НЕ БУДЗІЦЕ ЗЯМЛЮ РАНЕЙ, ЧЫМ НАЛЕЖЫЦЬ
04.04.2009
Бадай, адной з найбольш пашыраных і строгіх забарон на Благавешчанне было абмежаванне працы на зямлі. Сяляне вельмі прыдзірліва сачылі за тым, каб ніхто з аднавяскоўцаў не гарадзіў плот, не капаў ямкі пад слупы, увогуле, зямлю нават месці нельга было. Існуючае вераванне пераконвала: калі згаданыя парушэнні дапусціць, то надарацца халодная вясна і празмерна сухое лета.
Жадаючы пазбавіцца ад пустазелля, на Благавешчанне рабілі спецыяльны абход агарода і палеткаў з рэшатам, напоўненым зернем жыта і ўваткнутай у яго запаленай грамнічнай свечкай. Насуперак забароне чапаць зямлю ў паўднёвых рэгіёнах гаспадыні ў гэты дзень раніцай саджалі некалькі каліў ранняй расады, што абяцала добры ўраджай агародніны.
Благавешчанне лічылася “капусным днём”. Надалей капусту трэба было садзіць у той дзень тыдня, у які было гэтае свята. Акрамя таго, у гэты дзень трэба было абавязкова абкурваць цыбулю для пасадкі, тады яна не дасць стрэлак і не будзе гнісці. У гэты дзень сяляне выконвалі некаторыя дзеянні, скіраваныя на засцярогу хаты, падворка і ўсяго прысядзібнага ўчастка.
Лічылася, што Саракі, Благавешчанне і першы гром былі тымі сакральнымі момантамі, у якія адкрывалася зямля і змеі-гадзюкі, жабы, пацукі, шкодныя насякомыя, а разам з імі і нячыстая сіла выпаўзалі на яе паверхню. Каб прадухіліць зусім непажаданыя сустрэчы з гэтымі пачварамі, “перакрыць” ім дарогу, узвесці рытуальную непераадольную мяжу, людзі выконвалі напярэдадні або менавіта ў святочны дзень спецыяльныя магічныя дзеянні.
Напрыклад, абкошвалі траву вакол хаты (Лельчыцкі раён), абмяталі саму хату і падворак, абсыпалі макам-ведуном (Калінкавіцкі раён), акрэслівалі па нізе хаты крэйдай (Лунінецкі раён). Асаблівая ўвага надавалася раскладанню агню, з дапамогай якога “зямля ачышчалася” ад усялякай старызны.
Агонь, вогнішча, запаленая свечка — з’ява, характэрная амаль што для ўсіх святаў каляндарнага цыкла. Благавешчанскі агонь быў яшчэ адным звяном у паэтапным ачышчэнні зямлі, сядзібы і хаты ад бруду, ён перакрываў доступ нячыстай сіле на сялянскі падворак. Яшчэ адно вельмі важнае дзеянне выконвалася ў хаце на прыпечку.
Старэйшая жанчына выграбала некалькі вугалькоў на заслонку і пасыпала іх соллю. Перапякалі соль і на патэльнях. Яна нароўні з чацвярговай і велікоднай лічылася не толькі надзейным абярэгам, але і эфектыўным прафілактычным і лячэбным сродкам народнай медыцыны. Гэту соль дабаўлялі ў “бяшкі” — невялікія булачкі, з дапамогай якіх лячылі хатнюю жывёлу.
Дарэчы, Благавешчанскі попел захоўвалі асобна і таксама выкарыстоўвалі як прафілактычна-прадуцыравальны сродак. Ім пасыпалі капусту і іншую гародніну, каб засцерагчы ад шкоднікаў. У склад святочных абярэгаў уваходзілі просвіра і свянцоная вада, якую ўзялі на Благавешчанне ў царкве. Іх захоўвалі цэлы год на той выпадак, калі ў сям’і хто-небудзь захварэе.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=31186 |