БЛАГАВЕШЧАННЕ, ЗВЕСТАВАННЕ
Старажытнае веснавое свята народнага календара, якое адзначалi 25 сакавіка с. ст. Рэлiгiйнае свята Б. звязана з евангельскiм мiфам пра архангела Гаўрыiла, якi naвeдaмiў мацi божай пра непарочнае зачацце i нараджэнне ёю Ісуса Хрыста.
У народзе свята лiчылася днём надыходу вясны (на Б. звычайна пачыналi гуканне вясны і спяванне веснавых песень) . 3 Б. зв¬язана шмат павер'яў i забарон, у якіх выявiлася iдэя зараджэння новага жыцця (магiя першага дня) - у гэты дзень забаранялася працаваць (“на Б. дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ў’е”).
Шматвяковыя назiраннi над прыроднымi з'явамi ператварылiся ў прыкметы (“калi саней не пакiнуць за тыдзень перад Б., то яны спатрэбяцца на цэлы тыдзень i пасля Б.”), па тым, якое было надвор'е, меркавалi пра будучы ўраджай (“калi на Б. дождж, будзе ўраджай на жыта; калi сухое, цёплае надвор'е, лета будзе засушлiвае, а восень марозная: калi на Б. прайшоў снег, будзе мокрае лета» i iнш.) .
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/9093
БЛАГАВЕШЧАНЬНЕ (ДАБРАВЕШЧАНЬНЕ, ЗЬВЕСТАВАНЬНЕ)
Дата Благавешчаньня вызначана шляхам адыманьня ад дня нараджэньня Ісуса Хрыста 9 месяцаў. У беларускай традыцыі абраднасьць Благавешчаньня адлюстроўвае былыя культы мядзьведзя і зьмяі. Іх першае веснавое з'яўленьне, а таксама прылёт бусла – адной з іпастасяў абагоўленага продка – судачыняецца з «родамі» зямлі (паводле павер'я, зямля да гэтага часу цяжарная).
Веснавыя абрады і песьні сьведчаць пра першыя роды маладых жанчын, што выпадалі на гэты час. Сэмантычнай дамінантай Благавешчаньня ёсьць ідэя пачатку, нараджэньня, што найперш стасуецца зь яго блізкасьцю да Новага Года па былым часалічэньні, што вызначыла і абрады ачышчальнага і прадукавальнага характару, а таксама матыў прысутнасьці нячыстай сілы.
Асобныя мазаічныя дадзеныя беларускіх вераваньняў укладваюцца ў агульную карціну, якая ілюструе міф пра барацьбу Грымотніка з адным з татэмных продкаў, дзеля чаго запальваўся агонь. Гэтыя два асноўныя сэмантычныя вузлы Благавешчаньня – культу агню і культу продкаў – зьвязаныя з рытуаламі дня веснавога раўнадзеньня.
Далучэнне Благавешчаньня да неспрыяльных, нешчасьлівых дзён (на Палесьсі на Благавешчаньне забаранялі не толькі што сеяць, але і чапаць насеньне, падкладваць яйкі пад курыцу і пад.) магло ўзьнікнуць на падставе паступовай інтэрпрэтацыі архаічнага сэнсу адпаведных абрадаў хрысьціянскай культурай, а затым ператлумачэньнем яе догматаў народнай сьвядомасьцю, якая поўніцца ў беларусаў язычніцкім сэнсам.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/113
ДОБРЫЯ ВЕСТКІ НА КРЫЛАХ ВЯСНЫ
Благавешчанне, якое праваслаўныя адзначаюць 7 красавіка, у народным асяроддзі лічылася адным з галоўных святаў года. Ахоўніцтва і заступніцтва Боскай Маці распаўсюджваецца на ўсе работы, якія распачынаюцца пасля Благавешчання на кожным сялянскім падворку, на палях і на агародах. Адсюль і шэраг абрадавых дзеянняў і забарон гэтага дня:
• Паўсюдна лічылася, што працаваць у дзень Благавешчання вялікі грэх: «На Благавешчанне птушка гнязда не ўе, дзеўка косу не пляце.
• “Як Благавешчанне правядзеш, так і будзеш цэлы год жыць. Калі ў гэты дзень будзеш здаровы, сыты, апрануты і з грашыма, то ўсё гэта будзе разам з табой на працягу года” -- сведчыць народная мудрасць.
• Прадказаннем таго, што дачка выйдзе замуж у гэтым годзе, была прысутнасць дома ўсіх членаў сям’і; асаблівай забаронай было запрашэнне ў гэты дзень дадому старонніх дзяўчат і жанчын.
• «Хто на Благавешчанне з раніцы да ночы назаве мужа сорак разоў “мілы”, увесь год для яго любімай будзе” -- такімі дзеяннямі імкнуліся захаваць і выправіць сямейныя ўзаемаадносіны.
• На Благавешчанне забаранялася месці падлогу ў хаце і паліць у печы.
• Нельга на Благавешчанне прасіць пазыкі. Лічылася, што штосьці аддаўшы з хаты ў гэты дзень (не абавязкова грошы), аддасі спакой, і здароўе.
• Паляўнічыя цвёрда ведалі, што ў гэты дзень нават нельга дакранацца да зброі, інакш цэлы год на паляванні не пашчасціць.
• На Благавешчанне забаранялася ставіць плот, месці вуліцу, кранаць зямлю. Аднавяскоўцы пільна сачылі за гэтым, бо лічылі, што такія парушэнні выклікаюць халодную вясну і сухое лета.
• Прыкмячалі: “Калі на Благавешчанне курыца або гуска знясуць яйка, то з яго атрымаецца калека”. Таму ў гэты дзень птушку не саджалі на яйкі.
• Каб куры не знікалі з падворка, на Благавешчанне вешалі на плоце рэшата, а потым з яго іх кармілі.
• Каб бульба добра захоўвалася на працягу зімы, ведалі, што засыпаць яго ў склеп неабходна ў той дзень тыдня, на які ў гэтым годзе прыпадала Благавешчанне.
• У той жа час у той дзень, на які прыпадала Благавешчанне, нельга першы раз выганяць жывёлу ў поле, вывозіць гной на поле, першы раз араць зямлю, сеяць.
• На Беларусі паўсюдна гэты дзень лічыцца днём прылёту буслоў. Абавязкова пяклі “галёпы” -- пшанічныя караваі ў выглядзе бусла.
• У паўднёвых рэгіёнах гаспадыні ў гэты дзень раніцай саджалі некалькі кустоў ранняй расады. Такі “пачатак” у гэты дзень абяцаў добры ўраджай агародніны.
• У гэты дзень трэба было абавязкова абкурыць цыбулю для пасадкі. У такім выпадку яна не дасць стрэлаў і не будзе гнісці. Якое надвор’е на Благавешчанне, такое і на Вялікдзень. Грымоты на Благавешчанне -- да цёплага лета і ўраджаю арэхаў.
Дождж на Благавешчанне прадказвае грыбное лета. Благавешчанне без ластавак -- халодная вясна. Калі перад Дабравешчаннем вылеціць пчала -- будзе мокрая вясна.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=20912
БОГ ЗВЯРНУЎСЯ ДА ЧАЛАВЕКА
У панядзелак, 7 красавіка, праваслаўныя хрысціяне адзначаць адно з самых значных — Двунадзесятых — святаў — Благавешчанне. У гэты дзень царква згадвае абвяшчэнне архангелам Гаўрыілам у галілейскім горадзе Назарэце найсвяцейшай Дзеве Марыі радаснай весткі аб тым, што яна народзіць Збавіцеля: “Радуйся, Благадатная, Гасподзь з табой!”
На што Марыя пакорліва адказала: “Я раба Госпада, і няхай будзе па слову твайму”. У гэты дзень быў пакладзены пачатак непарыўнай, таямнічай сувязі чалавека з Богам.
Лічыцца, што Марыі не толькі паведамілі аб яе абранасці — у яе спыталі згоду. Адсюль і асаблівая значнасць свята — Бог вуснамі свайго пасланніка гаварыў з чалавекам, адкрыў яму вялікую таямніцу, фактычна даверыў яму яе лёс, тым самым пацвердзіўшы сваю любоў. Благавешчанне ўвайшло ў хрысціянскі каляндар у IV стагоддзі, на ўсходнеславянскія землі прыйшло разам з іншымі хрысціянскімі святамі і абрадамі ў канцы Х стагоддзя.
У перакладзе з грэчаскай “Благавешчанне” — прасвятленне, добрая, радасная вестка. Гэта светлы, радасны дзень, і нават у дні Вялікага посту ён не адмяняецца. На трапезе дазваляецца рыба.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=20954
ДЗЕНЬ ДОБРАЙ НАДЗЕІ
Сёння праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Благавешчанне Як сведчыць Біблія, “пасланы быў Анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, што завецца Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам, на імя Іосіф, з дома Давідава; імя ж Дзевы: Марыя”.
Пасланец Божы паведаміў абранай жанчыне, што ад яе народзіцца Збаўца свету. Марыя тады вельмі здзівілася, бо дала зарок цноты, і муж яе захоўваў святасць жонкі. Як жа можа быць у жанчыны дзіця, калі яна “не зведала” мужа свайго?
Анёл адказаў Марыі, што Дух Святы будзе пасланы на яе ад Бога. Ад гэтага і народзіцца Сын Божы — Ісус. Паводле Святога Пісання, Марыя ўвасабляе сабой процілегласць Евы, якая зграшыла ў Райскім садзе.
Таму Багародзіцу яшчэ называюць Новай Евай, яна нібы пачынае гісторыю чалавецтва з чыстага аркуша. Анёл жа перадаў Дзеве ад Бога, што яна “благаслаўлёная паміж жонкамі”. Гэта быў асаблівы зварот Усявышняга да чалавека з часоў грэхападзення, а што асабліва важна — да жанчыны.
Бог вёў з чалавекам дыялог: кіраваў добрыя, або па-стараславянску “благие”, словы да “грэшных” людзей, даючы ім шанц стаць лепшымі, чым яны ёсць. Благавешчанне царква лічыць святам надзеі чалавецтва на ўратаванне, якое, у сваю чаргу, сімвалізуе Хрыстос, сын Дзевы.
Бог дае чалавеку “яшчэ адну спробу” змяніць жыццё, пайсці па шляху праўды і сумлення. Для кожнага з нас, і верніка, і свецкага чалавека, гэта добрая нагода задумацца пра свой лёс, добрыя і дрэнныя ўчынкі, пачаць уласную гісторыю спачатку.
Віктар КОРБУТ
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=31240
ЧАМУ НА БЛАГАВЕШЧАННЕ ДЗЕЎКА КАСЫ НЕ ПЛЯЦЕ, ПТУШКА ГНЯЗДА НЕ ЎЕ?
7 красавіка праваслаўныя будуць адзначаць вялікае свята -- Благавешчанне. У кантэксце народнага календара яно набыло нямала прыкмет і рэгламентацый. Бадай, самым распаўсюджаным і самым вядомым на Беларусі з’яўляецца абрадавы фразеалагізм “На Благавешчанне дзеўка касы не пляце, птушка гнязда не ўе”. Чаму раптам народная мудрасць паставіла побач “праставалосую дзеўку” і пасланніцу Райскага сада -- птушку?
Якая непасрэдная ці ўяўная сувязь бачылася нашым далёкім продкам, якія сфармулявалі незвычайную абрадавую забарону? Думаецца, што ў дадзеным выпадку мы маем справу з надзвычай складаным па характары ўвасаблення, але вельмі тонкім па ўнутраных сувязях ланцужком узаемасувязі.
Справа ў тым, што птушкі, якія ў гэты час прыляталі з выраю, пачыналі віць гнёзды, а самым лепшым канструктыўным матэрыялам, канечне ж, была мінулагодняя трава і доўгі дзявочы (жаночы) волас.
Небяспека ж хавалася ў наступным. Часцей за ўсё птушкі ладзяць гнёзды на тых дрэвах, якія знаходзяцца бліжэй да геапатагеннай зоны са знакам “мінус”.
Атрымліваецца, што праз надзвычай тонкі канал энергетычнай сувязі геапатагенная зона -- дрэва (часцей -- крывое) -- гняздо -- волас -- былы ўладальнік валасоў міжволі аказваўся ў полі адмоўнага ўздзеяння, якое не праходзіла бясследна.
Праз даволі хуткі час чалавек пачынаў адчуваць моцны галаўны боль, які быў адным з сімптомаў незвычайнага захворвання, якое ў народнай медыцыне атрымала назву “каўтун”.
Валасы збіваліся пакуллем, іх нельга было расчасаць, памыць. Вельмі часта іх проста цалкам абстрыгалі, аднак, калі хваробу не лячыць, адрастаючыя валасы зноў збіваліся ў тугі жмут і ў хворага чалавека складвалася ўражанне, быццам скуру яго галавы здзіралі жыўцом.
Вось таму, відаць, і існавала ў народным асяроддзі правіла не раскідаваць абы-дзе свае валасы, а акуратна збіраць іх або спальваць у печы. Але, па меркаваннях нашых продкаў, небяспека чакала не толькі тую дзяўчыну (жанчыну), якая ўздумала на Благавешчанне расчэсваць валасы, але і тую птушку, што ў гэты дзень вырашыла будаваць сваё гняздо.
Адна з самых супярэчлівых забаронаў Благавешчання -- паліць у печы і расчыняць цеста для выпякання хлеба. На Беларусі найбольш пашыранае прадпісанне не паліць у печы або затушыць агонь тычылася перш за ўсё Вялікадня і Купалля, а таксама таго часу, калі ў хаце паміраў чалавек.
Пры гэтым, напрыклад, этнаграфічныя матэрыялы не даюць тлумачэння таго, што адбудзецца з чалавекам, сям’ёй ці гаспадаркай, калі такое здарыцца -- відаць, забарона была настолькі жорсткай і пашыранай, што не абмяркоўвалася любая магчымасць парушэння традыцыі.
З рэалізацыяй гэтай забароны ў кантэксце Благавешчання ўсё якраз наадварот. З аднаго боку, традыцыя забараняла ў гэты дзень паліць у печы, каб не наклікаць засуху або градабой.
На Палессі казалі: той, хто распальвае ў гэты дзень агонь, “запячэ зямлю”. Існаваў шэраг прадпісанняў пакаральнага характару, які сведчыў пра тое, што людзі ўсё ж дапускалі магчымасць парушэння традыцыі: гаспадыню, якая парушыла забарону, выводзілі на вуліцу ў адным споднім, аблівалі вадой, у хаце маглі перабіць усе глечыкі, перавярнуць чыгункі з ежай.
З другога боку, на Віцебшчыне ў такія святочныя дні, як Каляды, Вялікдзень, Масленіца, Юр’я, Тройца, нельга было выпякаць хлеб (хаця пры гэтым дазвалялася паліць у печы, за выключэнне тых дзён, пра якія ўжо згадвалася), то на Благавешчанне хлеб пяклі (?!) спецыяльна: лічылася, што такім чынам выпечка хлеба ва ўсе астатнія святочныя дні застанецца беспакаранай.
Часцей за ўсё здаралася так, што святкаванне Благавешчання прыпадала на перыяд Вялікага посту, таму прадугледжвалася, што абрадавы стол сям’і ў гэты дзень павінен быць посным.
Адначасова этнаграфічныя апісанні падаюць нечаканы контрход развіцця святочных падзей: “Тых жанчын, якія пяклі і смажылі, гатавалі тлустую ежу (?!) у гэты дзень, аблівалі вадой, таму што меркавалі: “Калі смажыць на Благавешчанне, то лета будзе жаркае, сухое”; “Благавешчанне -- посны дзень, таму нельга пячы, паколькі будзе жарыць сонца”.
(Працяг будзе.)
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=31078
|