ДЗЕДАВІЦА

КАЗА [1], КАЗЁЛ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАЗА [1], КАЗЁЛ

    Найраней асвоеная жывёла, даместыкацыя і выкарыстанне яе адбылося ў горных раёнах у поясе ад Малой Азіі і Месапатаміі да гістарычнага Ірана і датуецца межамі 9 – 8 тыс. Да н. э. Казёл выступае як рытуальная жывёла ў старажытных германцаў, балтаў і славян.

    У сялянскім побыце беларуса К. замяняла бедным людзям карову, але часта, не маючы магчымасці трымаць карову, адмаўляліся набыць і К. Як да свойскай жывёлы селянін ставіўся да К. не надта добра, з адценнем знявагі, трымаючы ў галаве яе “чортава” паходжанне (параўн. прыказку: “Козы ня скот, бабы – ня людзі” і да г. п.).

    Не забудземся таксама і на прыродны характар К. : вольналюбівы, ініцыятыўны і разумны (прыказкі кшталту: “Пусці казла ў гарод”; існуе сюжэт, дзе жонка ўцякае ад нялюбага мужа ператварыўшыся ў К.). На вобраз К. у беларускім фальклоры наклаліся дзве традыцыі: язычніцкая і хрысціянская.

    У першай К. сімвалізавала сямейны лад, дабрабыт і ўрадлівасць (“Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць”). Паводле другой К. – стварэнне чорта, жывёліна, што цесна звязана з нячыстай сілай. Паводле этыялагічнага міфа, К. зляпіў чорт, пазайздросціўшы творчаму запалу Бога, які стварыў авечак, кароў, коней і нарэшце чалавека.

    Жывёла ў чорта атрымалася не жывой, аж пакуль Бог не ўдыхнуў у яе душу, аднак на выгляд К. засталася падобнай да чорта: рогі, барада, шкляныя вочы…Але можна думаць, што сувязь К. з ніжнімі, хтанічнымі сіламі сягае пракаветнай даўніны, а храсціянская традыцыя толькі ўзмацніла і гіпертрафавала некаторыя старажытныя веранні.

    Цікавы момант у беларускім фальклоры – розная колькасць вачэй у К. у некаторых сюжэтах, што можа актуалізаваць прыналежнасць К. да іншага, нечалавечага, свету. У адной казцы ў дзеда з бабай прарасло гарохавае зерне. Дзед палез па сцябліне наверх і ўгары знайшоў хатку, “а ў тэй хатцы, што масла, што сыра: лаўкі і столь… з малочнага”.

    Там жылі тры К.: аднавокая, з двума вачыма і з трыма вокамі; такім чынам, яны належаць да нябеснай сферы. К. з трыма вокамі і знайшла (убачыла) дзеда: “Хацелі козачкі запароць старога, а потым адумалісь і ўзялі старога паставіць іх, а старую даіць, да малачко збіраць”. Тут можна ўбачыць своеасаблівую адмену міфа аб даместыкацыі К.

    Можна прыгадаць і такога персанажа, як Казьма. Акрамя каранёвага сугучча можна прывесці іншыя паралелі. У адным апавяданні Казьма – Казьма Крывы (аднавокі) – мае статак К.; пад казлом хаваецца герой пасля таго, як пазбавіў Казьме Крывому апошняе вока. Аналогія з грэцкім Кіклопам тут відавочная.

    Супаставім таксама розную колькасць вачэй вышэйзгаданых трох коз і Казьмы. К. – сімвал урадлівасці і прыбытку. У казцы дзеду даецца “залатая козка”, з якой сыплюцца золата і серабро. Наагул К. (ці частка яе цела) часта называецца залатой: каза-залаты рог; ведзьма абарочвае дачку К. – “нібыта залатой”.

    У апошнім прыкладзе можна ўбачыць супадзенне ў адным тэксце дзвюх традыцый. У. М. Тапароў робіць слушнае паэтапнае скпастаўленне К. са старажытнымі пярэднеазіяцкімі багамі ўрадлівасці, накшталт хецкага Тэлепінуса. Вядомы сюжэт у дзіцячых казках пра выгнанне К. з дапамогаю пчалы; таксама казка пра К., зайчыка (гл. Заяц) і пеўня, які выганяе К. з хаты зайчыка (узгадаем аналагічны сюжэт з лісіцай (гл. Ліса), дзе яна выконвае аналагічную К. ролю).

    Тут развіваецца схема выгнання пакрыўджанага бога ўрадлівасці, каб ён выканаў сваю асноўную функцыю – паспрыяў ураджаю. Таму можна выснаваць, што К. магла раней быць увасабленнем бога, які нараджаецца і памірае. На Каляды ладзіцца абрад: апранутую К. “забівае” дзед –стралок – К. памірае, але зноў ажывае, пяецца песня пра ўрадлівасць.

    Сімвалам урадлівасці К. абавязана сваёй прыроднай плоднасці і юрлівасці, - гэта ў першую чаргу датычыць казла – самца. З апошнім звязаны шэраг фальклорных і лінгвістычных актуалізацый. Пашырана пабудова найменняў казла – самца ад каранёў, першаснае значэнне якіх было “рабіць паступова-зваротныя рухі”, напрыклад “маркатун” у значэнні “пажадлівы казёл” – ад і. е. *mor - /* mer -.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2162




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz