ДАЖБОГ
Віктар Каралькоў.
(стараслав. Дажь-бог), язычніцкае бажаство ўсходніх славян, бог сонца, сын Сварога. Уяўляўся як жыватворная, дабратворная істота, якая дае цяпло, спрыяе ўрадлівасці палёў, дабрабыту людзей.
У Стараж. Русі Д. пакланяліся (яго ідал быў пастаўлены побач з Перуном і інш. багамі на капішчы ў Кіеве). Пасля ўвядзення хрысціянства ўяўленне аб Д. паступова знікла.
Як сімвалічны вобраз трапляецца ў стараж.-рускай літаратуры. У “Слове пра паход Ігаравы” Д. выступае як сімвалічны продак і апякун стараж.-рускага народа, названага ў гэтым творы ўнукам Д.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/12053
ДАЖБОГ
Адзін з багоў усходніх славян. У “Аповесці мінулых гадоў” паведамляецца, што калі князь Уладзімір паставіў ідал “на хълме въне двора теремьнаго” (блізу 980 г.), то там акрамя выяваў Перуна, Хорса, Стрыбога, Семаргла, Мокашы прысутнічаў ідал Д.
Ва ўстаўцы ў перакладзе ўрыўка з “Хронікі Іаана Малалы”, што знаходзілася ў Іпацеўскім летапісе пад 1144 г., згадвалася: “По умрьтвии же Феостовъ (г. зн. Старажытнагрэцкага бога Гефеста. – Э. З.) егож и Сварога наричить и царствова сынъ его именем Солнце, егож наричають Жажьбог. Солнце же царь сын свароговъ еже есть Даждьбог».
З гэтага вынікае, што Д. з’яўляўся богам Сонца і лічыўся сынам Сварога. У старажытнаўсходнеславянскіх царкоўных павучаннях згадвалася, што паганцы “огневи молять же ся, завуце его сварожичем”. У “слове пра паход Ігаравы” усходнія славяне названыя Дажбогавымі ўнукамі, што дае падставу лічыць Д. міфічным родапачынальнікам або апекуном усходніх славян (ці, прынамсі, усходнеславянскіх князёў).
У адной з ураінскіх граматаў XIV ст. прыводзіцца асабовае імя Дажбогавіч, а ў польскіх дакументах трапляюцца імёны накшталт Dadzbog. На думку лінгвістаў, імя Д. этымалагічна адпавядае спалучэнню тых жа элементаў, як і ў ведыйскіх тэкстах: daddhibhagam – “ дай долю (багацця)”.
Усходнеславянскаму Д. хутчэй за ўсё адпавядаў Dacbog у заходніх славянаў і Дабог – у паўднёвых. Як вынікае з этымалогіі слова, з тэкстаў у “Рыгведзе”, Д. быў размеркавальнікам дабротаў. У міфалогіі балтыйскіх славянаў, як бачна з паведамленняў нямецкіх храністаў, сынам Сварога, Сварожычам, названы Radegast – Радагост.
Галоўнымі атрыбутамі Радагоста былі конь і дзіда, а таксама вялізны дзік, які выходзіў з мора. Звычайна прынята лічыць дзіка (вепра) зааморфным сімвалам сонца. А. Кіркор, абапіраючыся на беларускі фальклорны матэрыял, сцвярджаў, што Божыч, светлае сонца Д., выступае як сын Перуна і яго жонкі Грамаўніцы.
Семантыку свята Калядаў даследнік вытлумачваў як адлюстраванне барацьбы падземнага цара Карачуна або распарадчыка маразоў Зюзі з самім Перуном. Перад набліжэннем зімовага сонцазвароту падземны цар прадчувае, што павінен нарадзіцца Божыч, і таму хоча знішчыць дзіця.
Дзеля гэтага Зюзя ператвараецца ў мядзведзя, збірае зграю ваўкоў (г. зн. Мяцеліцаў) і разам з імі ганяецца за жонкай Перуна. Грамаўніца хаваецца ад іх і ў вербалозах нараджае Д. Паводле звестак, атрыманых Э. Ляўковым, Дажбогавым каменем называюць валун блізу в. Крамянец Лагойскага р-на.
На плоскай верхняй грані каменя ёсць адпаліраваныя паглыбленні штучнага паходжання: 3 авальныя і 2 круглыя, талеркападобныя. Да каменя ў час святаў (найперш на Вялікдзень) прыносяць ахвяраванні – манеты, кветкі і да т.п.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1152
ДАЖДЗЬБОГ
Дажбог (або Даждзьбог) — у славянскай міфалогіі бог сонечнага святла, сын Сварога. Дажбог быў у славян богам Сонца. Імя яго не ад слова «дождж», як іншы раз памылкова думаюць, яно азначае — «Бог, які дае». Славяне верылі, што Дажбог ездзіць па небу ў чудоўнай калясніцы, запрэжанай чацвёркай белых вогнегрывых коней з залатымі крыламі.
А сонечнае святло зыходзіць ад вогненага шчыта, які Дажбог возіць з сабой. Двойчы ў суткі — раніцай і вечарам — ён перасякае Акіян-мора на ладдзі, якую цягнуць гусі, качкі і лебедзі. Таму славяне прыпісвалі асобую моц абярэгам-талісманам у выглядзе качачкі з галавой каня. Ва ўяўленні беларусаў — прыгожы, светлавалосы моцны дзяцюк.
Дажбог — апякун і настаўнік земляробаў, беларусы — яго ўнукі. Верылі, што Дажбог дае людзям фізічную сілу, здароўе, майстэрства. Дажбог захоўвае зямныя ключы. Ён замыкае на зіму зямлю, а потым аддае ключы птушкам, якія адносяць іх у Вырай. Вясной птушкі вяртаюць ключы, і Дажбог адмыкае імі зямлю. Прадвесніцаю Дажбога з'яўляецца Багіня ранішняга святла — Дзянніца.
Літаратура
• Міфалогія Старажытнай Беларусі / А. А. Шамак. — Мн.: Сэр-Віт, 2004 ISBN 985-419-257-1
Крыніца: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%94%D0%B0%D0%B6%D0%B4%D0%B7%D1%8C%D0%B1%D0%BE%D0%B3
|