МАЎЧАННЕ
Ці шырэй, бязгучнасць – неабходнаке патрабаванне многіх абрадаў і рытуальных дзеянняў са значэннем уступання ў кантакт з іншасветам. Агульнымі мэтамі іх станавілася запытанне ў продкаў, звышнатуральных сілаў аб сваёй будучыні (параўн. маўчанне ў час варожбаў), імкненне вылечыцца (цішыня пры замаўленні) або запбяспечыць сабе поспех у якой – небудзь справе.
Да нашых дзён захавалася традыцыйная хвіліна М., т яе сённяшняе разуменне як ушанаванне памяці ўзыходзіць да першапачатковай семантыкі ўстанаўлення духоўнага кантакту з продкамі. Узгадаем таксама М. перад адпраўкай у дарогу. У часе памінак раней раілі паводзіць сябе як мага цішэй, бо, згодна з вераваннямі, душы продкаў з’яўляюцца да стала, і кожнае лішняе слова можа напалохаць іх і прагнаць, а гэта пагшражае рознымі бедамі.
М. у час асобных работ сведчыла пра сакралшьнасць аперацыі і мела на мэце забеспячэнне пэўных поспехаў: моўчкі сеялі лён, каб не расло пустазелле, моўчкі сыпалі бульбу ў склеп, каб не елі мышы. У працэсе ткацтва маўчалі, як парвецца першая нітка, і тады М. прыроўнівалася да спынення работы.
Пачатак фактычна кожнай справы патрабаваў цішыні, бязгучнасці, якія пазначалі пераход у іншасвет па дапамогу і спрыянне. М. выступае своеасаблівым індыкатарам рытуалаў з семантыкай кантакту. Так, неабходнасць строгага М. у час завівання апошніх каласоў сведчыць пра спробы сувязі з “тым” светам, звязвацца з якім трэба было па яго правілах, бо М. ёсць адна з асноўных прыкмет нябожчыка.
М. у час рытуалу выяўляе прыналежнасць той ці іншай істоты да звышнатуральнага свету – да прыкладу, М. пераапранутых падчас святочных абходных працэсій. М. таксама належыць да мераў засцярогі, якіх трымаецца чалавек пры кантакце са светам дэманаў.
Таму рэкамендавалася маўчаць і не раскрываць рот у час навальніцы, каб нячысты не знайшоў там схованкі, пры раскопванні скарбаў, якія вартуе нячыстая сіла. Дарэчы, парушэнне забароны магло прывесці да суровых наступстваў. Параўн. таксамак выраз “Маўчаначка ні пушыць, усё ліха патушыць”.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3423