ЛЕГЕНДАРНЫ ДУБОК
Далейшы наш шлях ляжаў на культавую крыніцу каля вёскі Дубок. Уздоўж левага берага Віліі ідзе дарога. Пры лесе злева стаіць высокі драўляны крыж, а праз 10—20 метраў вялікая капліца з камянёў і цэглы.
Дзверы не на замку, можна зайсці і памаліцца. Ідзём далей, з правага боку дарогі – столік і лавачкі, але ўжо напаўразбураныя. Яшчэ далей з гэтага ж боку, на самым беразе ракі Віліі стаіць драўляны крыж і мураваная адкрытая каплічка вышынёй каля 6 метраў з жалезным крыжам наверсе, падзеленая на дзве нішы.
У адной з ніш скульптура Маці Божай, у другой з-пад камянёў у цымбравіну сцякае вада. Крыніца, як лічаць мясцовыя, дапамагае ад усіх хвароб. Расказвалі, што раней у пілігрымку людзі прыязджалі за сотні вёрст, а апошнія метры перад святыняй паўзлі на каленях.
Цяпер набажэнствы адбываюцца ў пэўныя святы. У першую нядзелю ліпеня ад Жодзішкаўскага касцёла і Курганскай капліцы сюды кіруюцца працэсіі. Згодна брашуры Рамуальда Дроніча “Pamiątka z Żdziszek wojewodztwa Wiłenskiego”, каля крыніцы было шмат курганоў.
Крыніца: http://pawet.net/library/history/bel_history/dk/29/'Ад_прадзедаў_спакон_вякоў_нам_засталася_спадчына...'.html
|