КАЧАРГА, ВОЖАГ, КАВЯНЯ, КАКМЯНЯ, КАСЁРА, КАЦЮБА, КЛЮЧКА
Пячное начынне, звязанае з хатнім агнём, як засланка, вілы, лапата хлебная і інш. Утылітарныя і магічныя ўласцівасці К. як начыння абумовілі адценні, звязаныя з агнём, печчу, матэрыялам (жалеза), формай (крывая).
Канцэтруючы ў сабе жыццядайную і ачышчальную моц агню, а таксама рэпрэзентуючы ўдзел у маніпуляцыях продкаў – заступнікаў, К. знайшла выкарыстанне ў народнай медыцыне і ветырэнарыі, у рытуалах гаспадарчага цыкла. К. рэпрэзентавала дом і гаспадарку. Так, каб прывучыць курыцу да хаты, яе тройчы абводзілі вакол К.
Праз непасрэдную сувязь з агнём К. у сваім семантычным полі замацавала матыў забароны непаважлівага стаўлення да агню і адпаведна да сябе самой. Так, забаранялася ступаць на “нос”. К., кідаць смецце ў качарэжніку і пад. Усведамленне міфалагічнай моцы агню і жалеза вызначыла функцыянаванне К. у якасці абярэга – яе ставілі ў хляве, крэслілі кола магічнае, каб прадухіліць пранікненне варожай сілы, што было эквівалентна рытуальнаму абворванню.
Каб засцерагчы каноплі ад асоту, гаспадары на вадохрышчанскую каляду аб’язджалі на К. свій горад. Тое ж самае рабілі тройчы да ўсходу Сонца, калі каноплі доўга не ўсходзілі. Пасяля каляднай вячэры гаспадыня павінна была пхнуць гаспадара К., а той, паваліўшыся на лаўку, мусіў прамовіць: “Дай жа, Божа, штоб твае снапы так хутка падалі на ніве!”, г. зн. каб снапы былі ядраныя.
Выкарыстанне К. у радзінных і вясельных абрадах падкрэслівае, з аднаго боку, зварот да іншасвету па спрыянне (сват, адпраўляючыся на перамовы, кідаў К. і ўсё, што ёсць у качарэжніку, на печ, каб сватаўство было паспяховым), а з іншага – актуалізуе яе фалічнае значэнне: праз К. пераступалі і парадзіха, і нявеста, у час сватання звязвалі качарэжнік матузом.
Падчас калядных варожбаў на К. скакалі толькі дзяўчаты і ніколі – хлопцы. Уласцівая многім каляндарным і аказіянальным рытуалам язда на К. ёсць своеасаблівым спосабам камунікацыі з “тым” светам, дзе К. выконвае ролю інфармацыйнага канала паміж супрацьпастаўленымі сферамі жыцця.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2512
|