ГАЛОЎНЫ СЯЛЯНСКІ АБУТАК
Дзень ушанавання святых Нікіфара і Панкрація (22 лютага) у народзе атрымаў назву — Нікіфары — Панкраты. У гэты дзень абавязкова падлічвалі запасы зерня і плялі лапці: “Не кожны Панкрат хлебам багаты”, “Наш Панкрат лапцямі багат”, “Добрыя панкратавы лапці, але і тыя — нікіфарцы”.
Лапці доўгі час служылі сялянам асноўным відам абутку. Іх плялі з пянькі, ільну, ліпавага ці бярозавага лыка, пазней — са скуры хатняй жывёлы. Але лапці мелі не толькі практычнае ўжыванне, яны вельмі часта станавіліся атрыбутам пэўных абрадаў, прычым магічнымі якасцямі валодалі зношаныя, старыя лапці:
* У якасці абярэгаў ад нячыстай сілы і “ліхога” вока лапці вывешвалі на хлявах, агароджах, парканах, каля агародаў, на варотах;
* Прысутнасць лапцяў у курніку павінна была павялічыць колькасць знесеных яек, засцерагчы курэй ад сурокаў і хвароб; * Старым падпаленым лапцем абкурвалі карову пасля ацёлу;
* Падчас эпідэміі менавіта лапці змочвалі дзёгцем і развешвалі ў хатах, хлявах, курніках;
* Стары лапаць дапамагаў і пры ўлазінах — ім “задобрывалі”, “заманьвалі” дамавіка ў новую хату;
* У час пахавання лапаць выступаў як ахвяраванне, своеасаблівы падарунак продкам;
* Лічылася, калі вакол агароду не некалькі штыкецін надзець старыя лапці, то вусені не паядуць капусту, мошка ёй не ўшкодзіць, а “галовы” вырастуць вялікія і сакавітыя.
* Каб было шмат агуркоў, лапаць неабходна закінуць на сярэдзіну градкі і сказаць: “Як гэты лапаць густа плёўся, так і агуркі мае пляціцеся і радзіцеся!”;
* Каб пазбавіцца ад тараканаў, выконвалі наступнае рытуальнае дзеянне: у лапаць саджалі столькі тараканаў, колькі было членаў сям’і і “вывозілі” лапаць з тараканамі праз парог, у двор;
* Зношаныя лапці збіралі і з надыходам вясны вешалі на тын. Часам іх колькасць дасягала ста пар. Лічылася, што “дрэнны” чалавек, які падыходзіў да хаты, агароду, хатняй жывёлы “здзівіцца” і не зможа нанесці шкоду гаспадарцы;
* Катэгарычна забаранялася плесці лапці на працягу Калядных святак, інакш у сям’і народзіцца “крывое” дзіця;
* А яшчэ прыкмячалі: калі лапці рвуцца спераду — бяда наперадзе, калі яны знасіліся, стапталіся ззаду, на пятах — бяда прайшла.
* Казалі: калі ў лапцях часта развязваліся аборы, ведай, што цябе вельмі кахае жанчына і сумуе па табе; У народзе ведалі: каб дзень прайшоў паспяхова, спачатку надзявалі правы лапаць, а потым левы.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=19754