ЛЯК
Пуд, пярэпалах, ляк - хвароба, якая сталася вынiкам моцнага стрэсу ў сiтуацыi нечаканай сустрэчы з кiмсьцi/чымсьцi жахлiвым, страшным, невядомым; уласна спалох. Цiкава, што гэтая хвароба не мае адпаведнiкаў у афiцыйнай медыцыне. Сiмптомы Л. самага шырокага спектра ад простага пагаршэння стану да страты мовы, цяжкiх фiзiялагiчных зрухаў, гарачкi ды інш.
Многiя прыкметы Л., а таксама спосабы лячэння перасякаюцца з народнай тэрапiяй пры суроках, што абумоўлена iх падобнай этыялогiяй уздзеяннем на арганiзм чалавека чужога i нядобразычлiвага. У вылечваннi ад «пуду» дамiнуюць прыёмы вяртання чалавеку здароўя наогул, без паказання на прычыну захворвання.
Гэта прайманне праз спаднiцу, хамут, аброць, нацэленае на сiмволiку другога нараджэння, прасаджванне праз ножкi стала, абнясенне соллю, змыванне вадой, прыгатаванай пры адпаведных рытуальных умовах падкурванне i iншыя прыёмы, вытрыманыя ў рэчышчы семантыкi «выдалення» хваробы з арганiзма.
Даволi папулярныя пры Л. «вымярэнне» хворага i далейшыя манiпуляцыi з атрыманай нiткай«двайнiком»: яе спальванне, забiванне асiнавым калком ды iнш.
Характэрныя толькi для пазбаўлення ад Л. рытуальныя дзеяннi, накiраваныя на верагодных «вiнаватых» спалоху хлебам «выкатвалi» хваробу па целе i хлеб кiдалi сабаку, абкурвалi поўсцю той жывёлы, што напалохала, прасiлi вады з рота ў чалавека, якога падазравалi ў насыланнi хваробы, ды iнш.
У замоўных тэкстах Л., ляк персанiфiкуецца, i яго воблiк набывае фантастычныя характарыстыкi: «У цябе, лячэ, воўча галава, аклочана барада, саломлянае чэрава, канапляныя ногi». Перамога над лякам палягала ў паступовым парушэннi, разбiваннi частак ягонага цела.
Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories2/256.htm