КЛЮЧЫКІ
Веснавая кветка – залаціста жоўтая прымула, першацвет высокі, якая контурам нагадвае звязку ключоў. Гэтая асаблівасць міфалагічна пераасэнсоўваецца ў народнай традыцыі. Да таго ж К. зацвітаюць у канцы красавіка – пачатку мая, звязваецца з Юр’ем (святкуецца 6 мая н. ст.) і служаць знакам адамкнутай зямлі.
Замкнутасць зямлі да гэтага часу можна растлумачыць тым, што Юр’ева маці згубіла была ключы, як пра гэта пяецца ў веснавой юраўскай песні: “Юр’ева матка пагнала цялятка,
У лес пайшла, у лес пайшла,
Залатыя ключы панясла, панясла.
Юр’ева матка, вярніся, вярніся,
Бо ключы нашліся, нашліся,
Залатыя ключы нашліся, нашліся”.
Матыў згубленых, а потым знойдзеных ключоў, мана пра згубленыя ключы даволі шырока распрацоўваецца ў песенным фальклоры і этыялагічных паданнях пра зязюлю.
І зязюля, і юр’я злучаюцца часавым фактарам, яны пазначаюць пачатак вясны і, больш канкрэтна, час абуджэння зямлі, яе адмыкання, след нейкіх міфалагічных ключоў. У хрысціянскія часы ўзнікненне кветкі тлумачылася тым, што некалі святы Пётра ўпусціў ключы ад раю на зямлю.
На тым месцы, дзе яны ўпалі, з’явіліся кветкі, што нагадвалі іх формай. У беларускіх веснавых песнях гаворыцца часам, што Юр’евы ключы – гэта ключы ад пекла:
“Ой, Юр, Юр, Юр, Юры,
Да маценька кліча:
- Падай ключы пекельны,
Расіцу адамкнуць,
Травіцу ды выпусціць”.
У іншым варыянце веснавых песняў Юр’ева матка просіць сына падаць ключы Пётру зямлю адамкнуць. Ключы Юр’ева матка таксама называе “земляныя” (што адмыкаюць зямлю).
Шмат розных уяўленняў, звязаных з кветкай К., існавала ў еўрапейскіх народаў. Яе выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне, у варожбах, як прываротнае зелле ды інш. Гл. таксама Божай маці пальчыкі.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2652
|