ПОСУД
Сімвалізацыя П. грунтуецца на яго антрапамарфізацыі. Чалавек і П. атаясамліваюцца таму, што абодва з’яўляюцца своеасаблівай ёмістасцю, у якую можна нешта змясціць, да прыкладу, душу. Беларусы нават надзялілі П. рода – полавымі прыкметамі: гладышун і гладышка, гаршчок і гаршчыца (параўн. дзеж і дзяжа). Як і чалавек, П. “нараджаецца, жыве і памірае”.
Паралелізм паміж лёсам чалавека і П. падкрэслівае і яго рытуальнае біццё, якое сімвалічна пазначала нараджэнне чалавека, яго вяселле і смерць. Так, на хрэсьбінах абавязкова разбіваўся горшчык з “бабінай кашай”. Біццё П. пасля першай шлюбнай ночы адпавядала дэфларацыі маладой, а яго функцыя палягала ў пажаданні шчасця, дабрабыту і багацця ў нашчадках.
Наогул біццё П. пры гасцях лічылася за добры знак не толькі для віноўніка свята, але і для таго, хто пабіў, а тое ж без гасцей (асабліва частае) прадвяшчала нешта ліхое. Лічылася, што калі ў таго, хто часта б’е П., гэтак жа часта ідзе кроў з носа, то ён доўга не пражыве. Калі нейкі П. нечакана біўся падчас сватання, то нічога добрага гэта таксама не прадвяшчала. У час пахавання звычай біцця П. упісваўся ў сістэму разрывання сувязі з памерлым з адначасовым пакіданнем магчымасці адыходу душы.
Пусты знутры, П. уяўляўся змесцівам і душаў, і самых розных дэманалагічных істот. Забаранялася пакідаць у хаце старыя вёдры, якія як бы “прыцягвалі” да сябе Дамавіка. Пакінуты на ноч не прыкрытым П. для піцця станавіўся натуральным прытулкам нячыстай сілы. Забаранялася ставіць на стол пусты гаршчок, каб краты не рылі гарод.
Народныя ўяўленні беларусаў таксама звязваюць П. з атмасфернымі ападкамі і касмічнымі з’явамі (параўн. “дождж ліе як з вядра”). У шматлікіх павер’ях абыграецца пустата ці напоўненасць П., яго цэласнасць ці бітасць. Парушаная цэласнасць пазначала адкрытасць межаў паміж светамі. Так, побач з паміраючай чараўніцай клалі “прабітую пасудзіну” з мэтай палегчыць яе адыход. Надбіты або трэснуты П. засцерагаліся трымаць у хаце, бо лічылі за кепскі знак.
Некаторыя віды П. мелі спецыяльнае абрадавае прызначэнне. Так, на вяселлі і пахаванні памінальны напой налівалі ў коўш (кручок) у выглядзе лыжкі з загнутай ручкай (Крупскі р-н). Ручкі каўшоў выконваліся ў выглядзе галоў жывёлаў або птушак, звычайна вадаплаўных. Відавочнае рытуальнае прызначэнне меў вялікі драўляны коўш, які перахоўваецца ў Музеі народнага мастацтва ў Раўбічах.
Гэты коўш адметны тым, што ў верхняй частцы аздоблены паясом з дванаццацці каляндарных знакаў. Верагодна, такі коўш мог выкарыстоўвацца ў навагодніх рытуалах, скіраваных на забеспячэнне дабрабыту на ўвесь надыходзячы год. Многія віды П. маюць выразную шлюбна – эратычную жаночую сімволіку.
У фальклорных тэкстах гэта найперш вядро і кубак (залатыя кубкі). Шлюбная спеласць дзяўчыны сімвалізуецца вядром, поўным вады, з якога поіць свайго каня хлопец. Страта дзявоцкасці можа перадавацца формуламі “распляскаць ваду з вядра” або “ўпусціць у Дунай залатыя кубачкі” і да г. п.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/4233
|