АХВЯРНІК НА БЕРАЗЕ ВОЗЕРА ЦЁТЧА
У часе палявых даследванняў геолагу або археолагу могуць значна дапамагчы краязнаўцы. Яны, займаючыся ўвесь свой вольны час пошукам цікавых звестак пра сваю малую радзіму, іншы раз знаходзяць такі факт або прадмет, які нават прафесіяналу здабыць няпроста. Жыве ў Полацку краязнавец Сяргей Глушкоў. Сам ён рабочы. Яго ведам, асабістай бібліятэцы і захапленню можа пазайздросціць іншы спецыяліст.
Ён не толькі паведаміў, што на беразе возера Цётча ляжыць незвычайны валун, які па абрысах нагадвае ахвярнік, але і паказаў туды дарогу. Патрэбная мясціна знаходзілася ў кіламетры ад вёскі Цётча і паўсотні метраў ад берага возера. Тут, непасрэдна ля падножжа азёрнай тэрасы вышынёй каля 1,8 м у высокай траве, хаваўся той каменны ахвярнік і яшчэ 12 валуноў.
Сам гэты куток з аднаго боку быў адрэзаны шырокай і глыбокай меліярацыйнай канавай, а з другога — прыкрываўся забалочанай, зарослай хмызняком прасторай. Таму камяні і ацалелі. У мінулым, несумненна, была спроба ўзарваць гэтыя валуны: амаль у кожным з іх прасвідраваныя 1—2 дзіркі пад порах, з дапамогай якога зямныя «перуны» знішчалі камяні.
Але, на шчасце, нешта перашкодзіла ім давесці справу да канца. Камяні ляжалі нераўнамерным ланцугом, выцягнутым уздоўж берага з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Усе яны былі спецыяльна перацягнутыя сюды з іншых месцаў, бо на гэтым участку азёрныя адклады з дробназярністага пяску не змяшчаюць абломкаў такіх памераў. Большая частка валуноў была самай звычайнай формы, гэткіх мноства на навакольных пагорках, але прызначэнне пяці з гэтага чортава тузіна разгадвалася.
Сярод апошніх былі яўна апрацаваныя рукой чалавека. Другі камень, калі лічыць з паўночна-заходняга краю, нават здалёк нагадваў ляжачага чалавека. Гэта быў стод, высечаны з цемнаколернага базальту. У яго выразна вылучалася масіўнае тулава, адна рука і ўцягнутая ў плечы галава. Вышыня фігуры складала 2 м 7 см, таўшчыня і шырыня — па 0,7 м. Другая рука была адбітая.
Некалі стод стаяў вертыкальна, а пасля быў павалены. Тут жа ляжала некалькі невялікіх камянёў, якія хутчэй за ўсё раскліноўвалі для ўстойлівасці падмурак стода. Прыцягваў увагу і сёмы валун. Гэта была даволі буйная гранітная камлыга жоўта-ружовага колеру даўжынёй 1,75 м і вышынёй каля 0,7 м. 3 аднаго яе боку была даволі шырокая выемка. Такі ж па форме валун вядомы на востраве Руген у ФРГ.
Там на такім камені ў дахрысціянскую эпоху каля славянскага горада-капішча Гертабург прыносілі чалавечыя ахвяры: няшчаснага прыціскалі спіной да выемкі, адцягвалі за валасы галаву і адсякалі яе на верхнім канцы каменя. На нашым возеры вышэй каменя пад броўкай тэрасы захаваўся невялічкі пагорак. Не выключана, што ахвярнік раней быў пастаўлены на гэтым узвышшы, а пасля скінуты з яго.
Камень пад дзесятым нумарам быў гнейсам мудрагелістай формы, якую надавала яму выветрыванне. Даўжыня каменя дасягала 1,3 м, шырыня — 0,9 м. У Прыбалтыцы такія прыродныя каменныя статуі ў язычніцкім мінулым часта прымалі за стоды і пакланяліся ім. Магчыма, і наш гнейс быў стодам таго ж тыпу. Адзінаццаты валун — шэры дыярыт — меў форму глыбока выдзеўбанай місы плошчай 1,4 на 1,0 м і вышынёй 0,45 м.
Ён быў тыповым рукатворным каменным ахвярнікам. Дванаццаты быў такі ж па складзе пляскаты, трохі выцягнуты валун даўжынёй 2 м, шырынёй 1,2 і вышынёй 0,75 м. У каменя была адна асаблівасць: яго верхняя грань адслойвалася тонкімі пласцінамі. Менавіта такое злушчванне з'яўляецца на глыбах, калі на іх раскладваць агонь. Выходзіла, што на гэтым валуне некалі палілі вогнішча.
Хаця прызначэнне іншых камянёў заставалася незразумелым, прысутнасць у кампазіцыі двух стодаў, двух ахвярнікаў і вогнішча была дастатковым сведчаннем таго, што ў старажытнасці ў гэтым зацішным кутку знаходзілася язычніцкае капішча. Канструкцыя збудавання была не падобная на іншыя капішчы, дзе звычайна закругленыя ці хаця б прастакутныя абрысы.
Тут камяні ляжалі ў выглядзе палосы. Не выключана, што такое размяшчэнне валуноў вынікала са знаходжання на беразе. Зараз камяні аддаленыя ад яго і знаходзяцца вышэй урэзу вады на 70 см. Даўней, калі раслі лясы і вадаёмы яшчэ былі паўнаводныя, валуны стаялі проста ля берага. Да іх тады можна было дабірацца і на чоўнах.
ЛІТАРАТУРА
1. Дучыц, Л. Аб чым расказваюць знаходкі / Л. Дучыц // Патрыёт (Ушачы). – 1990. – 28 жн.
2. Дучыц, Л. Курганны могільнік каля в. Селішча Ушацкага раёна / Л. Дучыц // Гістарычна-археалагічны сборнік. – Мн., 1994. – Ч. 3. – С. 122 – 131. 3. [Курганы могільнік каля мястэчка Селішча] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г.К. Кісялёў [і інш.]. – Мн., 2003. – С. 31 – 32.
Крыніца: http://vlib.by/pridvinie/index.php/pomniki-all-raions-lib/1283-axviyarnik-yshatskiy-raion
|