ЛЁД
Паводле народнага светаразумення беларусаў, узнік ад дзеяння Бога: “ от духненя божего дается лод и шириня вод на крузе» (параўн. загадку: “Палажыў бог пячаць, без жалеза не пачаць”, а ў наіўнай карціне свету беларусаў і само неба ўтворана Богам з Л.: “нижнее небо створил бог дня второго, а учинил е з леду яко з кристаллу”.
Сімвалічнае негатыўнае ўспрыманне Л. абумоўлена якраз тым, што ён паралізуе магчымасці вады. Л. – “мёртвая вада” ў міфапаэтычным успрыманні гэтай рэаліі. Так, у беларускай казцы царэўна адтала ад лёду пад палкім поглядам хлопца, але не аджыла датуль, пакуль ён не пакрапіў яе жывою вадою.
Такім чынам, Л., як і вада, займае маргінальнае становішча паміж жывым і нежывым, бо ён валодае здольнасцю захоўваць аб’ект, які скоўвае, у адным і тым жа стане. З іншага боку, Л. (нароўні са снегам) – устойлівы атрыбут беларускай зімы, які выконвае ахоўную функцыю. Таму Л. выклікае і станоўчае яго ўспрыманне, бо ён спрыяе захаванню жывога.
Пазітыўныя характарыстыкі Л. абумоўлены наёперш тым, што ён як пераўвасобленая вада захоўвае ў сабе яе плодную сілу: “Калі зімою часта бывае галалёд, то будзе вялікі зраджай на ўсялякую пашню”. Станоўчым фактарам з’яўляецца і тое, што Л. цвёрды, моцны, цэласны, бо зацвярдзенне раўназначна стойкасці (параўн. зычэнне: “Будзь здаровенькі на ўвесь год, як калядны лёд”).
Разам з тым часовасць існавання Л., рэзкае пераўвасабленне яго ў першапачатковы стан (ваду) пры непрыдатных для яго абставінах абумовілі ўспрыманне Л. як нечага небяспечнага і няўстойлівага (параўн. народнае тлумачэнне сну ў беларусаў: лёдам ісці – “хтось хочэ здрадзіць” і ўстойлівыя выразы: “На лёдзе дурань хату ставіць”).
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3113
|