КАЛАЧ
Святочнае печыва з пшанічнай мукі. На захадзе Беларусі – здобны пірог прадаўгаватай формы (пяклі на вяселле спецыяльна для маладых), на ўсходзе Беларусі – круглае печыва з цеста на пірагі ў форме абаранка.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/14396
КАЛАЧ
Святочны печаны выраб з пшанічнай мукі ў выглядзе круглай булкі, праўдагаватага пірага, вялікага абаранка або нават бліна. На захадзе Беларусі (пераважна ў Зах. Палессі) К. часта выконваў ролю каравая ў вясельным абрадзе. На Піншчыне К. сустракала маладых маці і жаніха. К. або абаранкамі аздаблялі і традыцыйныя вясельныя караваі: іх змяшчалі зверху каравая і ўпрыгожвалі кветкамі і фарбаванымі мяцёлкамі аўса або нанізвалі на каравайную стужку. Дарылі К. або абаранкі жаніхі нявестам і ў перадвясельны перыяд. У Зах. Палессі К. дарылі ўнукі сваім бабкам – павітухам. У цэлым абрадавае выкарыстанне К. у Беларусі абмежаванае і больш уласцівае, відаць, заходнім і паўднёвым славянам.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2192