ДЗЕДАВІЦА

КАЛЯНДАР ЯК СІСТЭМА ВЫМЯРЭННЯ ЧАСУ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАЛЯНДАР ЯК СІСТЭМА ВЫМЯРЭННЯ ЧАСУ

    У тым календары, які дажыў да пачатку ХХІ стагоддзя, захавалася некалькі сістэм вымярэння і ўпарадкавання часу, якія прынцыпова адрозніваюцца адна ад адной. Зразумела, што найстаражытнейшай асновай нашага традыцыйнага календара было неадольнае імкненне гарманізацыі (прыстасаванасці, суаднесенасці, прымеркаванасці) працоўнай дзейнасці і грамадскага жыцця нашых продкаў з глабальнымі касмічнымі рытмамі, заўважыць і асэнсаваць якія дапамагаў стан прыроды.

    Гэты рытм спрыяў выкананню работ, зарыентаваных на выжыванне чалавека, а таксама наладжванню і выпрацоўцы правіл сацыяльных паводзін, адносін паміж чалавекам і грамадствам. Гісторыкі культуры небеспадстаўна сцвярджаюць, што практычна ўсе цывілізацыі, якія некалі жылі на Зямлі, пакланяліся Сонцу, Месяцу і іншым касмічным свяцілам або зоркам (Венера, Сірыус) і нават цэлым сузор’ям, асабліва тым, што складалі Млечны шлях.

    У аснове славянскага ўпарадкавання часу таксама ляжалі тыя касмічныя фактары: перш за ўсё рух Сонца па небасхіле, які ўтвараў сутачны рытм жыцця. Другім прыродным касмічным метраномам з’яўляўся Месяц, які на працягу 28 дзён праходзіў чатыры фазы рознай яго бачнасці з паверхні Зямлі і адпаведна гэтаму задаваў рытмічную паўтаральнасць часу працягласцю адзін месяц, што складала поўны цыкл начнога свяціла, і адзін тыдзень, працягласць якога адпавядала адной фазе Месяца.

    І ўсё ж найважнейшым структураўтваральным элементам традыцыйнага народнага календара быў рух Сонца. Вядома, што ў сваім гадавым колазвароце яно праходзіць чатыры асноўныя прамежкавыя фазы, кожнай з якіх у народным жыцці адпавядала шматдзённае, разгорнутае ў часе і прасторы святкаванне.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27979

    У народнай культуры ўсходнеславянскіх, у тым ліку і беларускага, народаў існуе некалькі форм календароў або сістэм вымярэння часу, кожная з якіх мае свае функцыі і сваё культурнае асяроддзе.

    Мы глыбока перакананы, што ў традыцыйнай культуры беларускага народа час упарадкаваны не ў адным універсальным календары, які ахоплівае ўсе сферы гаспадарчай дзейнасці чалавека і сферу абрадавай практыкі, а па меншай меры ў чатырох, духоўная прастора якіх хаця ў нейкай ступені і дапаўняе адзін аднаго, але ўсё ж існуе на розных узроўнях зямнога быцця.

    ХРАНАЛАГІЧНЫ КАЛЯНДАР

    Адну з такіх сістэм упарадкавання часу мы назавём храналагічным календаром. Дзень за днём ён парадкуе жыццё чалавека, перамяжоўваючы будзённыя і святочныя дні. Храналагічны каляндар — гэта адлюстраванне практычна ўсіх бакоў жыццядзейнасці чалавека, сям’і, роду, вёскі, горада, усяго народа ў штодзённай паслядоўнасці, дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам — і так на працягу ўсяго каляндарнага года. У яго аснове ляжыць рух сонца па небасхіле.

    Як правіла, галоўныя святы гэтага календара прымеркаваны да важнейшых фаз свяціла ў яго гадавым колазвароце. У яго структуру ўваходзяць Каляды, Масленка, Грамніцы, Саракі, Вялікдзень, Радаўніца, Зялёныя святкі, Граны або Русальны тыдзень, Купалле, Жніво, Багач, восеньскія Дзяды і інш. У дахрысціянскую эпоху гісторыя зямной цывілізацыі вяла свой адлік ад Стварэння свету.

    А кожны наступны год у пэўнай ступені паўтараў папярэдні, таму што класічны прынцып успрыняцця часу ў старажытным грамадстве быў сфармуляваны ў выключнай па сваім змесце формуле: “Усё вяртаецца на кругі свае”. Прынцып гэты быў пераняты чалавекам з таго прыроднага асяроддзя, у якім ён жыў і працаваў.

    Кожны год на пачатку вясны прырода паступова ажывала пасля шматмесячнага зімовага сну: поўніліся сокам дрэвы і расліны, летам яны дасягалі найвышэйшага росквіту, а затым пачыналі рыхтавацца да смерці. Спачатку лісце жаўцела, потым абсыпалася, і дрэва паціху замірала.

    Але ж на наступны год, як толькі станавіліся даўжэйшымі дні, калі з выраю вярталіся птушкі, усё зноў ажывала і рушыла па таму самаму колу, як і шмат гадоў назад. Зусім невыпадкова універсальным сімвалам формулы закальцаванасці, вяртання на кругі свае ў старажытных цывілізацыях была гліняная або бронзавая выява змяі, якая пажырала свой хвост.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28101

    ХРЫСЦІЯНСКІ КАЛЯНДАР

    У 988 годзе адбылося хрышчэнне ў Дняпры старажытных кіяўлян, і з таго часу пачалося паступовае пашырэнне хрысціянскай веры на землях усходніх славян. Прадстаўнікі новай веры неслі з сабой не толькі новыя духоўныя каштоўнасці, але і новую гісторыю існавання чалавецтва на зямлі, новую сістэму ўпарадкавання часу, прынцыпова іншую сімволіку лікаў (напрыклад, у славян найбольш пашыранымі былі лікі 2, 3, 9, 12, 40, хрысціянства прынесла традыцыю ўшанавання ліку 7, а таксама негатыўнае стаўленне да ліку 13) і сімволіку колераў.

    Новая вера прынесла і зусім іншае разуменне часу. Хрысціянская традыцыя ўнесла прынцыповыя змены як у сістэму каляндарнага вымярэння часу, так і ў асэнсаванне яго пачатку, развіцця і заканчэння. Па-першае, адзінай кропкай пачатку адліку часу на зямлі стаў дзень нараджэння Ісуса Хрыста. Замест эры ад Стварэння свету з’явілася эра ад Нараджэння Хрыстова.

    Нядаўна ўсё чалавецтва адзначыла выключны для зямнога жыцця юбілей — 2000 год з дня нараджэння Хрыста. Па-другое, калі ў старажытнаславянскім календары пазначаліся галоўныя падзеі ў гадавым руху сонца па небасхіле, то асноўныя святы хрысціянскага календара адпавядалі важным падзеям у жыцці Ісуса Хрыста і Дзевы Марыі. Напрыклад, Нараджэнне Хрыстова, Стрэчанне, Богаяўленне, Уваскрэшанне, Узнясенне...

    У выніку атрымалася карціна больш складанага асэнсавання часу: кожны год утрымліваў унутраны рытм паўтаральнасці, але разам з тым кожны поўны цыкл згаданых падзей зямнога і нябеснага жыцця Багародзіцы і Богачалавека крок за крокам аддаляў чалавецтва ад нанава прынятага акта першастварэння свету — Нараджэння Хрыстова.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28170

    РУХОМЫ, НАРОДНА-ПРАВАСЛАЎНЫ КАЛЯНДАР

    Хрысціянскі каляндар прынёс адно прынцыповае новаўвядзенне, якое не проста закранула або неяк паўплывала на змены ў структуры народнага календара, а вымусіла яго пайсці на карэнныя змены ў сваёй структуры. Найбольш буйныя святы веснавога цыклу народнага календара аказаліся пад уплывам праваслаўнай Пасхаліі, якая ахоплівала адрэзак часу ў 20 тыдняў.

    Галоўным святам гэтага перыяду быў Вялікдзень — Пасха, а Пасхалія “кананізавала” час, які пачынаўся за дзесяць тыдняў да Вялікадня, а заканчваўся праз дзесяць тыдняў пасля яго. У сувязі з тым, што хрысціянская Пасха ніколі не трымаецца адной і той жа даты, а адзначаецца ў адпаведнасці з правіламі, выпрацаванымі ў 325 годзе на Нікейскім Усяленскім саборы, якія аб’ядналі заканамернасці нябеснага руху двух свяціл — Сонца і Месяца.

    Вялікдзень стаў рухомым святам (межы вагання якога склалі больш за месяц: 4.04—8.05). Амаль усе святы, што трапілі ў межы ахопу праваслаўнай Пасхаліі, былі прывязаны да асноўнай падзеі гэтага часу інтэрвалам, які быў кратны ліку 7. Так, Масленіцу сталі адзначаць за сем тыдняў да Вялікадня — на восьмым тыдні, а Тройцу (Сёмуху) — праз сем тыдняў пасля яго, у нядзелю.

    Такім чынам, з увядзеннем і прыняццем Пасхаліі ў агульнай структуры універсальнага храналагічнага календара з’явіўся яшчэ адзін каляндар, які аказаўся непадуладным звыклай для славяніна хадзе часу. Гэты сакральны перыяд апынуўся над старажытнай народнай традыцыяй вымярэння і злічэння часу, хаця, калі быць абсалютна дакладным, у рэшце рэшт заўсёды ад яго адштурхоўваўся пры вызначэнні сваіх штогадовых межаў.

    У сувязі з тым, што гэты рухомы каляндар мае свае межы пачатку і заканчэння, сваю логіку развіцця і пабудовы, свой рытм, паслядоўную паўтаральнасць, мы маем права надаць яму рысы самастойнасці і назавём дваццацітыднёвым календаром рухомых святаў, у аснове якога ляжыць праваслаўная Пасхалія, ускладненая логікай народнага асэнсавання.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28201

    Аснову сямейна-родавага календара складаюць важнейшыя рытуальна-абрадавыя комплексы жыццёвага кола чалавека: нараджэнне, вяселле і пахаванне. На першы погляд можа падацца, што гэтыя складаныя абрады гарманічна ўключаны ў структуру храналагічнага календара.

    Аднак на самай справе яны складаюць самастойную сістэму ўпарадкавання часу, якая знаходзіцца ў даволі складаных узаемаадносінах з ім. Адзначым толькі найбольш прынцыповыя рысы ўзаемных стасункаў паміж календаром сямейна-родавым і храналагічным.

    СЯМЕЙНА-РОДАВЫ КАЛЯНДАР

    Аснову сямейна-родавага календара складаюць важнейшыя рытуальна-абрадавыя комплексы жыццёвага кола чалавека: нараджэнне, вяселле і пахаванне. На першы погляд можа падацца, што гэтыя складаныя абрады гарманічна ўключаны ў структуру храналагічнага календара. Аднак на самай справе яны складаюць самастойную сістэму ўпарадкавання часу, якая знаходзіцца ў даволі складаных узаемаадносінах з ім.

    Адзначым толькі найбольш прынцыповыя рысы ўзаемных стасункаў паміж календаром сямейна-родавым і храналагічным. Самы строгі характар узаемаадносін склаўся паміж рытуальна-абрадавым комплексам, які суправаджае смерць і пахаванне чалавека, і паўсядзённа-побытавым і святочна-абрадавым храналагічным календаром.

    Смерць чалавека не спыняла працоўную дзейнасць сям’і памерлага і яго роду, але цалкам забараняла ўдзел ва ўсіх святочных мерапрыемствах. На працягу наступнага года сям’я была ў стане жалобы, аб чым сведчыла нават адзенне іншага колеру. Нараджэнне чалавека было пазначана на храналагічным календары яшчэ адной святочнай падзеяй, але на працягу першага года зямнога існавання дзіцяці на паводзіны яго маці накладвалася вялікае мноства самых розных па характары рэгламентацый.

    Адной з іх з’яўляецца забарона наведваць храм на працягу сарака дзён пасля родаў. На працягу апошняга тысячагоддзя склаліся свае адносіны паміж храналагічным календаром і народным вяселлем. Сталася так, што яно вымушана было падпарадкоўвацца шматлікім заканамернасцям храналагічнага календара і прыстасоўвацца да яго культуралагічных і рэлігійных рэгламентацый.

    Далёка не ўвесь каляндарны год лічыўся аднолькава спрыяльным для святкаванняў вяселляў. Вядома, што вянчанне ў храме не дазвалялася на працягу чатырох доўгатэрміновых пастоў. Акрамя таго, у народнай традыцыі існавала перасцярога спраўляць вяселлі тады, калі Месяц знаходзіўся ў апошняй чвэрці, на збыце і інш.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28210

    ЮЛІЯНСКІ І ГРЫГАРЫЯНСКІ КАЛЕНДАРЫ

    А зараз некалькі слоў пра тое, як складваўся агульнаеўрапейскі каляндар і якім чынам ён уплываў на фарміраванне беларускага народнага календара, які, падкрэслім яшчэ раз, спалучыў у сабе старажытную ведыйскую і больш познюю хрысціянскую традыцыі. Першае, на што трэба звярнуць увагу, якім чынам сталася так, што беларусы праваслаўнага веравызнання адзначаюць якое-небудзь свята ў адзін тэрмін, а каталіцкага — часцей за ўсё на адзін-два тыдні раней.

    Вядома, што самай старажытнай еўрапейскай сістэмай упарадкавання часу быў каляндар, распрацаваны геніяльным палкаводцам, філосафам, астраномам і матэматыкам Гаем Юліем Цэзарам у 46 годзе да н.э. У далейшым ён атрымаў назву ў гонар яго стваральніка — юліянскі. Аднак вытокі гэтага календара трэба шукаць не ў Еўропе, а ў Старажытным Егіпце.

    Сістэма ўпарадкавання часу ў календары гэтай краіны абапіралася на паўтараемы рытм разліваў і перасыхання самай вялікай і свяшчэннай ракі афрыканскага кантынента — Ніла. У сваю чаргу яго рытм быў звязаны з астранамічным рытмам самай яркай зоркі егіпецкага неба — Сірыуса. Прамежак часу паміж першымі ранішнімі ўсходамі зоркі супадаў з летнім сонцастаяннем. У экватарыяльным поясе зямлі гэты прыроднакасмічны рытм складае 365,25 сутак, але для зручнасці жрацы Егіпта вызначылі даўжыню года роўна ў 365 сутак.

    У 46 годзе да н.э. Юлій Цэзар з дапамогай выдатнага александрыйскага астранома Сазігена ўводзіць у дзеянне новы каляндар, галоўнай асаблівасцю якога аказаўся нязменны рытм: у ім паслядоўна чаргаваліся тры простыя (працягласцю 365 дзён) і адзін высакосны (працягласцю 366 дзён). Аднак на гэтым гісторыя рэформ календара не скончылася.

    Справа ў тым, што сярэдняя працягласць года ў юліянскім календары аказалася на 0,0078 сутак (г.зн. на 11 хвілін 14 секунд) большай за трапічны (экватарыяльны) год. У выніку за кожныя 128 гадоў набіраліся “лішнія” цэлыя суткі.

    Атрымлівалася так, што за кожныя 128 год момант праходжання Сонцам кропкі веснавога раўнадзенства перасоўваўся на суткі назад, а ўсе святы, якія былі звязаны з дакладнымі датамі, рушылі на дзень наперад. У канцы ХVI стагоддзя веснавое раўнадзенства аказалася адсунутым на 10 сутак назад і прыпадала ўжо на 11 сакавіка.

    У сувязі з такой супярэчнасцю спатрэбілася правесці новую рэформу еўрапейскага календара. Яе здзейсніў Папа Рымскі Грыгорый XIII на падставе праекта італьянскага матэматыка Луінджы Ліліе.

    У спецыяльным пасланні “Сярод найважнейшых” ад 24 лютага 1582 года Папа гаворыць: “Было клопатам нашым не толькі аднавіць раўнадзенства на са старых часоў прызначанае месца, ад якога з часу Нікейскага Сабора яно адступіла на дзесяць дзён прыкладна і XIV месяцу (поўні) вярнуць яго на месца, ад якога ён на чатыры і пяць дзён адыходзіць, але і ўстанавіць таксама спосаб і правілы, якімі будзе дасягнута, каб у будучым раўнадзенства і XIV месяц са сваіх месц ніколі не сыходзілі”.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28285

    У адпаведнасці з папскай булай восенню 1582 года з календара “забралі” 10 лішніх дзён, і веснавое раўнадзенства зноў апынулася на сваім месцы — 21 сакавіка. Дзеля таго каб каляндар зноў “не набіраў” лішнія суткі, згодна з гэтай жа рэформай кожныя чатырыста гадоў з календара трэба выкідаць трое сутак.

    Каталіцкія краіны Еўропы адразу пачалі пераходзіць на новы стыль летазлічэння. Пратэстанцкія — толькі праз 50—100 год. Праваслаўная царква адмовілася пераходзіць на грыгарыянскі (ад імя Папы Грыгорыя XIII) стыль і да гэтага часу адзначае свае святы па старым, юліянскім календары.

    Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, 24 студзеня 1917 года, Саўнаркам РСФСР прыняў Дэкрэт аб увядзенні у Расійскай рэспубліцы заходнееўрапейскага календара: “З мэтай устанаўлення ў Расіі аднолькавага амаль з усімі культурнымі народамі злічэння часу Савет Народных камісараў пастанаўляе ўвесці напрыканцы студзеня месяца гэтага года ў грамадзянскі ўжытак новы каляндар...

    Першы дзень пасля 31 студзеня гэтага года лічыць не 1 лютага, а 14 лютага, другі дзень — лічыць 15 лютага і г.д.”. Зробім яшчэ адно ўдакладненне. На момант увядзення грыгарыянскага календара розніца паміж ім і юліянскім календаром складала 10 дзён, але да пачатку ХХ стагоддзя яна павялічылася да 13 дзён.

    Усе гэтыя гістарычныя рэформы прывялі да таго, што сёння ў сваім жыцці мы карыстаемся адным і другім календарамі. Усё наша грамадства і дзяржаўныя органы кіравання працуюць у адпаведнасці з еўрапейскім грыгарыянскім календаром, а вось святы праваслаўнай царквы адзначаюцца па старому стылю, па юліянскім календары.

    Так, наперадзе ў нас свята Каляды, якое беларусы-каталікі будуць святкаваць з 24 снежня па 6 студзеня, а праваслаўныя беларусы — з 6 па 20 студзеня, не забыўшыся адсвяткаваць стары Новы год з 13 на 14 студзеня!

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28313




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz