ПЕРШЫ
Адна з найбольш пашыраных міфалагем у духоўнай спадчыне беларусаў. Судатычна са сваім антыподам утвараюць асноватворную для міфапаэтычнай мадэлі свету апазіцыю, на адным полюсе супрацьстаяння якой знаходзіцца фігурант, прамаркіраваны знакам П. (тое, што распачынае, адкрывае, дазваляе, рэгламентуе, раіць, прадказвае, забараняе), на другім, супрацьлеглым, - замацавалася міфалагема апошні (тое, што часцей за ўсё заканчвае, закругляе, замыкае, перасцерагае, прычым гэты полюс неаднародны: ён можа быць прадстаўлены як цотным, так і няцотным лікам).
Надзвычай высокі семіятычны статус міфалагемы П. прадвызначаўся класічным прынцыпам народнай светапогляднай канцэпцыі “як пачнеш, так яно і будзе”: як пачнеш год, такім ён і будзе; як шанцуе раніцай, дык пашчасціць і вечарам. Асабліва шырока магія пачатку або сімволіка П. была прадстаўлена ў каляндарнай абраднасці, перш за ўсё ў святах, якія распачыналі той ці іншы перыяд года або цыкл земляробчых працаў.
Безумоўна, важнай вяхой у структуры календара былі Каляды. Яны распачыналі новы год, таму паводзіны кожнага з сямейнікаў і ўсёй вёскі ў цэлым мадэлявалі іх жыццё на ўвесь надыходзячы год. Е. Р. Раманаў падае наступнае апісанне калядных клопатаў беларускіх сялян: “Каб скаціна лепш вялася, трэба П. бліны ад кожнай Куцці і ад святаў Раства, Новага года і Вадохрышча – усяго шэсць бліноў – засушыць і, расцершы іх, усыпаць у корм.
Адны гаспадыні робяць гэта на Вадохрышча, другія – на Юр’я (6 мая н. ст.)”. У цыкле земляробчых спраў адказным лічыўся пачатак ворыва і сяўбы: “Хто П. пачынае араць, той першым будзе ва ўсіх работах на полі”. Ідучы П. раз араць, гаспадар старанна ўмываўся і апранаўся ў чыстую вопратку, каб збажына была чыстая ад зелля.
Збіраючыся П. раз на ворыва, гаспадар запрагаў валоў у саху, абходзіў іх кругом тры разы з поўным вядром вады, абліваў іх той вадою, каб у іх хапіла сіл на ўсе веснавыя работы. Высокім статусам надзялялася міфалагема П. у юраўскай абраднасці. “У дзень П. выгану жывёлы ў поле пад парог хлява клалі навойчык ад кроснаў, і калі карова пераступіць яго, то ўжо значыць не адаб’ецца ад чарады, дзе б ні згубілася ў лесе – абавязкова прыйдзе дадому”.
Каб статак не расходзіўся, каб ні адну карову не загрызлі ваўкі, у П. дзень пастух абходзіць чараду кругом тры разы. Вядома, што большасць пасяўных работ праводзілася ў час маладзіка – П. квадры Месяца. Калі П. гром прагрыміць на голы лес або “як яшчэ на рацэ лёд”, то вясна будзе халодная, а год галодны.
Калі вясною ўбачыш П. бусла ў палёце, то верылі, што гэта прадказвае здароўе і бадзёрасць, калі ж убачыш бусла, які сядзіць у гняздзе, то трэба было чакаць хваробаў. Па некаторых прыкметах варажылі на новы ўраджай. Так, напярэдадні П. Спаса вараць столькі яек, колькі ў двары мужчын. За абедам кожны выбірае яйка з місы і разбівае яго.
Той, у каго яно будзе паўней, П. пойдзе засяваць жыта, каб так поўна было на налецце ў свірне. У паўночных раёнах Беларусі існавала павер’е, што “добраму вываду гусянят вельмі дапаможа зямля з-пад правай нагі, узятая ўвесну, як П. раз убачыш у небе дзікіх гусей; гэтаю зямлёй трэба злёгку патрусіць яйкі пад квактухай.
Вядомыя і іншыя прыклады выкарыстання сімволікі П.: П. снегам праціраюць твар і прагаворваюць: “Сняжок упаў, Бог здароўе паслаў”; П. раз пачуўшы гром, труцца спінай аб дуба, каб яна не балела цэлы год; калі купляюць карову, то П. раз упіхваюць яе ў хлеў задам наперад, каб яна не баялася падзіву і не цуралася свайго хлява; у П. дзень будоўлі хаты закладваўся толькі П. вянок, пры гэтым сачылі, куды паляціць П. стружка: калі на сярэдзіну хаты, то ў сям’і ва ўсім будзе прыбытак. Калі ж, наадварот, у бок двара, то ўсё дабро сыдзе з хаты; сярод беларусаў існуе надзвычай пашыраная забарона прадаваць П. цяля.
Лічылася, што тым самым перапынялася плоднасць гэтай жывёліну, пагаршалася яе малочнасць; існаваў звычай, які патрабаваў: “Як сядзеш за стол, то П. кавалак аддай сабаку, няхай ён з’есць, бо ніколі не ведаеш, праз чыю ласку жывеш”. Сімволіка П. даволі шырока прадстаўлена і ў сямейнай абраднасці беларусаў. Лічылася, “як П. раз прыйдуць сваты, то яны не павінны сутрымоўвацца каля парога ці сярод хаты, а хутчэй іці к сталу да садзіцца там на лаву.
Калі ж яны супыняцца, то пэўна за таго малайца дзеўкі не аддадуць. Калі сваты, уходзячы ў хату да запнуцца ці спаткнуцца аб парог, то з таго сватання нічога не будзе”. Усе прысутныя і ўдзельнікі провадаў маладых да вянца ўважліва сачылі, за што П. возьмецца жаніх. Калі за лейцы – будзе трымаць жонку ў руках, калі за пугу – будзе піць. У гэты ж час мужчыны кідалі шапку, каб П. нарадзіўся сын. Аналагічныя назіранні датычылі і вянчання ў храме: “Хто, становячыся пад вянец, П. ступіць на падножнік, той будзе ў доме за галоўнага”. Надзвычай багата сімволіка П. прадстаўлена ў радзільна – хрэсьбіннай абраднасці і паэзіі.
У народным асяроддзі існуе перакананасць, што “аднаполыя блізняты амаль заўсёды гадуюцца, а вось з разнаполых П. неўзабаве памрэ той, які выйшаў П.”. Ваду пасля П. рытуальнага купання вылівалі пад вішню (калі купалі дзяўчынку) або пад яблыню (калі купалі хлопца). П. хрэснікам у хроснага бацькі павінна быць дзяўчынка, а хроснай маці – хлопчык. Сярод беларусаў існавала цэлая сістэма прадказанняў наконт лёсу чалавека. Людзі верылі, што па паводзінах нованароджанага можна прадказаць працягласць яго жыццёвага шляху.
Калі дзіця бралі на рукі П. раз, то назіралі, як яно сябе будзе паводзіць: выцягне ногі, то неўзабаве памрэ; калі ногі падбярэ – доўга жыць будзе”. Пры з’яўленні П. зуба дзіця садзілі ў рэшата і вазілі ў ім па падлозе, каб хутчэй раслі іншыя зубы. П. выпаўшы малочны зуб кідалі за печ, каб астатнія трымаліся доўга.
Затым важнай вяхой у жыцці нованараоджанага будзе П. крок (трэба было ў гэты час між ног перарэзаць “путы”), П. пастрыг, які выконвалі тады, калі заканчваўся П. год жыцця. Дзе – нідзе забаранялася даваць дзецям П. блін, “бо не хутка чытаць навучыцца”. Дзеці беларускіх сялянаў доўгі час хадзілі без штаноў. Калі ж ім першы раз апраналі нязвыклую вопратку, то яны ўпарціліся. Прыкметы сведчылі, чым больш ўпартасці праявіць дзіця ў гэты час, тым даўжэй яно будзе жыць.
“Даношаныя да зрэб’я П. штаны не аддаюць анучніку, не мыюць, а спальваць у печы”. Сімволіка П. у значнай ступені карэлявала паводзіны людзей у кантэксце пахвальнай абраднасці. Калі ў жанчыны памірала П. дзіця, то яна не мела права быць на могілках падчас пахавання, а таксама есці яблыкі да П. Спаса. П. яблык новага ўраджаю трэба было асвяціць у храме і аднесці на магілку памерлага дзіцяці.
П. чарку на памінальным стале пакідалі для нябожчыка, П. кавалачкі ўсіх страў адкладвалі на талерку таксама яму. П. з-за памінальнага стала ўставаў самы стары чалавек. На працягу П. года пасля смерці мужа жонка не мела права мыць бялізну ў той дзень, у які ён памёр. У народнай медыцыне лячэбны досвед перадаваўся П. (старэйшаму) або апошняму дзіцяці.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/4133
ХТО ПЕРШЫ, ТОЙ І ГАЛОЎНЫ
У паўночных раёнах Беларусі існавала павер'е, што «добраму вываду гусянят вельмі дапаможа зямля з-пад правай нагі, узятая ўвесну, як першы раз убачыш у небе дзікіх гусей; гэтай зямлёй трэба злёгку патрусіць на наседжваемыя яйкі». Вядомыя яшчэ некалькі прыкладаў магіі «першага»:
-«першым» снегам працерці твар і прагаварыць: «Сняжок упаў, Бог здароўе паслаў»;
-калі куплялі карову, то першы раз упіхвалі яе ў хлеў задам наперад, каб яна не баялася падзіву і не цуралася свайго хлява;
-у першы дзень будоўлі хаты закладваўся толькі першы вянок, пры гэтым сачылі, куды паляціць «першая» стружка: калі ў сярэдзіну хаты, то ў сям'і ва ўсім будзе прыбытак. Калі ж, наадварот, у бок двара, то ўсё дабро сыдзе з хаты;
-сярод беларусаў існуе надзвычай пашыраная забарона прадаваць першае цяля. Лічылася, што тым самым перапынялася плоднасць гэтай жывёліны, пагаршалася яе малочнасць;
-у першы дзень жніва зажыналі толькі адзін (першы) сноп, яго на працягу года захоўвалі ў чырвоным куце пад абразамі (зерне з яго каласоў выкарыстоўвалася ва ўсіх абрадах сямейнай накіраванасці);
-хто на Вадохрышча набярэ першым вады ў Храме, той увесь год будзе наперадзе ўсіх;
-на Радаўніцу першую чарку налівалі самаму старэйшаму прадстаўніку роду;
-прадаючы тавар у першы дзень новага года, трэба зрабіць зніжку першаму пакупніку, і ўвесь год гандаль будзе ўдалым.
-Лічылася, як першы раз прыйдуць сваты, то яны не павінны затрымоўвацца каля парога ці сярод хаты, а хутчэй ісці да стала ды садзіцца там на лаву. Калі ж яны супыняцца, то за таго малайца дзеўкі не аддадуць.
-Усе прысутныя і ўдзельнікі провадаў маладых да вянца ўважліва сачылі, за што першым возьмецца жаніх. Калі за лейцы – будзе трымаць жонку ў руках, калі за пугу – будзе біць. У гэты ж час мужчыны кідалі шапку, каб першым нарадзіўся сын.
-Аналагічныя назіранні тычыліся і вянчання ў храме: «хто, становячыся пад вянец, першы ступіць на падножнік, той будзе ў доме за галоўнага.
-Першым з могілак выходзіў самы стары, ён жа першым заходзіў за памінальны стол і першым уставаў з-за яго. «Першую» чарку на памінальным стале пакідалі для памерлага, першыя кавалачкі ўсіх страў адкладвалі яму на талерку.
На працягу першага года пасля смерці мужа жонка не мела права мыць бялізну ў той дзень, у які ён памёр.
-Першы блін, спечаны на любое вялікае свята, адкладвалі на талерку і ставілі ў чырвоны кут пад абразы. Гэта была даніна, рытуальная ахвяра продкам свайго роду.
Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/df9e34df9e05cb90.html
|