НІТКА
У светаўспрыманні беларусаў рэч, якая сімвалізуе рух і змену (у рэальным і міфалагічным жыцці). Падчас ткання на падлогу падае “пухлік”, ад ільняной ніткі – “лянок”. Выпрадзеная з гэтага пухліка Н. набывае магічную сілу. Калі абвесці гэтай Н. дзверы клеці, то злодзей, што туды трапіць, адтуль выйдзе, пакуль гаспадар не зніме Н.
Падпаясаўшыся трыма такімі Н., выпрадзенымі левай рукой, седзячы на печы можна ўбачыць, як у хату будуць уваходзіць душы продкаў. Для рытуалаў характэрна прысутнасць чырвонай Н. (колер узмацняе і пашырае рытуальны кантэкст Н.). Семантыка чырвонай Н. прадстаўлена ў абрадах жыццёвага цыкла, маркіруючы пераходны стан іх аб’ектаў: немаўля, жаніха і нявесты, нябожчыка.
Толькі што народжанае немаўля абвязвалі чырвонымі Н., нябожчыку завязвалі чырвонай Н. рукі і ногі. Пагранічны стан маладых у вясельным рытуале рабіў іх безабароннымі для дзеянняў ведзьмакоў.дзеля абаронаў існавала сістэма рытуалаў. Калі сяброўкі маладой ішлі да жаніха, то бралі з сабой суравую Н., спрадзеную асаблівым спосабам: патаемна, павяртаючы верацяно ў левы бок, г. зн. насуперак Сонцу (рух па сонцы належыць да свету культуры, а рух супраць сонца – сфера “іншага” свету).
Гэта класічны варыянт вырабу рытуальнай рэчы, якая б забяспечвала сувязь паміж супрацьлеглымі локусамі: домам маладой (асвоеная прастора) і домам маладога (неасвоеная прастора). З дапамогай Н. можна было вылечыць некаторыя хваробы. Ссучыўшы папярэдне Н. з дзікай канаплі ці крапівы, вядзьмарка прасіла хваробу пакінуць чалавека. У іншым выпадку “яе ніткай завяжуць і спаляць”.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3693