ДЗЕДАВІЦА

ВОСЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 34
    Гасцей: 34
    Карыстальнікаў: 0

    ЛЕГЕНДА ПРА ВОСАВА

    Наша вёска ўзнікла на тым месцы, дзе ў старадаўнія часы людзі займаліся бортніцтвам, а таксама здабывалі мёд з асіных кублоў. Старыя людзі расказваюць, што на свеце гнюс ды восы з'явіліся вось адкуль. Як Бог ствараў усялякіх звяроў і птушак, неабходных на зямлі, то побач з ім сядзеў і нячысцік.

    Справа ў тым, што яны тады яшчэ сябравалі і ўсюды хадзілі разам. Вось Усявышні злепіць з гліны якога звера і выпусціць.

    — Бяжы, радуйся жыццю, размнажайся. Потым пабачу, як ты прыжыўся, а пакуль што сам мацуйся. Нячысціку весела ад такіх слоў, ён задзярэ капыты і рагоча, ажно валасаты жывот яго калышацца.

    — Чаго ты? — пытаецца Бог.

    — Ды смешна такія словы чуць.

    — Чаму? — Смешна, дый годзе.

    — Ты сам бы што-небудзь карыснае зрабіў, тады не смяяўся б, зведаў бы, як гэта цяжка.

    — А і паспрабую.

    — Паспрабуй, паспрабуй, то перастанеш качацца ды рагатаць з чужой працы.

    Пасля гэтага чорт пачаў пільна сачыць за тым, як Усявышні працуе. Вось набраў Бог у жменю пяску, падкінуў вышэй і крыкнуў: «Ляціце, усялякія птушкі: дробныя і вялікія, галасістыя і не надта...» Птушкі адразу пырхнулі ў розныя бакі і заспявалі на розныя галасы, тым самым аддзячваючы свайму стваральніку.

    Тут і нячысцік асмялеў, захацелася і яму ў такой адказнай справе быць нароўні з Богам. Набраў ён поўную жменю сухога-сухога пяску, устаў, падкінуў яго ўгору і, гэтаксама як і Усявышні, прамовіў: «Ляціце!»

    Каб жа ён, чорт дурны, здагадаўся сказаць, каго стварае, то ўсё, можа, і добра атрымалася б. Але ён не дадаў, толькі адно слова і прамовіў, таму з кожнай драбнюткай пясчынкі сыпанулі тыя самыя жывыя істоты, якія і да сённяшняга дня людзям жыць спакойна не даюць: восы. Спачатку яны жылі побач з жыллём чалавека, не забіраліся ў глухія мясціны.

    Праўда, карысці ад іх было мала: хіба што якая лыжка мёду. Калі надакучылі людзям балючыя ўкусы вос, то сталі нашы продкі іх агнём ды дымам выкурваць з дуплаў і кублоў ці ўвогуле вынішчаць або далёка куды выганяць. 3 цягам гадоў восы пасяліліся ў глухіх лясах і на дужа высачэнных дрэвах, куды і залезці было няпроста, таму вяскоўцы ўвогуле перасталі іх чапаць. Каму ахвота займацца цяжкай справай дзеля конаўкі мёду?

    Лепей пашукаць кубло дзікіх пчолак ды выдраць яго. Тыя і не так балюча кусаюцца, і мёду там значна болей. Так і ў нашых мясцінах здарылася. Сяляне, якія жылі пасярод адвечнага бору, займаліся бортніцтвам, а на вос і ўвагі не звярталі. Так вялося не першы год.

    Старыя малым наказвалі:

    — Вос, дзеткі, не чапайце, а яны вас ніколі не зачэпяць, бо баяцца, што на іх нашая ярасць абрынецца. Хто зачэпіць — той ліха займее, бо восы з нячысцікам звязаны і не даруюць крыўды. Пару стагоддзяў местачкоўцы жылі тут, і ўсё ціха і спакойна было ў гэтых адносінах. I вось аднаго разу ехаў сюдою дужа багаты пан. I не адзін, а са шматлікімі сябрамі, і не проста так, а на паляванне.

    Звяроў і птушак гэтулькі раней было, што пры здаровых руках і зоркіх вачах і без стрэльбы можна было набіць. Але памешчыкі голымі рукамі на звера не ішлі — хто баяўся, а хто, каб прыкрыць сваю палахлівасць, сцвярджаў:

    — Не панская гэта справа, а мужыцкая — з голымі рукамі ці з якім ражном на звера кідацца. Яны ружжаў не маюць, то хай так выкручваюцца. Нам больш спраўна з ружжом. Сяляне толькі пасміхваліся, бо даволі часта выпадала наглядаць, як стралялі фанабэрыстыя паляўнічыя: вясковец са звычайным лукам набіваў звера значна больш, чым той памешчык з ружжом ды кулямі.

    Той дужа багаты пан, можа, і праехаў бы далей, але нехта з сябрукоў крыкнуў:

    — Якія тут мясціны прыгожыя! Давайце тут прыпынімся! Вогнішча слугі распаляць, вып'ем па чарцы-другой, пастраляем! Куды нам спяшацца? — Сапраўды, чаму б і не прыпыніцца? — загулі астатнія паны. Гаспадар азірнуўся, каб пабачыць, ці ўсе такога жадаюць, і прамовіў, патрапляючы гасцям у лад: — А што, мне таксама тут падабаецца, давайце спынімся.

    Сконіліся і тут жа загадалі слугам раскладваць вогнішча, есці варыць ды смажыць, а самі за пляшкі ўзяліся. Як пачалі піць, ды не маленькімі ж чаркамі, то ўзмацнелі галасы, і неўзабаве нехта запытаўся.

    — А чаго гэта ў нас так маркотна?

    — Сапраўды, чаго?

    — Дык што пан прапануе?

    — Давайце пагуляем у хованкі. Наступіла цішыня. Паны хоць і п'яныя былі, але не настолькі, каб гуляць у хованкі. — Што гэта вы, шаноўны, прапануеце нейкую дзіцячую гульню?

    Другі голас здзекліва дадаў:

    — Ды яшчэ і хамскую.

    Астатнія падтрымалі:

    — Так, трэба ў што іншае гуляць, а то дома сорамна будзе сказаць.

    — То няхай пан і не гаворыць, хто яго за язык цягне. Доўга, мабыць, спрачаліся б, каб не рашучы голас гаспадара, якога ўсе паважалі і да ягонага меркавання прыслухоўваліся: — А што, давайце пагуляем, чаго саромецца? Будзе пра што дома згадаць.

    Паны зарагаталі, і зноў узнікла пытанне:

    — Хто вадзіць будзе?

    — Давайце я, — падрадзіўся гаспадар.

    Паны пабеглі ў розныя бакі — хавацца, а гаспадар вочы заплюшчыў і стаяў ля карэты, чакаў, пакуль скажуць ісці шукаць. Божачка, што тут пачалося! Лес загуў на розныя галасы — гэта дражнілі таго, хто вадзіў.

    А ён, хітры, прыслухаўся, вызначыўся, дзе шукаць большасць з памешчыкаў, і паклікаў, сказаўшы, што бачыць іх. Знайшоў усіх, акрамя аднаго. А той жа дацяміў — залез на сасну і стаіўся, перакананы, што ніхто яго не знойдзе.

    Так бы яно і было, але пан убачыў мноства, як яму самому падалося, пчол, што віліся ля кубла. Зразумеў вяльможны, што гэта пчолы мёд зносяць у кубло, і вырашыў набраць мёду і пачаставаць астатніх. Але як гэта робіцца, можа, і не ведаў.

    Адным словам, раскатурхаў ён тых пчол, а на самай справе аказалася, што гэта былі восы, і ўжо працягнуў руку да кубла, як у гэты самы адказны момант яго пачалі джаліць восы. Ён, бедалага, як ні хапаўся за голле, але не ўтрымаўся і гопнуўся долу.

    — Вось ён! — усклікнуў задаволены гаспадар.

    — Апошні! Але той ратаваўся ад вос: круціўся, адбіваўся, а потым... пабег да паноў. Неўзабаве ўсе яны вылі дзікімі галасамі і імкнуліся куды-небудзь схавацца, але паратунку ад ліхіх вос не было.

    Пазашываліся памешчыкі ў непралазныя балаціны, у гушчар, у кустоўе, да глыбокай ночы іх потым слугі збіралі. Дасталася там панам. Ледзьве выехалі познім часам, а тую мясціну так і празвалі ў народзе — Восава. Зараз, канешне, зусім ужо не тое, што даўней было.

    А.М. Ненадавец

    Крыніца: http://www.vlib.by/PRIDVINIE-1/GLUBOKOE/Legends-GLUBOKOE-1.htm

    АСА.

    Міфапаэтычная сімволіка выявы Асы вызначаецца такімі яе асаблівасцямі, як лятучасць і вытанчанасць, з аднаго боку, і дакучлівасць (узмоцненая манатонным гудзеннем), агрэсіўнасць, джалячыя уласцівасці - з другога. Першай асаблівасцю тлумачыцца ў вядомай меры шырока распаўсюджанае ў шэрагу традыцый уяўленне пра тое, што Аса - душа чалавека ці пераўтвораны міфалагічны персанаж.

    У шаманскіх культурах Сібіры было распаўсюджана ўяўленне пра здольнасць душы шамана ператварацца ў Асу і ў такім выглядзе дасягаць неба і бога. У Манголіі шаманы разглядалі Асу як жыллё, у якім хаваецца вонкавая душа. У эпічным цыкле пра Гесера лама, які задумаў забіць Гесера, пасылае да яго з гэтай мэтай сваю ўласную душу ў выглядзе Асы: кожны раз, калі Гесеру атрымоўваецца схапіць Асу, лама траціць прытомнасць.

    У шэрагу традыцый душа ведзьмы таксама нярэдка прымае выгляд Асы (пар. матыў выкрыцця ведзьмы чалавекам, які бачыць, як падчас сну душа ў выглядзе Асы ўкараняецца ў цела ведзьмы), у прыватнасці, пакідаючы спячую ведзьму, з тым каб шкодзіць людзям. Гэтыя ж уласцівасці Асы матывуюць яе функцыянаванне ў якасці культурнага героя. У казцы афрыканскіх чагга (Танзанія)

    Аса атрымлівае агонь ад бога; яе спадарожнікі ў палёце за агнём (грыф, арол-рыбалоў і крумкач) не вытрымалі цяжкага шляху і загінулі; ва ўзнагароду бог робіць Асу правадыром усіх птушак і гадаў і вызваляе яе ад нягод нараджэння нашчадства. Як культурны герой, які навучыў людзей ганчарнаму мастацтву, выступае Аса і ў шэрагу паўднёва-амерыканскіх індзейцаў.

    У шматлікіх традыцыях Аса - узор мудрасці, хітрасці, спрыту; яна выступае як пасроднік ці суддзя (пар., напр., фальклорную схему, выкарыстоўваную ў байцы Федра пра пчол і трутняў перад судом Асы.). Тэму ж укуса Асы актуалізуе еўрапейская казка пра тое, як ліса прыводзіць мядзведзя да дупла з асіным мёдам і як Аса карае мядзведзя.

    З гэтай жа тэмай злучана і папуасская казка пра тое, як Аса набыла сваю афарбоўку: паляўнічы ў лесе выпадкова наступае на гняздо Вос, яны яго джаляць да смерці: уначы паляўнічы з'яўляецца ў сне перад жонкай і просіць прыйсці да яго; раніцай жонка прыходзіць і спальвае яго цела; Восы моцна абгараюць у агні, набываючы чорны колер, акрамя сярэдзіны спінкі і брушка, якія застаюцца жоўтымі.

    У шматлікіх фальклорных тэкстах (напр., у амхарскай казцы) гультаяватыя, схільныя да хвальбы, падступныя, джалячыя Восы супрацьпастаўляюцца працавітым, сціплым і мірным пчолам.

    Папулярныя матывы шкоднаснасці і драпежнасці Вос, якія атрымалі распрацоўку і ў літаратуры,- ад камедыі Арыстафана "Восы", дзе драпежныя інтрыганы выступаюць у выглядзе старцаў з утрыравана вялікім асіным джалам, да міфалагемы Вос Мандэльштама пра магутныя хітрыя Восы (уладных людзі), "смактальных вось зямную".

    Крыніца: http://enc-dic.com/enc_myth/Osa-2705.html

    АСА.

    Для засцярогі скаціны ад хвароб, у хлявах змяшчаюць асіныя гнёзды.




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz