ВІЛЬНЯ
Горад, заснаваны вялікім князем літоўскім Гедымінам (1316 – 1341) блізу 1323 г. (паводле Стрыйскоўскага, у 1322) пры сутоку рэк Вяллі і Вільні. Горад атрымаў сваю назву ад ракі. З В. быў звязаны шэраг міфалагічных паданняў. Паданне, змешчанае ў Хроніцы Літоўскай І Жамоўцкай і ў блізкіх да яе летапісах, апавядае, што Гедымін паехаў са сваёй сталіцы Трокаў на паляванне каля ракі Вяллі. На адной з гор ён забіў магутнага тура.
Пазней гэтая гара атрымала назву Туравай. Стрыйкоўскі сведчыць, што з чэрапа забітага тура быў зроблены пазалочаны куфар, які доўгі час быў скарбам вялікакняскай сям’і, і толькі князь Вітаўт падараваў яго імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунду. Пачыналіся прыцемкі, і Гедымін спыніўся на ноч каля свяцілішча Швінтарога, дзе спальвалі літоўскіх князёў, пры сутоку Вяллі і Вільні.
У сне яму з’явіўся вялікі жалезны воўк, які стаяў на Туравай гары і выў як сотня ваўкоў. Сон уразіў князя, і ён пажадаў даведацца аб яго значэнні. Быў выкліканы вярхоўны паганскі святар крыве-крывэйтыс Ліздзейка, які і растлумачыў князю, што на гэтым месцы трэба закласці горад, слава якога, як сведчыць выццё ваўка, разыдзецца па ўсім свеце. Гедымін прыносіць ахвяры ў свяцілішчы Швінтарога і намерваецца перанесці свю сталіцу.
Паданне аб заснаванні Вільні належыць да шматлікіх міфаў аб заснаванні гарадоў на месцы паспяховага палявання , якія пашыраны ва ўсім свеце. Само паляванне валадара дзяржавы амаль ва ўсіх традыцыях мела добра вызначаныя сакральныя рысы, яму аддавалася вялікая ўвага ў рэлігійных культах і мастацтве. Забойства звера перад пабудовай горада можна разглядаць як міфалагічнае разуменне ахвярапынашэння, якое ў рэлігійным плане будзе спрыяць будучыні горада.
Відаць, нездарма ў паданні выступае менавіта тур (параўн. Тураў), бо гэтая жывёла вельмі шанавалася ў Вялікім Княстве Літоўскім. Так, тур ці бык удзельнічаў у рэлігійных рытуалах клятвы пры дзяржаўных дамовах. Адмысловую ролю гэтых жывёл адзначае аўтар “Песні пра зубра”. Другі звярыны персанаж, які дзейнічае ў паданні, - воўк. Гэта таксама невыпадкова. І ў беларускай, і ў літоўскай міфалогіях добра прасочваецца сувязь вобраза ваўка з ваяўнічасцю.
З ваўкамі параўноўваліся шматлікія князі-ваяры, перш за ўсё Усяслаў Чарадзей. Не забываймася і на тое, што ў беларусаў наагул сустрэча з ваўком падчас падарожжа ўважалася за вельмі добрую, спрыяльную прыкмету. Далей Хроніка сведчыць, што на Туравай гары Гедымін пабудаваў Верхні замак. Тут жа, па словах летапісца, было закладзена свяцілішча “Перкунаса, ці Перуна”. Стод Пяркунаса быў з крамяню, і святары высякалі з яго новы агонь.
Каля стода гарэла непагаснае вогнішча. Ніжні замак быў пабудаваны на гары Швінтарога, летапісец называе яго яшчэ Крывым замкам. Гэтая думка аб ідэнтычнасці Ніжняга і Крывога замкаў доўгі час не аспрэчвалася. Але цяпер з’явіліся падставы казаць аб магчымасці існавання яшчэ адной асобнай часткі будучага горада за ракой Вяллёй – Крывога горада (параўн. пасад Крывец у Полацку). Яго назву можна выводзіць не толькі ад характару пагоркавай мясцовасці, але магчыма бачыць сувязь назвы з этнічным кампанентам крывічоў. Супольнае жыццё розных этнасаў на адной тэрыторыі было нярэдкім пры пабудове шматлікіх гарадоў.
У структуры пабудовы горада можна ўбачыць пэўную сістэму. Перадусім гэта структурная вертыкаль Верхні замак – Ніжкі замак, звязаная з міфалагічным супрацьпастаўленнем верху і нізу. Верх звязваўся з Перкунасам, свяцілішча якога ўсталяваў Гедымін (не зусім зразумела, што адбылося са свяцілішчам Пяркунаса на Швінтарозе). Ніз атаясамліваўся з пахавальнымі рытуаламі і іх багамі, якія адначасова маглі быць багамі багацця і надаўцамі плоднасці.
Безумоўна, што сваю ролю ў гэтым плане адыгрывала месца спалення памерлых князёў. На думку У. М. Тапарова, семантыка ніжняга свету, царства памерлых і звязанай з ім плоднасці ўвайшло і ў назву горада – Вільня, якое паходзіць ад назвы ракі (узмацняюць карціну і найменне другой ракі і яе другое імя – Вялля-Нярыс). Ён звязвае назву горада з і. е. *vel-/ *vil-/ *vol- - з ідэяй царства памерлых і плоднасці.
З гэтым жа семантычным пластом звязана і імя аднаго з самых шанаваных славянамі багоў – Воласа – Вялеса, “ скоццяга бога”, бога багацця, валадара свету памерлых (параўн. літ. Velnias “чорт”, velionis “нябожчык” і да т. п.). Дарэчы, у гэтым плане можна параўнаць і гарадскую структуру Кіева, дзе свяцілішча Перуна знаходзілася на княскім двары на гары (верх), а стод Вялеса – на Падоле, у гандлёвым раёне блізу Дняпра (ніз).
Калі ўлічваць магчымасць існавання ў Вільні асобнага Крывога горада, можна ўбачыць і іншую, траістую, гарызантальную, а можа, і сацыяльную структуру. Тады ёсць падставы казаць і пра магчымую суаднесенасць трох частак адзінага горада з траістай сістэмай падзелу і. – е. грамадства паводле Ж. Думезіля, калі Верхні замак звязваўся з ваярамі і княскай уладай, Ніжні – са святарамі, а Крывы горад – з рамеснікамі.
Хоць і гэтая траістая структура можа згортвацца да дваістай па этнічным прынцыпе: балцкі элемент – славянскі элемент. Пазней у міфалогіі, звязанай з Вільняй, усё больш актуалізуецца яе падабенства з Рымам. Гэта, вядома, адпавядала спробам валадароў ВКЛ весці сваё паходжанне з Рыма праз Палямона.
Так, неаднаразова адзначаецца, што, як і Рым, Вільня пабудавана на 7 пагорках. Да пазнейшых навацый далучым і версію польскага храніста Я. Длугаша пра рымскага (італьянскага) арыстакрата князя Вілюса, які быццам бы і заснаваў Вільню.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1