ПРЫРОДНА-КАСМІЧНЫЯ АСНОВЫ ПАБУДОВЫ КАЛЕНДАРА
У тым календары, які дажыў да пачатку ХХІ стагоддзя, захавалася некалькі сістэм вымярэння і ўпарадкавання часу, якія прынцыпова адрозніваюцца адна ад адной. Зразумела, што найстаражытнейшай асновай нашага традыцыйнага календара было неадольнае імкненне гарманізацыі (прыстасаванасці, суаднесенасці, прымеркаванасці) працоўнай дзейнасці і грамадскага жыцця нашых продкаў з глабальнымі касмічнымі рытмамі, заўважыць і асэнсаваць якія дапамагаў стан прыроды.
Гэты рытм спрыяў выкананню работ, зарыентаваных на выжыванне чалавека, а таксама наладжванню і выпрацоўцы правіл сацыяльных паводзін, адносін паміж чалавекам і грамадствам. Гісторыкі культуры небеспадстаўна сцвярджаюць, што практычна ўсе цывілізацыі, якія некалі жылі на Зямлі, пакланяліся Сонцу, Месяцу і іншым касмічным свяцілам або зоркам (Венера, Сірыус) і нават цэлым сузор’ям, асабліва тым, што складалі Млечны шлях.
У аснове славянскага ўпарадкавання часу таксама ляжалі тыя касмічныя фактары: перш за ўсё рух Сонца па небасхіле, які ўтвараў сутачны рытм жыцця. Другім прыродным касмічным метраномам з’яўляўся Месяц, які на працягу 28 дзён праходзіў чатыры фазы рознай яго бачнасці з паверхні Зямлі і адпаведна гэтаму задаваў рытмічную паўтаральнасць часу працягласцю адзін месяц, што складала поўны цыкл начнога свяціла, і адзін тыдзень, працягласць якога адпавядала адной фазе Месяца.
І ўсё ж найважнейшым структураўтваральным элементам традыцыйнага народнага календара быў рух Сонца. Вядома, што ў сваім гадавым колазвароце яно праходзіць чатыры асноўныя прамежкавыя фазы, кожнай з якіх у народным жыцці адпавядала шматдзённае, разгорнутае ў часе і прасторы святкаванне.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27979
ЗІМОВАЕ СОНЦАСТАЯННЕ
Пасля заканчэння зімовага сонцастаяння (яно доўжыцца з 18 па 23 снежня) у прыродзе адбывалася прыкметная падзея — заканчваўся перыяд імклівага скарачэння светлавой часткі сутак (дня).
Сонца на некалькі дзён быццам спатыкаецца, прыпыняецца — дзень павялічваецца на адну хвіліну. Але назаўтра ноч, якая не хоча мірыцца з такім становішчам, верне гэту хвілінку сабе. І ўсё ж у ноч на 25 снежня Сонца канчаткова разарве путы цемры і пачне новы адлік часу.
Менавіта ў гэту ноч наша галоўнае свяціла паверне на новае гадавое кола. Безумоўна, гэта знакамітая прыродная падзея не магла застацца па-за ўвагай чалавека. У традыцыйнай культуры славянскіх народаў да яе быў прымеркаваны ўрачысты пачатак святкавання двухтыднёвых Калядаў.
ЛЕТНЯЕ СОНЦАСТАЯННЕ
Дыяметральна супрацьлеглай зімоваму сонцастаянню з’яўляецца сітуацыя, калі наша свяціла знаходзіцца ў найвышэйшай кропцы свайго росквіту. Яно святкавала сваю канчатковую перамогу і ад задавальнення ажно “іграла” ў гэты дзень у момант з’яўлення над гарызонтам.
Сонца адорвала зямлю самымі працяглымі днямі, самымі моцнымі патокамі святла і цяпла. Зямля літаральна купалася ў разнаквецці палёў і лугоў, радавалі вока саспелыя жытнёвыя і пшанічныя каласы, лес шчодра дзяліўся ягадамі і грыбамі.
З часу найвышэйшага прыроднага красавання супадала святкаванне яшчэ аднаго найцікавейшага і найскладанейшага рытуальна-абрадавага комплексу пад назвай Купалле.
У старажытнасці і сярэднявеччы гэта было адно з самых звонкагалосых святаў, перепоўненае абрадавымі дзеяннямі, магічнымі рытуаламі, урачыстымі спевамі, суправаджалася шматлікімі сакральнымі прадметамі.
Магчыма, Купалле ўвогуле было найстаражытнейшым святам ушанавання жыватворнай вады і жыццядайнага сонца. Гэты цуда-творны саюз садзейнічаў узнікненню жыцця на Зямлі.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28045
ВЕСНАВОЕ РАЎНАДЗЕНСТВА
Разам з тым у адпаведнасці з прыродна-касмічнымі ўмовамі тэрыторыя рассялення ўсходніх славян, надыходу доўгачаканага перыяду пацяплення і падрыхтоўкі да пачатку палявых работ асаблівай пашанай карыстаўся той момант руху сонца, калі дзень раўняўся з ноччу.
Менавіта да дня веснавога раўнадзенства нашы старажытныя продкі прымяркоўвалі пачатак новага года.
Тэрыторыя рассялення плямён, якія ўдзельнічалі ў фарміраванні беларускага этнасу, была не такая ўжо бязмежная, але разам з тым розніца ў кліматычных умовах паміж Гомельшчынай і Віцебшчынай заставалася ўсё ж дастаткова прыкметнай.
Таму ўшанаванне дня веснавога раўнадзенства або пачатку новага года разбеглася ў часе і суадносілася з рознымі датамі і назвамі свят.
На Гомельшчыне гэты цыкл свят распачынала Гуканне вясны, на Магілёўшчыне — Саракі, на Міншчыне — Благавешчанне. Аднак найбольш распаўсюджаным аказаўся Вялікдзень.
АСЕННЯЕ РАЎНАДЗЕНСТВА
Супрацьлеглым дню веснавога раўнадзенства быў дзень асенняга раўнадзенства, пасля якога пачыналася бязмежная і, здавалася б, бясконцае панаванне ночы.
Да гэтай прыкметнай мяжы было прымеркавана свята ў гонар заканчэння збору ўраджаю — Багач (21 верасня). Як і на ўсе вышэйзгаданыя святы, на Багача таксама рабіўся абход двароў, у якім удзельнічала ўся вёска, людзі, якія мелі непасрэднае дачыненне да збору ўраджаю.
Змена пор года Акрамя чатырох найважнейшых свят, якія адпавядалі дакладна фіксаваным становішчам сонца ў яго задыякальным руху, ва ўсходніх славян існавалі яшчэ чатыры рытуальна-абрадавыя комплексы, якія суадносіліся з прамежкавымі сітуацыямі.
Яны адзначаліся ў роўных прамежках паміж фазамі сонца, а гэты час адпавядаў у прыродзе змене пораў года. А таму такія святы мелі ў сабе адначасова два пачаткі, скіраваныя да розных полюсаў.
З аднаго боку, яны падводзілі вынікі завяршаемай пары года, а з другога — утрымлівалі тайну зараджэння і распачынання далейшага прыроднага стану (наступнай пары года). На пераходзе зімы ў вясну святкавалася вясёлая, шчодрая на ласункі, багатая на гасцяванні Масленіца.
На мяжы паміж вясной і летам адзначалі Зялёныя святы — вельмі складаны рытуальна-абрадавы комплекс, які доўжыўся два тыдні і ахопліваў сабой Тройцу — Сямік — Сёмуху — Русальны (Граны) тыдзень.
Летні цыкл абрадаў завяршаўся святкаваннем Дажынак, якія вянчалі сабой шматлікія рытуальныя дзеянні, звязаныя з галоўным момантам ва ўсёй гадавой дзейнасці чалавека-земляроба — зборам узгадаванага ўраджаю. Жніво і бязмежны, вялікі цыкл песеннага фальклору, які яго суправаджаў, — радасць за багаты ўраджай, сабраны і своечасова ўпарадкаваны.
Заключным рытуальна-абрадавым комплексам былі Восеньскія дзяды — свята ўшанавання памяці памерлых продкаў. Славяне верылі, што памерлыя і пахаваныя ў зямлі продкі маглі аказваць істотны ўплыў на ўраджай будучага года.
Таму своеасаблівым вынікам дыялога чалавека з прыродай на працягу каляндарнага года было абавязковае памінанне продкаў, а праз іх — шчырая падзяка зямлі за здзейсненыя мары і адначасова выказванне спадзяванняў на прыхільнасць у будучым.
Пакровы і Восеньскія дзяды замыкалі зямлю, былі той сімвалічнай мяжой, пасля якой забараняліся ўсялякія работы на ёй, каб не парушыць яе восеньскую самоту.
Вось гэтыя восем свят — чатыры з якіх былі прымеркаваны да фазавых становішчаў сонца, а яшчэ чатыры супадалі са зменай пораў года — і сталі з цягам часу той структурнай асновай беларускага народнага календара, якая падпарадкавала жыццё чалавека на працягу многіх стагоддзяў яго існавання.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28058
|