ПАЛЯМОН
Легендарны рымскі арыстакрат, легендарны заснавальнік дынастыі вялікіх князёў літоўскіх. Міф пра П. занатаваны ў Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай і ў блізкіх да яе летапісах.
Ён апавядае, што ў часы кіравання ў Рыме звар’яцелага імператара Нерона рымскі высакародны арыстакрат П. разам з 500 іншымі рымскімі шляхцічамі, з жонкамі і дзецьмі і адным астраномам надумалі збегчы з – пад улады імператара.
Яны селі на караблі і накіраваліся ў далёкае падарожжа. Калі яны дасягнулі вусця Нёмана, іх прывабілі поўныя дзічыны тутэйшыя лясы, і П. намерыўся пасяліцца ў гэтай краіне.
Яго сыны і іншыя шляхцічы паступова каланізавалі ўсю краіну да ракі Вяллі на ўсходзе. П. зрабіўся першым жамойцкім князем.
Міф пра П. не мае аніякага гістарычнага абгрунтавання. Але міф актыўна выкарыстоўваўся пачынаючы ад XV ст., а можа, і раней, у палітычнай і ідэалагічнай барацьбе. Такія штучныя міфалагічныя пабудовы былі традыцыйнымі ў сярэднявечнай Еўропе.
Міф пра П. абгрунтоўваў наўпростае паходжанне ўлады вялікіх князёў літоўскіх ад Рыма, рабіў іх не ніжэйшымі ад іншых манархаў сярэднявечнай Еўропы, перш за ўсё каралёў Польшчы.
З іншага боку, ён як бы тлумачыў і блізкія сувязі літоўскага народу і рымлян. У гэты час было ўжо заўважана сваяцтва моваў – старажытнай лаціны і літоўскай, што, безумоўна, актывізавала спробы прымітыўна – гістарычных пошукаў гэтых сувязяў.
Адна з позніх міфічных радаслоўных залічала да роду П. і полацкага князя Рагвалода.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1
|