ЖЫЦЦЯ КРЫНІЦА
29.05.2008
Феадор-жытнік — так звалі ў народзе святога Фёдара (29 мая). Гэты дзень лічыўся апошнім тэрмінам для пасеву яравых: “На Фёдара- жытніка жыта сей”. * Жыта. У культуры ўсходніх славян зерне жыта сімвалізавала бессмяротнасць. Ураджай жыта даваў надзею на шчаслівае, багатае жыццё. Нездарма з палеткамі, засеянымі збожжавымі культурамі, чалавек размаўляў, як з лепшым сябрам.
* У народзе існавала шмат паданняў аб паходжанні жыта: “Жыта — найстарэйша над усякім збожжам, якое ёсць на свеце. Быў кот і сабака, і ніхто ім есці не даваў, дык яны давай у Бога прасіць есці, так Бог скінуў з неба два зярняткі жыта, а людзі гэта бачылі, тыя зярняткі пасадзілі, і ад таго развялося жыта”.
* Каб атрымаць добры ўраджай жыта, трэба было прыкласці шмат намаганняў. Беражлівыя адносіны да хлеба выхоўваліся ў дзяцей з малодшага ўзросту. Да таго ж яны самі бачылі, якімі цяжкасцямі здабываецца духмяны хлеб на іх стале.
* Упусціць хлеб заўсёды лічылася вялікім грахом. Непаважлівыя адносіны да хлеба былі недаравальнымі і вельмі строга караліся ў сям’і. Нашы продкі лічылі: калі Бог пачне гневацца, дабрабыт назаўсёды пакіне хату.
А вось што пра гэта распавядае адно са шматлікіх паданняў: “Даўней збожжа надта радзіла: напрыклад, жыта каласы мела ад зямлі аж уверх па адной саломіне, але людзі пераграшылі, і аднаго разу так здарылася. Пякла баба аладкі, а дзіця малое, седзячы на прыпеку, умаралася, бабе не захацелася шукаць анучу ды ўзяла дзіця аладкаю падцерла.
Як загневаецца Бог за гэта, як шмаргане каласоў з саломіны, то яшчэ добра, што Матка Боска схапіла за руку і ўпрасіла, каб хоць адзін каласок для людзей аставіў. Праз гэту бязбожніцу цяпер у нас жыта па аднаму каласку родзіць”.
* Да пасеваў жыта заўсёды ставіліся вельмі адказна, выбіралі самы спрыяльны для гэтага дзень. Прыкмячалі: калі пры пасеве жыта ідзе маленькі дождж, то гэта “Бог аб ураджаі вестку дасылае”, а калі дождж быў моцны — лепш з поля з’ехаць, усё адно ўраджаю не будзе.
* У насенне жыта дадавалі попел з печы, каб засцерагчы палеткі ад граду.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=22164