ДЗЕДАВІЦА

ЛАЯНКА Ў БЕЛАРУСКАЙ МОЎНАЙ І ПОБЫТАВАЙ ТРАДЫЦЫІ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЛАЯНКА Ў БЕЛАРУСКАЙ МОЎНАЙ І ПОБЫТАВАЙ ТРАДЫЦЫІ

    Таццяна Валодзіна, Вячаслаў Ракіцкі

    08.04.2008 г. 1529

    (Ракіцкі: ) "Дзьвесьце гадоў расейскага панаваньня на нашых землях ды каля васьмідзесяці савецкага закранулі ня толькі пэўныя палітычныя і сацыяльныя чыньнікі, але і паўплывалі на мову. І ўжо як бы ня сорамна публічна скарыстаць моцнае слоўца ці нават прачытаць яго ў газэце. Аднак сучасная моўная разьняволенасьць звузілася да гучаньня перадусім гэтак званага расейскага мату.

    Між тым, беларусы, як і абсалютна ўсе іншыя народы свету, вылаяцца, “выпусціць пару” ўмелі і сваёй моваю: “Былі такія бабы, вельмі языкатыя ды такія заядлыя, што як пачнуць сварытца, то і хаджайства забудуць: кіне работу да ўсё крычыць, зьневажае, аж запеніцца, бы кручаны сабака. Няхай толькі хто зачэпіць, дык яна гатова ні піць, ні есці, а ўсё сварытца.

    А як з суседкай шчэпюцца, тады хоць вадой разьлівай, бы сабак. Зьбягуцца людзі, сьмяюцца, да кпінкі строяць, а бабы сварацца да зьневажаюць адна другую на чом сьвет стаіць і выдумоўваюць, што было й чаго не было, покуль так утомяцца й так ахрыпнуць, што голасу няма”.

    (Валодзіна: ) "А якіх толькі моўных пэрлінаў у такі час не пачуеш — вылупак ты бяздушны; гіцаль, ведзьма з-пад чорнай гвязды; лыка ты сьвіное і дуда барысаўская — і гэтак да бясконцасьці. Нацыянальная інвэктыва ахапіла ўсе сфэры і прыроднага, і сацыяльнага, і віртуальнага жыцьця".

    (Ракіцкі: ) "Маім госьцем — этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Спадарыня Тацяна, напачатку нам неабходна вызначыцца, што мы разумеем пад лаянкаю, брыдкаслоўем ці, моваю навукі, пад інвэктываю".

    (Валодзіна: ) "Інвэктыўная, лаянкавая лексіка — гэта тыя словы, якія, з аднаго боку, некадыфікаваныя, не дазволеныя да выкарыстаньня ў культурнай сытуацыі і ў скрайніх сваіх пунктах катэгарычна забароненыя. Зь іншага боку, яны павінны быць вядомыя ўсім носьбітам мовы ў пэўнай сацыяльнай падгрупе".

    (Ракіцкі: ) "Безумоўна, лаяцца непрыгожа. Але валодаюць інвэктыўнай лексікай ну амаль усе. Ці выглядае гэта толькі як праява нейкай нявыхаванасьці ці дурнога тону?"

    (Валодзіна: ) "Не зусім. Пра надзвычайную архаічнасьць самой традыцыі выкарыстаньня моўных табу сьведчаць назіраньні лекараў за пацыентамі, што згубілі мову. Дык вось, такія людзі, без увагі на іх сацыяльны статус і ступень выхаванасьці, страціўшы ўвесь моўны запас, у пэўных сытуацыях успаміналі, вымаўлялі лаянкавыя словы. Адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што гэтыя выразы зьмяшчаюцца на самым дне моўнага запасу чалавека".

    (Ракіцкі: ) "Выглядае, што лаяцца людзі пачалі гэтак жа рана, як і гаварыць?"

    (Валодзіна: ) "Калі не раней. Чалавек, якому хтосьці наступіў на мазоль, свайго крыўдзіцеля альбо аблае, альбо ўдарыць. І тое, і тое адначасна здараецца рэдка. Дык можа не памыляюцца тыя вучоныя, што кажуць: хто ўпершыню аблаяў свайго супляменьніка замест таго, каб моўчкі распаласаваць яму чэрап, угрунтаваў тым самым асновы нашае цывілізацыі".

    (Ракіцкі: ) "У слоўніку Насовіча расейскі мат і сам звычай яго выкарыстоўваць завуцца рушчызнаю. Але, як паказвае практыка, беларусы выкарыстоўваюць такія словы даволі актыўна. Ці можна ўбачыць вытокі ўласна мацюканьня?"

    (Валодзіна: ) "Вучоныя вылучаюць некалькі этапаў разьвіцьця брыдкаслоўя. Сваімі вытокамі яно сягае да рытуалізаваных, сакральных выразаў. І ў першых варыянтах на ўвазе маецца вярхоўны Бог Грымотнік і яго партнэрка Зямля. Грымотнік сваімі маланкамі і жыватворным дажджом апладняе зямлю і дае пачатак урадлівасьці. Табу, строгая забарона на выкарыстаньне такіх формулаў прывяла да таго, што Бог пачынае замяняцца сабакам, а зямля напачатку жанчынаю, а затым і маці субяседніка. Літаральны сэнс мата выступае тады так: я, пёс, сьцьвярджаю, што меў дачыненне з тваёй маці".

    (Ракіцкі: ) "Пры такой інтэрпрэтацыі брыдкаслоўе ўспрымаецца ўсё адно як брэх сабакі, так бы мовіць, “сабачы маналёг”. Відаць, невыпадкова ў самой мове замацаваўся выраз “л а я ц ц а” ў значэнні сварыцца".

    (Валодзіна: ) "Безумоўна, не. У мове застаюцца закадаваныя аскепачкі такой сівой даўніны, што і каранёў ня бачна. Тут яшчэ можна прывесьці слова “брахаць” — сварыцца; выразы “ў яго з роту па сабаку скача”, “пускае касматага”, што азначае 'ён сварыцца'. А тое, што зараз завецца “расейскім матам”, улучала сабаку як вытворцу табуяванага сорамнага дзеяньня. Як скарачэньне інвэктывы са здыманьнем непрыстойнага дзеяслова стаюць выразы тыпу “сукін сын” ці “агундар ты”, “кундаль-мундаль”, “цюцькаў сын” і інш."

    (Ракіцкі: ) "Але чаму менавіта сабака, а не, прыкладам, мядзьведзь ці конь?"

    (Валодзіна: ) "Сабака ў старажытных аповесьцях і адпаведных іканаграфічных выявах выступае як спадарожнік д'ябла. І ў адпаведных лаянкавых выразах сабака і д'ябал часта мяняюцца месцамі, Узгадаем “чорт зь ім” і “пёс зь ім”, і нават “пайшоў к чарцям сабачым".

    (Ракіцкі: ) "Сярод абсцэнных выразаў значнае месца займаюць самыя розныя адсылкі, адпраўленьні ў тое ці іншае месца, і ня толькі, скажам, “ідзі ты ў лес” ці “ідзі ты ў баню”, але і месцы ў структуры самога цела. Што тут — імкненьне шакаваць ці глыбейшыя, магічныя карані?"

    (Валодзіна: ) "Адсылка да полавых органаў расшыфроўваецца як адпраўленьне ў нябыт, туды, калі цябе яшчэ не было і адкуль ты зьявіўся. Згодна з запісамі, беларусы часьцей адсылалі ў азадак. Азадак у народнай культуры характарызуецца як нешта таямнiчае, цёмнае, нячыстае, нябачнае i нават небясьпечнае. Царкоўная мiстыка i сымболiка азадак чалавека таксама ўстойлiва зьвязала зь пякельнымi сiламi. Таму абсцэнныя выразы тыпу “iдзi ў зад” раней мелi магiчны сэнс, бо адсылалi фактычна на той сьвет цi, больш дакладна, у пекла".

    (Ракіцкі: ) "Беларускія этнографы са зьдзіўленьнем фіксавалі і рэальнае агаленьне нізу ў вясковых, асабліва бурных сварках. Як можна вытлумачыць такія жэсты ў цэлым для прыстойных вясковых кабецін?"

    (Валодзіна: ) "Рэальнаму агаленьню перад кiмсьці прыпісвалася тое ж значэньне максымальнай зьнявагі і падтэкст адсылкі на той сьвет. Чэслаў Пяткевіч у сваіх палескіх запісах ахарактарызаваў сварлівую жанчыну так: “…сустрэнецца з кім-небудзь, дык па-добраму гаворыць, як толькі воласу перагарэць, а далей сварыцца, сварыцца.

    А калі ўжо вельмі надаесьць, то задзярэ сарочку і андарак па самы пуп і крычыць: Пацалуй мяне сюды! да завернецца задам: І туды!” Далей зьбіральнік заўважае, што выразы тыпу “пацалуй мяне туды й туды” ўспрымаюцца як вялікі грэх, як зьнявага крыжу, бо хрышчоны чалавек цалуе крыж. І выразы гэтыя стаюць найперш багахульнымі".

    (Ракіцкі: ) "Калі казаць пра даволі позьнюю традыцыю — ці захавала інвэктыўная практыка свае магічныя карані? Калі вылаяцца дазвалялася і навошта?"

    (Валодзіна: ) "Лаянкавыя выразы выкарыстоўваліся як моўныя абярэгі супраць урокаў, узьдзеяньняў нядобрых вачэй. Дарэчы, узгадаем, як большасьць з нас рэагуе на камплімэнт. Мы пачынаем апраўдвацца ці нават выказваць у свой адрас зьневажальныя рэплікі, што выклікае непрыхаванае зьдзіўленьне ў прадстаўнікоў іншых культураў.

    А ў традыцыі апошнімі словамі абзывалі ўпыроў, шкодных дамавікоў, хадзячых нябожчыкаў: “Калісь баба казала: памёрла яе нявестка. А яны дрэнна жылі. Дык у яе ноччу ў вакно кура ці пятун запяе. І па хаце крокі. Бацца ідзе-ідзе, на печ лезе. І ш-ш-шу па хаце. І за спадніцу цягне. Дык ёй параілі: як прыдзе, дык ты яе славамі ўсякімі дрэннымі абругай. Чаго ты прышла, такая ты гэткая, і па мацеры, па мацеры. І туды, і растуды. Як зрабіла я так, і перастала. А то цэлы год мучыла, цэлы год”.

    (Ракіцкі: ) "Як заўважана, менавіта беларускі фальклёр вылучаецца найбольшай колькасьцю выслоўяў-праклёнаў, багацьце якіх магло б дараўнацца вычмуранасьці гэтак званага “расейскага” мату. Ці ёсьць тут якая заканамернасьць?"

    (Валодзіна: ) "Існуе меркаваньне, што папулярнасьць праклёнаў дэтэрмінаваная гістарычнымі ўмовамі, у якіх складаўся лёс беларуса. І праклёны — ці не адзіная магчымая і легальная зброя, прымяненьне якой магло і ня мець сур'ёзных наступстваў. Праклёны — зброя безвыходнасьці і адчаю. Аднак усё ж падаецца, што сацыяльныя прычыны — ня самае галоўнае. Ва ўсе часы чалавек у напружаныя моманты дыялёгу мае патрэбу выявіць сваё стаўленьне да сумоўцы і вызваліць свае непадуладныя ў такі момант эмоцыі".

    (Ракіцкі: ) "І ўсё ж практыка паказвае, што праклёны як зброю слабейшых у большай ступені выкарыстоўваюць жанчыны, мужчынам іх сацыяльная роля адводзіць “мацнейшыя” слоўцы. Важна тут тое, што такі “выпуск пары” шмат у чым сугучны паэтычнаму натхненьню".

    (Валодзіна: ) “Праўда. Толькі ўслухаемся: “А закаціся жаркім сонцам пад кустом”; “А каб табе шашаль пяты патачыў”; “А каб ты свайго ценю баяўся”; “А каб цябе зьвіла ды скруціла…” Гэта мэнтальна-эмацыйная творчасьць.

    Адсюль — невычэрпнае багацьце выразаў-праклёнаў, яскравасьць іх вобразаў і паэтычных прыёмаў. Аднак і будучы прадметам моўнага мастацтва, праклёны не губляюць сваёй эмацыйнай моцы, аб чым і папярэджвае ўсіх нас Уладзімір Караткевіч: "Старайся (але, вядома, не кату) Сказаць адзіна верныя словы: Замест: О божа, будзьце вы клятыя! Сказаць: О божа, ды ўстаньце здаровы!"

    Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/bielaruskaja_atliantyda/lajanka_u_bielaruskaj_mounaj_i_pobytavaj_tradycyji.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz