяроў адразу, яе абмывалі вадой, якой мылі памерлага; церлі воцатам; абпырсквалі крывёй забітага крумкача; рабілі рулю з дрэва, у якое трапіла маланка; рабілі некалькі стрэлаў у асіну.
* Лічылася, што стрэльбу, як і чалавека, можна “зачараваць”, і ў такім выпадку нават самы дакладны паляўнічы не здолее трапіць у цэль. Калі такое здаралася, стрэльбу пакідалі на ноч у парозе, каб раніцай праз яе першай пераступіла жанчына.
Таксама чыталі замовы: “Адгаварываюцца ўрокі, радасныя і завісныя, і з радасці, і з завісці, і мужчынскія, і жаноцкія, і дзявоцкія, і малых дзяцей, і сустрэчных, і папярэчных, і жадных поглядаў”.
* Добрым знакам лічылася, калі шлях паляўнічаму перабяжыць воўк, калі ж заяц — значыць, не пашчасціць.
* Калі сабака ідзе на паляванне з радасцю, паляўнічага чакае поспех; калі ж імкнецца дадому, круціцца на адным месцы, то лепей паляванне нават не распачынаць.
* Лічылася, што самым удалым паляванне бывае на маладзіку.
* Лічылася вялікім грахом паляваць у ня-дзелю і ў вялікія царкоўныя святы. Сталыя паляўнічыя раілі на святочныя, “святыя” дні не пакідаць стрэльбу з патронамі, інакш яна не будзе дакладна паліць.
* Народныя знахары раілі не займацца паляваннем у той год, на канцы якога стаяць лічбы 9 ці 0, каб не скараціць сабе жыццё. Калі ж паляванне было вымушаным, паляўнічыя павінны былі чытаць замовы і выконваць разнастайныя ахоўныя рытуальныя дзеянні.
Крыніца: http://img248.imageshack.us/img248/681/81lb0.png
КАБ СТРЭЛЬБА БЫЛА МЕТКАЙ
Прыціснуць стрэльбу пад левай рукой і тройчы сказаць: “Ты — ручніца, прыкрасная дзявіца, бі, не жыві, не мыляй, у самае сэрца пападай, бі з пляча, як у царкве ясная свяча.
Рына-марына, свінец волава чыстае, мае вока быстрае, бі з пляча, як у царкве ясная свяча. У што навяду, усё разаб’ю. Ты — ружэйная сіла, поўна табе стаяці, трэ звярыную кроў праліваці, жоўтую косць ламаці”.