ЗМЕЙ, ЗМЯЯ
Сімвалы мудрасці, магічнай сілы, любоўнай магіі, апякунства ачага, захавальнікі сям’і, дому і кожнага чалавека. З. – персанаж, які звязаны з урадлівасцю, зямлёй, вадой. З. – Волат, Цар – З., З. – Страшыдла і інш. Часта фігуруюць у беларускіх паданнях. Звычайна З. еў скаціну і людзей. Людзі змагаліся з ім, але не маглі здужаць. Потым з’явіўся асілак, які забіў З. і рассек яго на тры часткі – галаву, тулава, хвост і закапаў кожную частку ў асобны курган (в. Дабрыно Дубровенскага р-на).
У некаторых паданнях гаворыцца, што людзям удалося З. злавіць і звязаць, але забіць ніяк не маглі. Надумалі засыпаць З. зямлёй. Але як ні стараліся гэта зрабіць, праз ноч зямля аказвалася раскіданай. І вось з’явіўся чалавек, які ў стары лапаць запрог чорнага пеўня, прывёз зводдаль тры разы па поўным лапцю зямлі і пачаў пасыпаць ёй страшыдла.
Толькі кінуў першую жменю, З. зароў і задрыжэў, а раскапаная ім раней зямля пачала насоўвацца і закрыла яго (в. Сінякі Гарадоцкага р-на). У іншым паданні апавядаецца, што пастух хацеў захапіць у Цар – З. алмазную карону, але як толькі ён сарваў карону, на яго з усіх бакоў набегла незлічоная колькасць змей.
Пастух кінуўся наўцёкі і выратаваўся толькі дзякуючы таму, што дабег да манастыра пад полацкам і зачыніў за сабой браму. У беларускіх паданнях і павер’ях фігуруюць лятучыя і вогненныя З. Лятучыя З. (Цмок) набывае аблічча барадатага чалавека і прыносіць свайму гаспадару ўраджай з чужых палёў. Бывае, што З. улятае праз комін і ў хаце ператвараецца ў прыгожага хлопца. Калі дзяўчына закахаецца ў такога хлопца – З., то пачынае марнець і неўзабаве памірае.
Абярэгам ад заляцанняў такога З. лічыліся асвечаныя баркун і тоя. Часта з. набывае аблічча ўлюбёнага чалавека, якога ўжо няма. З. можа хавацца ад Бога Навальніцы ў дупле дуба і таму ў гэтае дрэва часта б’е Пярун. Вядомы Змеевы камяні (Расоншчына, в. Гогалеўка Чашніцкага р-на), Змеева гара (в. Вароніна Сенненскага р-на, ваколіцы Вільні), Змеевы валы (в. Завідзічы Лепельскага р-на) ды інш. Змеевы камяні звычайна ўяўляюць сабой вялікія, падоўжанай формы неапрацаваныя валуны.
Вобраз З., згодна з фальклорам, нярэдка мае кравец ці шавец, што жыве ў камяні і свае вырабы аддае праз ваконца (паданні пра камяні-“краўцы” і камяні-“шаўцы”). Характэрным з’яўляецца існаванне павер’яў пра тое, што пашытыя боты пажадана было абуваць на ігрышчы, але толькі не ў царкву, бо там яны адразу распадаліся на дробныя кавалкі (сведчанне сувязі шаўца з нячыстай сілай, як праціўніка Бога, а ў больш старажытныя часы – праціўніка Грымотніка).
Рагвалодаў камень у Аршанскім р-не меў дадатковыя назвы “Кравец” і “Сцяпан”. А. М. Афанасьеў у свій час звярнуў увагу на падабенства формулы надпісаў на Рагвалодавым камені і на амулетах- змеевіках. Ва ўсходнеславянскіх і балцкіх фальклорных тэкстах, дзе згадваецца аб пераследванні Грымотнікам свайго праціўніка, З., падкрэсліваецца, што апошні знаходзіцца ўнізе, каля каранёў трохчастковага Сусветнага дрэва, на чорнай воўне.
Пасля ў пераліку аб’ектаў, пад якімі хаваецца З. (Цмок), называецца і камень. У шэрагу валачобных песняў згадваецца камень, на якім ляжыць змяя:
“На том балотцы ляжыць камень,
На том камені ды сядзіць змейка”,
“Ляжыць камень бялюсенькі,
Пад тым каменем – люта гадзіна”.
З. выступае памочнікам героя, прадказвае яму шчаслівую будучыню. Адзін з распаўсюджаных матываў валачобных песняў – згадванне дароў. Гаворыцца, што “што наш дар невялік, дзвярмі не ходзіць, праз акно шые” або “нашы дары невялікія: у дзверы не лезуць, у акно шыюць”.
Тлумачэнне гэтых выразаў вынікае пры параўнанні з паданнямі пра камяні-краўцы. Там абавязковай дэталлю з’яўляецца тое, што ў кожным такім камені нібыта было акенца, праз якое краўцу або шаўцу – звычайна гэта быў З. ці чорт – падавалі матэрыю для працы і плату, а таксама атрымвалі гатовыя вырабы.
Выявы З. вядомыя яшчэ ў неалітычным мастацтве Беларусі. У XI – XII стст. На тэрыторыі Беларусі і Прыбалтыкі былі шырока распаўсюджаныя металёвыя бранзалеты і фібулы (зашпількі) са стылізаванымі канцамі ў выглядзе змяіных галоў. Ян Ласіцкі (канец XVI ст.) згадваў, што ў Беларусі “многія трымаюць у доме ручных З. і кормяць іх”, а сялянскія дзяўчаты “ўпрыгожваюць шыю каралямі з галоў З.” Гл. таксама Цмок.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1882
ЗМЕЙ
Змей падобны да звычайнага вужа, толькі значна большы за яго — увесь залаты, гарыць як жар, і мае крылы. Змей дапамагае ўсім людзям, якія з ім знаюцца. Ён легка пералятае з месца на месца. Лётае надзвычай хутка. Убачыць яго можна толькі на золку. Ён заўсёды ахутаны цёмнай хмарай. Пры палёце Змея бачны вогненны след. Выводзяць беларусы Змея наступным чынам. Калі чорны певень пражыве сем гадоў, то пад канец сёмага года знясе асаблівае з выгляду яйка, якое па форме нібыта ракавіна звычайнага смаўжа.
Гэтае яйка трэба насіць пад пахаю тры гады. Тады вылупіцца з яго маленькае Змеяня. Яго трэба пеставаць, трымаць у цяпле, карміць яешняй (гэта яго выключная ежа) і нічым не раздражняць. Тады ён будзе служыць больш верна, чым сябра. Стаўшы дарослым, Змей пачне лятаць і прыносіць снапы з чужых палёў у гумно, золата з невядомых скарбаў.
Увечары яго можна часам бачыць на небе. Як ляціць вогненны, чырвоны — золата нясе, як цёмны, чорны — збожжа, снапы. Убачыўшы, што Змей пераносіць скарбы, з яго не трэба смяяцца, бо ён спаліць насмешніка з хатнім скарбам. Хто прагне авалодаць дабром, якое нясе Змей, павінен тры разы сказаць: «чур-чур-чур» і разаслаць белую хусту на зямлі усё дабро ссыплецца на хусту. Жыве Змей у клеці, нікому не паказваецца. Туды яму гаспадар ці гаспадыня штодзённа носяць свежую яешню.
Але яе чамусьці нельга саліць: нічым так не ўгнявіш Змея, як пасаліўшы яму яешню. За гэта ён спальвае ўсё гаспадарова дабро і сам адлятае. Наогул, ён, раззлаваўшыся, помсціць пажарам. Сусед, жадаючы зрабіць гаспадару Змея зло, можа з'есці прыгатаваную для Змея яешню і замест яе на патэльні пакінуць нешта гідкае.
Змей пакарае за гэта свайго гаспадара, як за замах на жыццё. Быў такі выпадак. Парабак, падгледзеўшы, як гаспадыня носіць Змею есці яешню, аднойчы з'еў тую яешню сам. Змей вельмі разгневаўся, думаў, што гаспадыня кпіны састроіла, і спаліў увесь двор, і гумно, і дом. Гасілі людзі, гасілі і не далі рады. Стаяць, глядзяць на галавешкі, а тут кола старое ляжыць (а гэта быў Змей, ён перакінуўся ў кола, жыць яму ўжо не было дзе).
Дык сусед кажа:
— А што ж яно тут будзе гарэць — дый перакінуў у свой двор. Дык адкуль толькі што ўзялося ў яго! Усё яму пайшло: і ўраджай, і ўсялякае дабро. Зрэдку Змей лётае па начах у які-небудзь дом і ўступае ў любоўную сувязь з жанчынай.
Такога завуць Змей-любан. Гаспадар можа пазбавіцца ад Змея толькі тады, калі даведаецца, дзе Змей начуе. Даведаўшыся пра месца начлегу, трэба ўзяць канец атосы, вымазаць у дзёгці, і, знайшоўшы соннага Змея, ударыць яго з усяго маху адзін толькі раз — інакш ён ажыве.
Пасля першага ўдару Змей выпускае з сябе полымя, потым смуродны дым, потым перакідваецца чым толькі можа і ўгаворвае чалавека ўдарыць яго другі раз і нарэшце з ровам здыхае. Калі ўдарыць яго другі раз, тады ён сам заб'е чалавека, усю маёмасць спаліць і попел з ветрам развее.
Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/106.htm
ЗМЕІ
Калі чалавек спаткае гадзіну ды не заб'е яе, на таго сонейка будзе сярдзіта. Гэта яму прынясе ўпадак. Калі забітая змяя засталася незакапанай, то сонца пачынае хавацца за хмары і наогул цьмяна свяціць, паколькі яно не можа бачыць труп свайго зямнога ворага.
Калі з якой бы ні было прычыны не удалося закапаць забітую змяю, трэба павесіць яе ў цень, куды не заглядвае сонца, — на сухое дрэва, бо жывое дрэва ад гэтага ссохне. Калі хочаш, каб пайшоў дождж, забі змяю і павесь на бярозе.
Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/74.htm
|