ЗАХОД СОНЦА
Параўнальна невялікі адрэзак часу, калі Сонца набліжаецца да небакраю, але яшчэ бачнае на небе, станавіўся вызначальным для многіх рытуалаў або забаронаў пэўных дзеянняў.
У гэты час забаранялі класці дзіця спаць, каб “сонца не забрала яго з сабой”, не глядзелі яйкі пад квактухай, не пачыналі важных спраў. З. С. найбольш спрыяльны для дзеянняў з адгоннай, знішчальнай семантыкай (параўн. у праклёнах – “Закацісь ты жаркім сонцам пад кустом”; “хуць цябе сонца закаці”; “штоб ты на захад сонца ішоў”).
Асабліва паказальны гэты тэзіс у прадпісаннях народнай медыцыны – хворых дзетак насілі на зару; ваду, якой абліваўся перапалоханы, вылівалі на З. С. якраз тады, калі шар закочваўся за небасхіл. З З. С. распачынаўся час актывізацыі духаў і душ продкаў.
У гэты момант ладзілі вогнішча на Купалле, пачыналі вячэру на Дзяды, што мела мэтай далучэнне да жывых духаў продкаў, якія толькі з наступленнем цемры пранікалі на зямлю.
Пасля З. С. не выносілі смецце з хаты; не пазычалі агню, рэшата, зерня; заканчвалі ткацкую работу, не пакідалі кросны, аснову на сцяне, іначай гэта пагражала пранікненнем у вёску ваўкоў; не вылівалі ваду на вуліцу пасля купання дзіцяці, не пакідалі пялюшак на вуліцы і нават забаранялі смяяцца: “Сонца нема, шчо ты зубу шчэрыш”.
Карацей, асвоены локус заканчваў пасля З. С. сваю жыццядзейнасць, а ў правы ўступаў усемагчымы іншасвет. Асабліва небяспечным лічыўся адрэзак часу пасля З. С. да спеву першых пеўняў.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1832