КВАДРЫ МЕСЯЦА
Поўны цыкл “росту” і “стварэння” Месяца (каля 28 сутак) дзеляць на 4 фазы, ці квадры: маладзік, поўня, сход, ветах. Зменлівасць Месяца, адрозненне яго квадраў ў беларускіх паданнях тлумачылася тым, што калі Месяц састарэе, то Бог крышыць яго на зоры.
У літоўскай песні “Вяселле Месяца” Пяркунас, які раззлаваўся на Месяц, што той пакінуў Сонца пасля вяселля і закахаўся ў ранішнюю зорку, рассякае яго мечам. У адной з латышскіх песняў гэтае ж дзеянне ў дачыненні да Месяца робіць Сонца, раззлаваўшыся на яго.
Розныя даследнікі звярталі ўвагу, на тое, што менструальны перыяд у жанчын адпавядае па працягласці перыяду 4 к. М., і таму ў міфалагічнай свядомасці ўзнікла ўяўленне пра тое, што бог Месяца выклікае перыядычнае штомесячнае надамаганне жанчын.
Некаторыя народы лічаць, што зачацце адбываецца, калі сексуальныя зносіны праходзяць пры поўні, а таксама, што жанчына ці дзяўчына можа зацяжарыць, калі будзе глядзець на Месяц.
На думку В. Іванова, хецкія arma “Месяц” і аrmahh “рабіць цяжарнай” этымалагічна звязаныя, што трэба тлумачыць фізіялагічнымі месячнымі цыкламі.
Падвескі-лунніцы ў выглядзе паўмесяца насілі ў старажытнасці ў Заходняй Еўропе і на Паўночным Каўказе, а таксама жанчыны старажытнай і раннесярэднявечнай Беларусі (мяркуюць, што гэта было жаночае ўпрыгожванне).
Згодна з матэрыяламі беларускага фальклору, у маладзіковы перыяд прынята пачынаць сяўбу, касьбу або жніво, а таксама ставіць вуллі, на трэці дзень маладзіка – прышчэпліваць дрэўцы.
У той жа час у некаторых мясцінах лічылі, што “на маладзіку” нельга нічога сеяць і садзіць, бо пасеянае будзе кепска даспяваць, і лепш рабіць гэта пад “поўны”, калі міне першая квадра.
Трэці тыдзень (“гнілуха”) лічыўся неспрыяльным не толькі для сяўбы, але і для іншай працы. Верылі, што любая мізэрная рана, якая ў іншы час хутка загойваецца, на маладзік утварае нарывы, якія загойваюцца толькі да наступнага маладзіка.
Валасы прынята было стрыгчы ў першую квадру, але нельга было на маладзік чысціць коміны, бо пасля гэтага яны будуць хутка ізноў зарастаць сажай.
Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. у царкве Прасвятой Марыі, дзе меўся цудатворны абраз Маці Божай (блізу Мар’інай Горкі ў пухавіцкім р-не, паводле падання, пабудавана на месцы паганскага свяцілішча), набажэнствы адбываліся кожную маладзіковую нядзелю.
Па маладзіковых нядзелях ушаноўваліся і многія са святых крыніцаў. Перад поўняю было прынята калоць свіней, лячыць свойскую жывёлу, каб хутчэй паўнела, сеяць і садзіць гародніну, сячы лес на будоўлю і закладваць хату.
У некаторых мясцінах лічылі спрыяльным у час поўні пачынаць сяўбу збожжа, але непажадана было садзіць агуркі і гарбузы, а таксама сеяць гарох, боб і мак, іначай яны будуць цвісці пустацветам (Рэчыцкі павет).
Высякаць, выпальваць ляды і чысціць сады, гнуць палазы і абручы прынята было па “паўнаты”, бо дрэва лічылася не такім крохкім. Убачыўшы ў першыню Месяц пасля поўні, хрысціліся, але нельга было гэта рабіць голаю рукою (іначай яна будзе балець), а трэба было ўсю руку схаваць у рукаво.
За найлепшую пару Месяца ўважалі канец другой квадры (“поўна”), бо быў спрыяльны для заканчэння работ і складання запасаў. Раны, зробленыя ў трэцюю квадру (ветах), паводле павер’яў, хутка загойваліся.
У ветах нават рэкамендавалася спецыяльна пакратаць старыя раны, каб хутчэй зажылі. Ветах лічўся найлепшым часам для знішчэння шкодных насякомых і чарвякоў на агародзе, а таксама глістоў у дзяцей.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2572
|