ЗДАНІ, ПРЫВІДЫ, ПУЖАКІ, ПУЖАЛКІ, ТАРПАЧЫ
Прывіды ў выглядзе людзей, жывёл, неадушаўлёных прадметаў ці агнёў, што здаралася людзям “бачыць” у розных сакральна вылучаных месцах: на могільніках ці паблізу ад іх, на скрыжаваннях дарог (гл. Ростані), на старых дварышчах, гарадзішчах, а таксама ў лесе, на полі, у сваім двары і да т. п.
З. з’яўляліся часта на месцах смерці ці пахавання “закладных” нябожчыкаў, людзей, што загінулі трагічнай смерцю, самагубцаў. З. з’яўляюцца найчасцей у начны час, на змярканні, іх можна бачыць адзін чалавек ці гурт людзей, яны то праяўляюць поўную абыякавасць да чалавека, то ўступаюць з ім у кантакт, завабліваюць і завуць некуды падманам.
Так, прывідныя жнеі, што нібыта жалі на ніве блізу старога пакінутага могільніка пасля заходу сонца, не рэагавалі на запрашэнне кабет ісці з імі дамоў, у вёску.
Прывідны карагод моладзі, што скакаў вакол прывіднага вогнішча, наадварот, клікаў моладзь да сябе: “Да нас, да нас!”, увесь час аддаляючыся, пакульурэшце не знікаў. На месцы прывіднага карагода засталося кола, якое не зарастала травой і пра якое хадзіла паданне, што яно засталося пасля таго, як некалі моладзь гэтай мясцовасці, сабраўшыся ля царквы на ўсеначную, наладзіла карагод, і гэты карагод праваліўся скрозь зямлю (в. Сваткі Мядзельскага р-на).
З. стваралі не толькі візуальныя вобразы, але і гукавыя: рытмічнае стуканне, завыванне, шоргат, які нагадваў крокі і рыпенне. Паўсюль бытуюць апавяданні, як людзі пакідалі толькі што набытыя дамы, бо у іх нешта пужала, стукала, завывала.
Да нашага часу захавалася жывая вера ў хаджэнне некаторых нябожчыкаў, іх прысутнасць пэўны час пасля пахавання сям’я пазнае па кроках нібы па сцяне, парыпванне столі ды інш. Пра тое, што чалавек спатыкаўся са З., часам згадваюцца пасля падзеі. Так, спозненаму падарожніку раптам прывідзелася зграя ваўкоў.
Са страху ён ускочыў на прыдарожны крыж, а звяры аблягалі яго, шчоўкалі зубамі, скрэблі кіпцямі дрэва да раніцы. Пры дзённым святле змучаны чалавек не знайшоў ані следу ваўкоў, і тады зразумеў, што гэта былі З. Асобны раздзел гэтых уяўленняў складаюць аповеды пра зманлівыя агні, што з’яўляюцца на месцах заклятых скарбаў.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1852 |