ГАЁВЫ ДЗЕД І ЯГО ЎНУЧКІ
Мал. Валера Славук
Гаёвы дзед, альбо Гаюн, — лясны Дух.
Ён клапоціцца пра свой лес, сочыць за парадкам у ім. Усе звяры і птушкі падпарадкоўваюцца і служаць яму. Гаюн — стары дзед, парослы замест валасоў сівым мохам. У астатнім ён чыста мядзведзь, толькі ходзіць прама.
Ёсць у лесе такія мясціны, да якіх Гаюн ставіцца з асаблівай пяшчотай, пільна ахоўваючы, каб ніхто не парушыў іх некранутага хараства. Калі раптам хто паспрабуе нарыхтаваць там драўніны, Гаюн паўстане перад дрывасекам у сапраўдным сваім выглядзе. Вядома, пасля такога здарэння доўгі час туды не ступіць нага чалавека.
Але здараюцца выпадкі сапраўды трагічныя — тады, калі Гаюн, не паспеўшы папярэдне спудзіць чалавека, у гневе завальвае таго дрэвам. Дрэва на будоўлю хаты не нарыхтоўвалі без дазволу Гаёвага дзеда. Калі ж атрымаць такі дазвол і; зрубіць хату, то яна будзе трывалая і даўгавечная.
Дзеля гэтага гаспадар падвечар ішоў у выбранае ім загадзя месца з гасцінцамі і прамаўляў: «Прынёс снеданне Гаёваму дзеду. Ці сам з'ясі, ці ўнучкам дасі». Гаёвы дзед дае згоду, прыняўшы гасцінец. Не знайсці' пачастунку раніцай наступнага дня азначала, што месца гэтае выбрана правільна. А калі пачастунак так і заставаўся ляжаць, то трэба было шукаць іншае месца! Бывала і такое, што драўніну ўсё ж такі забіралі без ведама Гаюна і пачыналі рабіць зруб.
Гаюн, згледзеўшы непарадкі, пасылаў у такі зруб зайца, папярэджваючы тым самым, што хата гэтая доўта не прастаіць. У Гаюна ёсць унучкі — Гаёўкі. Гэта маладыя гарэзлівыя дзяўчаты. Яны любяць усё жывое. I лось, і маленькая птушачка, калі захварэюць ці параняцца, звяртаюцца да Гаёвак па дапамогу, бо ведаюць: тыя, залечаць ім раны, адходзяць іх.
На зіму Гаёўка пакрываецца густой поўсцю снежна-белага колеру, чыстым застаецца толькі прыгожы твар ды косы, як і былі, русымі. Па вясне поўсць спадае, і Гаёўка становіцца звычайная дзяўчынай, толькі бадай, прыгажэйшая. .Злавіць і прыручыць Гаёўку немагчыма. У час небяспекі яны могуць рабіцца нябачнымі.
Гаёвы дзед не дазваляе ўнучкам выходзіць за межы лесу. Але што неразумным дзяўчатам тыя забароны старога дзеда! I як толькі ў бліжэйшай вёсцы надарыцца гулянне, яны паціху ад Гаюна выбіраюцца туды. Там, затаіўшыся, падглядаюць, як гуляе і весяліцца моладзь, якія строі і ўпрыгожанні на вясковых дзяўчатах.
А ўжо як упадабаецца ім на каторай дзяўчыне сукенка ці яшчэ што, цікуюць тады, каб тая куды адасобілася, і здымаюць з яе тое, што спадабалася. Бывала нават, адпускалі дзяўчыну ў адным споднім альбо і зусім без нічога.
У Купальскую ноч Гаёўкі таксама выходзяць з лесу паглядзець на вогнішча, якое распальваюць людзі, падурэць у росным жыце, сабраць зёлак. Апоўначы яны ідуць назад у лес, каб паспець палюбавацца цвіценнем Папараці-кветкі. Гаёўкам вядома, дзе і калі расцвіце цуда-кветка.
Таму калі раптам якому чалавеку пашанцуе высачыць Гаёвак і не прыкмечаным імі пайсці следам, то яны прывядуць яго да жаданай кветкі шчасця.
Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/93.htm