ДЗЕДАВІЦА

НАРОДНЫЯ ІНТЭРПРЭТАЦЫІ ПЕРШАРОДНАГА ГРАХУ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    НАРОДНЫЯ ІНТЭРПРЭТАЦЫІ ПЕРШАРОДНАГА ГРАХУ

    Таццяна Валодзіна, Вячаслаў Ракіцкі 08.04.2008 г. 1035

    (Вячаслаў Ракіцкі: ) “Калі зыходзіць з багаслоўскай канцэпцыі, ёсьць некалькі тыпаў граху. Асабісты грэх — гэта той, што робіць кожны чалавек, калі ідзе насуперак сумленьню, розуму і закону. А вось родавы грэх — гэта ня той, за які мы нясем адказнасьць, але тая хвароба, зь якою кожны нараджаецца на сьвет. Крыніцай гэтага граху сталіся нашыя прабацькі, калі адбылося парушэньне хаўрусу паміж Богам і чалавекам. У выніку разбурэньня гэтай сувязі і ўзьнікла тое, што ў багаслоўі стала называцца першародным грахом”.

    (Тацяна Валодзіна: ) “Першародны грэх, паводле хрысьціянскіх догмаў, гэта стан усяго роду чалавечага, атрыманы пасьля грэхападзеньня Адама. Вучэньне аб прыроджанай грахоўнасьці, узятай у спадчыну ад Адама, паходзіць з Кнігі Быцьця і наступнай інтэрпрэтацыі ў пасланьнях апостала Паўла. Гэта той грэх, за які род чалавечы быў пакараны на вякі вечныя. Жонка будзе “ў пакутах нараджаць дзяцей”, а муж стане ў “поце здабываць хлеб свой”, і невясёлае гэтае жыцьцё будзе вянчацца сьмерцю: “...пакуль ня вернесься ў зямлю, зь якой ты ўзяты, бо зямля ты і зямлёю станеш”.

    (Ракіцкі: ) “Гэта хрысьціянская канцэпцыя першароднага граху, А як яе інтэрпрэтуе народная сьвядомасьць? Як прэзэнтуецца яна ў фальклёры? Але ўсё па парадку. Як жа паказваюць беларусы ў сваіх аповедах тыя лёсавызначальныя падзеі?”

    (Валодзіна: ) “Жылі напачатку Адам і Эва ў дзівосным садзе — у Раі. Усё ў іх было, але Бог забараніў людзям есьці “плады ад дрэва пазнаньня дабра і зла”. Зьмей угаварыў Эву гэта зрабіць, паабяцаўшы, што “адкрыюцца вочы вашы, і вы будзеце, як багі, што ведаюць дабро і зло”. Аднак, Адам з Эвай, укусіўшы таго плоду, адчулі найперш, што яны голыя...”

    (Ракіцкі: ) “Аднак, і ў царкоўнай літаратуры дагэтуль не закончаныя спрэчкі, чым жа саграшылі першыя людзі?”

    (Валодзіна: ) “Кажуць пра пыху, што не захацелі яны слухацца Бога. Іншыя ўсё ж прызнаюць, што Д’ябал спакусіў Эву, а Адам, паспытаўшы яблык, гэтаксама пажадаў яе. Менавіта сэксуальны кантакт, а не непаслухмянства Эвы запрапанаваны як самы першы грэх. Пакараньне за тое — выгнаньне з раю, змушанасьць працаваць і нараджаць. Людзі становяцца сьмяротнымі, але атрымліваюць здольнасьць да размнажэньня. А яшчэ кожны з нас нясе на целе знакі, што нагадваюць пра ўчынены нашымі прабацькамі грэх”.

    (Ракіцкі: ) “І якія гэта знакі? У чым іх глыбінны міталягічны сэнс?”

    (Валодзіна: ) “Найперш пазногці. У народных легендах “перш у людзей уся шкура была, як у нас пазногці, ад гэтага ім не было холадна. А як людзі саграшылі, дык тая хутка спала, толькі засталося на руках ды нагах крышку”. Дый валасы, акрамя галавы, засталіся збольшага там, дзе Адам з Эваю прыкрыліся, засаромеўшыся сваёй аголенасьці.

    А кожны з мужчынаў мае на шыі так званы Адамаў яблык — кадык”. “Доўга Адам і Эва жылі ў раі сагласна. Нарэшце, Д’ябал падкасаўся к Эве і змусьціў яе. — Усе вы вінаграды ды яблыкі ясьце, а гэты за тое, што сама лепшы, Гасподзь вам запрасьціў. Эва сарвала вінаград зь непаказанага дрэва і Адаму аддала. А яму праглынуць яго так і не давялося, так і застраў ён у горле і сядзіць зараз у кожнага мужчыны ў горле такая гегаўка”.

    Па ўсёй тэрыторыі Беларусі пашыраныя павер’і, што пазногці выкідаць ня трэба, нібыта спатрэбяцца яны, калі стане чалавек перад Богам на свой апошні суд. Але навошта? Ці не таму, што ў той скуры-лусцы, той скуры з пазногцяў і была заключаная чалавечая несьмяротнасьць? Як у вужа, скіне скуру-ліняла — і нібыта новы. Так і ўмоваю вечнага жыцьця ў раі бачылася набыцьцё тае першаснай скуры”.

    (Ракіцкі: ) “Практычна ўся эўрапейская традыцыя пры выкладаньні вэрсіі першароднага граху згадвае яблык. Існуе гіпотэза, што гэта быў гранатавы яблык. Але яблык, можа, нават падобны на той, што стаўся яблыкам разладу. А чаму менавіта яблык?”

    (Валодзіна: ) “Выявы нараджэньня Хрыста паказваюць немаўля Ісуса, які бярэ яблык; сымбалічна ён пераймае грахі сьвету.

    Але напачатку смак яблыка асацыяваўся са спакусаю граху, нездарма так папулярны яблык у любоўнай магіі. Празь яблык была спакушаная Эва, укусіўшы яблык, пажадаў яе Адам, за што і пазбавіліся яны сваёй несьмяротнасьці.

    Выходзіць, яблык становіцца сымбалем як сьмерці, так і міласьці, прычым у яе гранічна канкрэтнай, патэнцыйна жыцьцядайнай форме. Страта бесьсьмяротнасьці разбудзіла ў першых людзей патрэбу сэксуальнасьці”.

    (Ракіцкі: ) “Тое, што Д’ябал першы спакусьнік — гэта відавочна. Ці не вынікае адсюль, што і родапачынальнікам сэксу выступае зьмей, Д’ябал?”

    (Валодзіна: ) “На думку дасьледнікаў, сэксуальныя запатрабаваньні ўваходзяць у архетып зьмея, яго фалічная сэмантыка ў фальклёры асабліва яскравая. Магілёўскія беларусы, адводзячы маладую да шлюбнае ночы, сьпявалі: А мамачка, балазе, Паўзе чарвяк па назе. А, мамачка, баюся, Ён жа мяне ўкусе. “Гладкім д’яблам” называе мужчынскі ніз двухсэнсоўная загадка пра ткацкі варштат.

    Беларусам вядомыя гульні ў Яшчура, які “вочкамі плюшчыць, жаніціся хоча” ды, выбраўшы сабе панну, адбірае ейны вяночак. Як зьмей, лятае да сумуючай жонкі ейны памерлы муж. Дасьледнікі бачаць у архетыпе зьмея засяроджаньне неўтаймоўнай хаатычнай сэксуальнай энэргіі”.

    (Ракіцкі: ) “Але ж Зьмей ва ўсясьветных міталёгіях — нашмат багацейшы сымбаль. Памятаем, што і зьяўляецца ён якраз ля Дрэва пазнаньня дабра і зла”.

    (Валодзіна: ) “Несумненна, Зьмей ёсьць увасабленьнем наагул энэргіі, прычым, і духоўнай у тым ліку. Сымболіка яго настолькі насычаная і багатая, як і бясконца разнастайная сама зямля. Дарэчы, зьмяя і бачыцца яе эманацыяй, нават этымалягічна словы “зьмяя” і “зямля” роднасныя. Але што тычыцца першароднага граху, адмыслоўцы прапануюць нават гіпотэзы, паводле якіх якраз Зьмей з Эваю запачаткавалі пазнаньне сьвету, нават самую навуку. Цікаўнасьць Эвы ўзводзіцца ў ранг прагі ведаў. Але гэта ўсё ж інтэрпрэтацыі вучоных мужоў”.

    (Ракіцкі: ) “Або вучоных кабетаў. Але ў народнай фальклёрнай традыцыі ў выніку першароднага граху згубіў чалавек усё, што меў, і нават больш таго. Што ж ён атрымаў добрага? Можа, чаму навучыўся? Спазнаў нешта істотнае?”

    (Валодзіна: ) “Навучыўся працаваць, у гэтым ужо ёсьць зерне асалоды. А яшчэ ў народзе з уласьцівай яму хітрынкай і добрай іроніяй да выніку граху і пакараньня аднесьлі зьяўленьне агню. Памятаем, у клясычнай міталёгіі агонь здабывае Прамэтэй і нясе за тое кару. А на Гарадзеншчыне апавядалі, што чалавек сам прыручыў агонь, з пакараньня свайго, ад Бога ўзятага”.

    “Першы агонь зь неба, зь перуна паходзіць, бо як Бог прагнаў Адама і Эву з раю і разам зь імі таго чорта, што іх скусіў, так наслаў на іх страшную буру, грымоты, так чорт схаваўся пад ясень, а Бог трах у яго перуном, так аж ясень запаліўся, і Адам ад тае пары разьвёў таго агню, і па сягодняшні дзень мы маем”.

    (Ракіцкі: ) “Калі зьвяртацца да апокрыфаў, сярэднявечнай літаратуры, мае першародны грэх і іншыя наступствы, даволі непрыемныя для людзей. Прыкладам, дамова Бога з Д’яблам. Як падаецца гэтае пагадненьне ў фальклёрных тэкстах?”

    (Валодзіна: ) “Відаць, у народзе ў такім выпадку толькі пераказваліся чытаныя сюжэты. Сутнасьць іх у тым, што на зямлі Адама з Эваю чакала цемра. Д’ябал як пан цемры за выдаткаванае сьвятло запрасіў у Адама “тое, што за ім”, маючы на ўвазе род людзкі.

    Так і сталася — адыходзяць па сьмерці людзі і да Бога, і да Д’ябла. Сустракаюцца і вэрсіі, згодна зь якімі Эва нарадзіла ад Зьмея-Сатаны шматгаловае дзіця, якое проста зьнішчала яе, смактаўшы грудзі. За паратунак частка нашчадкаў стала ісьці да чорта”.

    (Ракіцкі: ) “Як жа паўплывалі такія легенды, уласна паданьне пра першародны грэх, на народнае стаўленьне да дачыненьняў мужчыны і жанчыны наагул?”

    (Валодзіна: ) “Тут вельмі складаны комплекс уяўленьняў. З аднаго боку — прызнаньне неабходнасьці сэксуальных кантактаў дзеля працягу роду, але толькі ў межах сям’і, а зь іншага — успрыманьне іх як выніку д’ябальскага спакушэньня. Менавіта ў дачыненьні полавых кантактаў больш за ўсё разыходжаньняў між царкоўнай і народнай традыцыямі.

    У мове трывала замацавалася называньне такіх адносінаў як “грашыць”, “саграшыць”. Органы цялеснага нізу гэтаксама завуцца “грэх”, “сорам”, “сарамаценьне”. Але найперш за грэх уважаюцца дачыненьні да альбо пазашлюбныя. За іх строга вызначанае і пакараньне ў пекле”. “За ўсе свае грахі пакутуе паляшук у пекле.

    І тым, што на етым сьвеце адведывалі чужыя жонкі — ня мёд: яны ганяюцца там за кабыламі. А жонкі — за жарабцамі, да ні тыя ні другія ніколі не даганяюць, да толькі дастаюць капытамі па мордзі, да лазінаю па срацы”.

    (Ракіцкі: ) “Наколькі супадае разьвіцьцё ўласна легенды ў хрысьціянскай і фальклёрнай традыцыях? Яе, так бы мовіць, працягі, наступныя сэрыі?”

    (Валодзіна: ) “У багаслоўі для выпраўленьня першароднага граху зьяўляюцца Ісус і Панна Марыя. Апостал Павал праводзіць простую паралель паміж біблейскім Адамам як родапачынальнікам грэшнага чалавецтва і бязгрэшным “другім” Адамам, выратавальнікам сьвету.

    “Адным чалавекам грэх увайшоў у сьвет, і грэхам сьмерць, так і сьмерць перайшла на ўсіх чалавекаў, таму што ў ім усе саграшылі”, — кажацца ў Бібліі. Самое Спакушэньне разглядаецца нават як правобраз Дабравесьця, у якім Дзева Марыя — “новая Эва” — адпакутавала грэх старой.

    А беларусы-палешукі сюжэт аб спакушэньні жанчыны Д’яблам разгарнулі ў новы аповед, пра паходжаньне рознае плягі на зямлі, паскудных кузурак ды жабаў. Бог, што падарожнічае па зямлі, пакідае чалавеку торбу і загадвае аднесьці ўтапіць яго ў мора. Але тут зьяўляецца Д’ябал, прычым голы...

    “Пашоў гэто хаджаін у клець па плаце і па адзёжу, а жонка ўсё стаіць каля голаго да пазірае на сарамацене. От так і пражэтца, так і пукаетца — ведамо баба. Пакуль хаджаін даставаў з кубла плаце, да шукаў адзёжы, жанчына ўжэ і змовіласа з голым малайцом. От прынёс хаджаін сарочку, нагавіцы, пояс і новую курту.

    Тут зноў жонка наваліласа на его, што не прынёс чобаты. Пашоў хаджаін па чобаты, а баба давай апранаць голаго малайца. Насунула сарочку і давай нацягваць нагавіцы. Рыхтавала ена, рыхтавала: ня лезуць нагавіцы, — мотуз мешае.

    Давай ена запіхаць сьпераду пад мотуз, а ззаду і ня бачыць, што хвост упірае...” Так і падмовілі Д’ябал з бабаю разьвязаць торбу, а зь яе ўсё і распаўзлося... З таго часу чалавек з жонкаю зьбіраюць іх у выглядзе буслоў...”

    (Ракіцкі: ) “І ў гэтай легендзе пацярпеў чалавек праз сваю залішнюю даверлівасьць, а жонка — за цікаўнасьць ды пажадлівасьць. Але тая ўвага, з якой ставяцца і Сьвятое Пісьмо, і народная творчасьць да праблемаў полу і полавых дачыненьняў, толькі ілюструюць іх значнасьць у наш час”.

    Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/bielaruskaja_atliantyda/narodnyja_interpretacyji_pierszarodnaha_hrachu.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz