ЧАМУ НА ВЯСЕЛЛІ ПАВІННА БЫЦЬ ГОРКА!..
Сёння даволі цяжка вызначыць тую эпоху або той дакладны час, калі ў структуры вясельнага абраду ўзнікла такое выключнае па сваёй эмацыянальнай афарбоўцы рытуальнае дзеянне, як публічны пацалунак маладых.
Звычайна ён суправаджаецца аглушальным заклікам гасцей, якія разам скандзіруюць «Горка!» А што ж усё такі стаіць за тым рытуальным дзеяннем, калі жаніха і нявесту літаральна прымушаюць цалаваць адно аднаго ў прысутнасці ўсёй радзіны і аднавяскоўцаў?
За вясельным сталом пацалунак паміж жаніхом і нявестай адбываўся на вачах усёй радзіны, прычым пад яе прымусам, і, што вельмі цікава, калі маладыя стануць нейкім чынам супраціўляцца калектыўнаму патрабаванню, то гэта нязгода можа атрымаць катэгарычную негатыўную ацэнку.
Магчыма, калектыўнае падбухторванне да пацалунка было знакам таго, што юнак і дзяўчына пераходзілі ў дарослае жыццё, якое вымагала зусім іншага характару і ўзроўню адносін паміж мужчынам і жанчынай.
У дадзеным выпадку ўдзельнікі святочнага застолля станавіліся свайго роду настаўнікамі моладзі ў іх першых кроках сумеснага жыцця. Акрамя жартаўліва-падбухторваючага «Горка!» за вясельным сталом маглі прагучаць і іншыя парады, пажаданні і нават перасцярогі, якія тычыліся «дарослага» жыцця будучай сям’і.
Аўтар: «Народная газета».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/f8d312d56d8615af.html
|