ЛІХАМАНКА, ТРАСЦА, ХІНДЗЯ, ХОНДЗЯ, НЕЗБУЦЬ, ФЫБРА, ЦЁТКА, ШУНЯ, ВАРАГУША, ІРАДАВА ДАЧКА
Дэманалагічная постаць хваробы. Найчасцей персаніфікавалася (як і іншыя хваробы – воспа, халера, чума) у жаночым абліччы рознага веку, у залежнасці ад пары года: ці маладой дзяўчыны, ці прыгожай жанчыны, ці злоснай пачварнай бабы. Радзей уяўлялася ў выглядзе мухі, парушынкі, струменю паветра, пары.
Розныя формы працякання хваробы спарадзілі ўяўленні пра 7, 9, 12 і нават 77 сясцёр (цётак) – Л. Іх таксама звалі дочкамі цара Ірада (“ірадава племя”). У ліку іх –
1) смяротная, якая выклікае смерць без выключэнняў;
2) нутраная, якая паражае вантробы, нудзіць каля сэрца;
3) павярхоўная – “ скура выбіваецца наверх”;
4) касцявая, якая суправаджаецца ламатою ў касцях;
5) пудавая, што ўзнікае з перапуду;
6) лістаадзеватная, якая пануе ўвесну;
7) лістападная, ці восеньская;
8) гарохавая – праяўляецца, калі гарох цвіце;
9) асінавая – лічылася, што трасцы сядзяць на асіне і калоцяць яе, з-за чаго тая заўжды трасе сваім лістам;
10) ядленьцавая;
11) агнявая;
12) ледавая. Існавалі больш дэталёвыя назвы ў Л. веснавых (сонная, гарачая, мокрая, губастая, пякучая, ліхучая, жоўтачка) і восеньскіх (сцюдзяная, вадзяная, сінючая). Яны аднолькава шкодныя, але ў рознай ступені жорсткія ў дачыненні да сваёй ахвяры.
Сёстры – Л. хадзілі па свеце, клікалі людзей нават па імені, і хто ім адгукаўся, у тым адна з сясцёр, залазячы пад кажух ці світку, пасялялася і прыносіла страшэнныя пакуты.
Выпіўшы з яго сокі, Л. пераходзіла ад чалавека да чалавека. Л. на ўвесь свет не хапае, і таму яны толькі перыядычна наведваюць сваіх ахвяраў. Час ад часу Л. збіраюцца разам, расказваюць пра свае справы, складаюць планы, абмяркоўваюць нагледжаныя ахвяры. Часам з’яўляюцца ў сне, прадказваючы пачатак ці зыход хваробы, або засцерагаюць ад яе пагрозы.
Есці ў сне яйкі, піць піва, цыганоў бачыць – нібыта азначала, што чалавек захварэе на Л., якая можа ўвайсці ў чалавека і падчас ягонага сну на зямлі. Страх перад Л. забараняў чалавеку лаяць гэтую хваробу, а, наадварот, існавала пэўнае пакланенне ёй: на Дзяды нават клікалі на вячэру “Трасцухну – матухну”, каб залагодзіць яе, не наклікаць яе гнеў.
Пра яе ўспаміналі з прыгаворкаю: “Няхай яна здаровенькая і вясёленькая ходзіць”. Л. магла ўвайсці ў чалавека праз страву ў выглядзе мухі, парушынкі. Кінуўшы падазроную рэч у агонь, можна было спаліць з ёю і хваробу, а калі падвесіць у коміне, Л. будзе страшэнна мучыцца і ніколі ў жыцці не прыстане да чалавека.
У якасці выратавальных сродкаў ад Л. падчас прыступу раілі напіцца ці свежага бярозавага соку, ці малака, ці вады, у якой варылася асінавая кара (“клін – клінам”); давалі з’есці аплатку, якая вісела ад Калядаў да Вялікадня, або на Вербніцу з’ядалі 9 пупышак з пасвечанай вярбы.
Каб не было Л., рэкамендавалі купацца ў ледзяной вадзе, спаць у гаросе, калі той цвіце. Дзеля пазбаўлення ад хваробы пакідалі яйка дзе-небудзь на раздарожжы ці ў балоце.
Таксама дзялілі зваранае яйка, абавязкова ад чорнай курыцы, на 77 частак (паводле колькасці Л.) і, склаўшы іх у анучку, кідалі леваруч у ваду, прыгаворваючы: “Ёсць тутыцька вас 77, наце вам вячэру ўсем!”, і, не азіраючыся, беглі дадому, а сёстры – Л. накідваюцца на прынесеную ім ахвяру, і кожная хапае сваю долю.
У якасці ахвяры магло быць прынесена адзенне хворага, грошы ды інш. Тыповым сродкам пазбаўлення ад Л. было палоханне хваробы: нядужага чалавека аблівалі знянацку халоднаю вадою, стралялі ў яго над вухам, прымушалі начаваць на могілках ці пацалаваць мерцвяка.
Каб у хваробы ўзнікла агіда да свайго абранніка, хвораму раілі пацалаваць свінню ў лыч, пасля чаго Л. абавязкова пакіне яго. Імкнуліся ашукаць хваробу падманам: у хаце зачыняліся вокны і пра хворага пісалі: “Яго няма дома, паехаў”.
У гэты час трымалі ў хаце ката ці сабаку, каб хвароба, пакінуўшы чалавека, прыстала да гэтых жывёлаў, якія скінуць яе дзе – небудзь у полі. Пры лячэнні ад Л. выкарыстоўвалі прынцып кола магічнага з улікам магічных лічбаў – напрыклад, хворага прымушалі 13 разоў аббегчы вакол хаты.
Выкарыстоўваліся і сродкі народнай медыцыны, знахарства: адвары зёлак і карэнняў, падкурванне порхаўкамі, змяінай скурай. Хворыя на Л. пасцілі ў суботу, парыліся ў лазні, грэліся на печы, каб з потам выйшла і сама хвароба, не вытрымаўшы гарачыні.
У якасці абярэгаў ад Л. насілі з сабою велікоднае яйка, галаву змяі, жывога кажана, пярсцёнак з цвіка ад труны, стары нацельны крыж, вянчальныя свечкі, якімі падкурвалі хворых.
Заступніцаю ад трасцы лічылася ў народзе Фаціння. Вобраз Л. адлюстраваны не толькі ў павер’ях, легендах, але і ў замовах, дзе хваробу з дапамогаю магічнага слова адсылаюць “на крутыя горы, на ніцыя лозы”, “На сырыя балоты, на гнілыя калоды”, “На векі вякоў”, б’юць “драцяным кнутом”, загароджваюць ад яе “жалезным плотам”.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3193
ЛІХАМАНКА - дух хваробы, які адпавядае яе назве, хоць у асобных раёнах Беларусі вядомыя і іншыя імёны - Хондзя, Шуня. Пранікае ў чалавека ў выглядзе парушынкі. Калі гэту парушынку кінуць у печку, яна згарыць, а калі ўкласці ў шкарлупіну яйка, то Ліхаманка будзе страшна мучыцца і ад чалавека адстане.
Крыніца: http://old.knihi.com/artykuly/jaryla-ras.html
|