КАХАНЬНЕ ПА-БЕЛАРУСКУ: ЗДРАДА
Таццяна Валодзіна, Вячаслаў Ракіцкі
08.04.2008 г. 1150
(Ракіцкі: ) “Мы ня станем высьвятляць, колькі адсоткаў мужоў здраджвала сваім жонкам, і наадварот. Мы ня станем нават абмяркоўваць, хто здраджваў часьцей. Нам цікава сёньня, як здрада ўвасобілася ў народнай творчасьці беларусаў. А гэта значыць – мы паспрабуем убачыць праблему здрады вачыма нашых папярэднікаў. Убачыць, каб зразумець іх. А заадно паглядзець і на саміх сябе”.
(Валодзіна: ) “Перадусім належыць заўважыць, што каханьне – асабліва пачуцьцё жарсьці, прагі іншае асобы – разумелася нашымі продкамі як вынік звышнатуральнага ўмяшаньня ў жыцьцё чалавека, як апанаваньне пачуцьцём, падобнае да апанаваньня нячыстай сілаю. Для верніка, хрысьціяніна палюбоўная жарсьць становіцца антыподам хрысьціянскай любові й трапляе ў тое ж поле сэнсаў, што й магія. Аб’яднаньне ў традыцыйнай сьвядомасьці плоцевай прагавітасьці з грахоўнай сфэрай стварала той вобразны строй, калі моцнае каханьне перажывалася як апанаванасьць, шаленства. Адпаведна, і здрада ўяўлялася вынікам чыёй-небудзь злой волі”.
(Ракіцкі:) “Маёй госьці... Здрада – вынік злой волі іншай асобы... Іншай асобы, а не сябе самога. Якое прыгожае збаўленьне ад уласнае віны, і перакіданьне яе на другога. Атрымліваецца гэтак, што маральнае адыходзіць на іншы плян, прынцыпы саступаюць. Бо ж вінаваты чорт…”
(Валодзіна: ) “Можа, ня будзем ужо так катэгарычна, бо ў народных досьціпах вінаватым за здрады кабет аказваўся й ня чорт, але… поп”. “Быў сабе адзін поп, да вельмі хсцівы да маладзіц. Ведамо, з гульні толькі а бабах і думае. Наесца, нап'етца, выспітца ў вахвоту, а тут ад сала шкура пукаетца. Пойдуць людзі на работу, а ён і цікуе, ці не прыдзе якая маладзіца за чым кольвек да гасподы. Як накмеціць, дак і прыстане, бы шаўцоўськая смала. Перш маладзіцы хаваліся ад паганага папа, а потым, як пачаў ён навучаць, што поп сьветы, бо ён пасьвечаны, дак маладзіцы й думаюць: мо й праўда, што хто знаетца з папом, та й граху нема, бо ён сьветы”. А калі сур’ёзна, то, ува ўяўленьнях народу, падштурхнуць да граху маглі й чарадзейскім спосабам, у тым ліку – праз замовы: “Поп з храстом, а я з хвастом. Поп салучыў, а я разлучыў”.
(Ракіцкі: ) “Колішняя беларуская вёска, нягледзячы на пэўныя жаночыя “вольнасьці”, была патрыярхальнай. Цікава таму паглядзець на ўспрыманьне нявернасьці мужчынамі й жанчынамі. Найпершае пытаньне: хто здраджваў часьцей?”
(Валодзіна: ) “Адназначнага адказу няма. Як, дарэчы, няма яго й адносна сёньняшняй сытуацыі. Фальклёрная творчасьць полава дыфэранцаваная, г.зн. ёсьць жанры пераважна “жаночыя” й ёсьць “мужчынскія”. Так, народная проза стваралася й пераказвалася перадусім мужчынамі, таму існуе значная колькасьць аповедаў пра няверную жонку. Прыкладам, А. Сержпутоўскаму апавядае Іван Азёмша. Расперазаўса ён, зняў каліту й лёг на пол спачываць. Памыла Матруна гаршкі, распусціла косы, скінула андарак і легла кале Грышкі, сагнуўшыса ў сучок. Палежаў крыху Грышка да й закінуў на Матруну ногу. Матруна заойкала, што жывот баліць, да пашла на двор. Ждаў, ждаў Грышко – нема Матруны. Вышаў ён ціхенько з хаты ды давай красціса на прыгумечэ. Чуе, ажно там Матруна смеетца й з кімсь цалуетца. Тыпова мужчынскі падыход да справы й тыпова мужчынскі погляд на жанчыну. А вось народная лірыка, паэзія – часта сумная, журлівая – дзялянка жаночая. Жанчына здагадваецца пра нявернасьць каханага, мужа, і выплаквае гора, скардзіцца, гаруе”.
(Ракіцкі: ) “Ну, а хто лягчэй дараваў і хто якія захады рабіў на адказ?”
(Валодзіна: ) “Сапраўды, гендэрны аспэкт здрады дастаткова відочны. Залежна ад полу, вызначаліся адпаведныя стратэгіі паводзін. Ня стану ўжо кранаць мужчынскае псыхалёгіі, але рэакцыя мужчыны, як яна апісваецца ў фальклёры, натуральна, помсьлівая. Перадусім, дачынна мужчыны-суперніка. У казках з дапамогай розных хітрыкаў пакрыўджаны муж высочвае няверную жонку. Ён прывозіць ёй індыка. Жанчына хоча пачаставаць свайго палюбоўніка, але прыліпае да індыка. Палюбоўнік спрабуе яе адарваць – і таксама прыліпае. …Пакуль іх не вызваляе муж, добра пахадзіўшы дубінкай. Чамусьці мужчынам здаецца, што жончына каханьне можна вярнуць сілаю, гвалтам...”
(Ракіцкі: ) “Гэта ўжо адрознасьці мужчынскай і жаночай псыхалёгіі. А жонка – як рэагуе яна, калі ёй здраджваюць?”
(Валодзіна: ) “Гаруе, вылівае тугу ў сьлязох. Можа, нават памірае з адчаю. Прымае – прычым, з рук жа здрадніка, горкую атруту. Хаця, хутчэй, гэта, відаць, паэтычны сымбаль – здрада каханага, як атрута: •Ох ты, дзеўка, дзеўка красная, доля твая няшчасная. Нашто прыгожа радзілася, лепша маёй маладой жаны? Як куплю чароўнага мёду, налью чару сабе і жане. Злота чарачка ўвагнулася, у яе сэрца улякнулася. Жана таго дагадалася, у дзетачак запыталася. •Ці піць чару, ці не піць яе. Піўшы чару, жывой мне не быць, Не піць чару – мілага ўгнявіць. З вечара разгаласілася, з паўночы разбалелася, А белым светам душы нету, каля абеду хаваці вязуць. Красна дзеўка ля вакошка ўсміхалася, Людзі таму падзівіліся, што яны даўно палюбіліся”.
(Ракіцкі: ) “Уражвае. Сапраўды трагедыя. Але мы ж пачалі гаворку з таго, што й жонка здраджвае. Перажыць нявернасьці ня можа, а сама сабе дазваляе. Ці ў песьнях жанчыны сьпяваюць толькі пра сваё гора?”
(Валодзіна: ) “Ну, ня толькі. Могуць нават шчыра прызнацца: “Муж паехаў да млына, да млына, А я сабе чарнавуса прывяла. Муж прыехаў уначы, застаў мяне на пячы. Муж прыехаў із дарогі, а я яму бух у ногі. – Што я, мілы, нарабіла: Чарнавуса прывяла, з чарнавусам ноч спала”. Што тычыцца жаночых паводзін, то ў сытуацыях мужчынскай нявернасьці кабеты больш ахвотна зьвярталіся да магічных сродкаў. У процівагу мужчынскім бойкам”.
(Ракіцкі: ) “Гэта азначае, што мужы не скарыстоўвалі любоўнай варажбы дзеля паратунку?”
(Валодзіна: ) “Відаць, не ў такіх маштабах. Адрозьніваліся ж і агульныя стратэгіі мужчынскай і жаночай магіі. Мужчыны магічнымі мэтадамі імкнуліся, кажучы словамі сярэдневечных судзебнікаў, “скланіць жонак к блуду”, і верылі ў дзейснасьць магічных сродкаў дзеля распальваньня жарсьці. Зварот жанчын да магічных прываротаў, наадварот, зьвязваўся ня з пошукамі эратычнага задавальненьня, а з упарадкаваньнем сямейна-шлюбнай сфэры. Прыкладам, існуе шэраг замоваў і магічных запабегаў, скіраваных на тое, “каб вярнуць бацьку да дзяцей. “На моры, на лукаморы стаіць дуб, пад тым дубам стаіць дванаццаць какатоў, пад тымі какатамі ляжыць дзікі камень; на тым камені стаіць дванаццаць братцаў; яны мылі, купавалі, дванаццаць кладак клалі. Як цераз тыя кладкі вала льецца, каб так рабы Божае Матруны па Ігнату сэрца б’ецца. Сяду я на воўку, вужом паганяю ад сэрца да поту, каб Маруся Ігната любіла ў ахвоту”.
(Ракіцкі: ) “Ну, а з шырока ўжывальных сродкаў любоўнае варажбы – у што верылі найбольш?”
(Валодзіна: ) “Найбольш вядомыя прывароты празь ежу й пітво, са скарыстаньнем пры гэтым часьцінак свайго цела альбо ягоных выдзяленьняў. Прыкладам, у страву падмешвалі свой пот, кропелечку месячнай крыві, спальвалі пасмачку валасоў з інтымных месцаў, а попел падсыпалі ў пітво, і шмат чаго іншага. Зыходнымі ставалі прынцыпы кантагеознай магіі, таму палюбоўнае чарадзейства скіроўвалася на з’яднаньне целаў – найперш за конт маніпуляцый з найбольш інтымнымі ягонымі часткамі”.
(Ракіцкі: ) “Выходзіць, палюбоўная варажба чынілася толькі дзеля таго, каб павярнуць на свой бок жаданага чалавека. А калі паглядзець на саміх сябе: можа, прычынаю нявернасьці паўстаем якраз мы самі? Як ацэньваецца гэткі падыход у народзе?”
(Валодзіна: ) “Натуральна, палюбоўнае чараваньне закранала й такія аспэкты, як падвышэньне ўласнай прывабнасьці ды сэксуальнай моцы. У адным з друкаваных Лячэбнікаў ад 1791году чытаем: Которая жена от мужа блядует с чужим мужем, и ты возьми ежовых щетян, и сожги на пепел, и тем пеплом мажь лоно свое и естество, и пребуди на постели с нею спроста, и от того с ыным не будет блядовати впредь”.
(Ракіцкі: ) “Усё ж падобныя захады збольшага скіраваны на сэксуальныя паводзіны сужонкаў. А ці можна здраду зьвесьці толькі да плоцевага акту з іншым чалавекам? Адвечнае пытаньне, зрэшты. Якая нявернасьць больш страшная – плоцевая альбо духоўная? Наколькі вырашальнай падаецца гэта праблема з пазыцыі народнай філязофіі?”
(Валодзіна: ) “Адназначнага адказу няма. Наагул цікава: прыказкі – гэтыя залацінкі народнае мудрасьці, з іхнай катэгарычнасьцю, – тэмы вернасьці сужонкаў практычна не чапаюць. Ёсьць, праўда, выразы кшталту таго, што “Першая жонка – ад Бога, другая – ад людзей, а трэйцяя – ад чорта”. Але гэта крыху іншы аспэкт. Для таго, каб адказаць на гэтае пытаньне, належыць разабрацца: а чым ёсьць самое каханьне – повязьзю душ? прагавітасьцю целаў? ці еднасьцю душ і целаў?”
Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/bielaruskaja_atliantyda/kachannie_pa-bielarusku_zdrada.html
|