КАЛІ СВЯТКУЮЦЬ МАСЛЕНІЦУ
04.03.2008
У праваслаўных пачаўся Масленічны тыдзень
• Многія даследчыкі традыцыйнай духоўнай спадчыны выказвалі меркаванні аб тым, што першапачаткова Масленіца святкавалася “на пачатку новага года, які па месяцавым календары прыпадаў на сакавік”, і была прызначана “стымуляваць прыроду ў дзень сонцазвароту”.
• Характар некаторых абрадавых дзеянняў (напрыклад, хаджэнне ў госці адзін да аднаго, наведванне хроснымі бацькамі сваіх хрэснікаў, ушанаванне памяці памерлых продкаў) дае пэўныя падставы праводзіць аналогіі са святкаваннем Калядаў, якія суправаджалі сустрэчу Новага года недзе з Сярэдневечча, і з Вялікаднем, які, хутчэй за ўсё, у больш ранні час і быў святам пачатку новага абрадавага колазвароту.
• Калі ўлічыць, што адно з ключавых месцаў ва ўсім складаным рытуальна-абрадавым комплексе займала катанне на санках з горак, то больш дакладным часам колішняга правядзення свята трэба лічыць апошні тыдзень лютага і першы тыдзень сакавіка.
Хутчэй за ўсё Масленіца некалі адзначалася на працягу двух тыдняў (як і іншыя святы, напрыклад Каляды). І тады першы святочны тыдзень сімвалізаваў заканчэнне зімы, а другі -- пачатак каляндарнай вясны.
• З прыходам хрысціянства і актыўным пашырэннем у сферы сацыяльнага і культурнага жыцця грамадства святаў хрысціянскай Пасхаліі і ў сувязі з увядзеннем сямітыднёвага Вялікага посту, які папярэднічаў падзеям Вялікадня, святкаванне Масленіцы павінна было скончыцца да пачатку посту і скарацілася з двух тыдняў да аднаго.
Такім чынам, сёння Масленіца святкуецца на восьмым тыдні перад Вялікаднем. Яшчэ адным важкім аргументам на карысць таго, што Масленіца прыпадала на канец лютага -- пачатак сакавіка, быў масавы акот і ацёл хатняй жывёлы якраз у гэты час. Кожная гаспадарка станавілася багатай на малако і ўсялякія малочныя прадукты, сярод якіх было і масла.
Магчыма, менавіта гэта акалічнасць стала падставай узнікнення такой выключна побытавай назвы каляндарнага свята. Гэта адценне захавалася ў шэрагу варыянтаў назвы свята, якія бытавалі ў народным асяроддзі: Масленіца, Масленка, Масніца, а таксама і ў царкоўнай назве -- “Сырная сядміца”.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=20016