ЯК РАНЕЙ ЛЮДЗЕЙ ХАВАЛІ
Раней, кажуць, людзі доўга жылі. Састарыцца бацька — нічога не робіць. А ежы мала было, ну дык што з ім рабіць, са старым? Тады сын пасадзіць яго на саначкі, завязе ў роў ды і ўкіне туды. А равы былі дужа глыбокія. Дык бацька адтуль не можа вылезці, там і сканае.
Адзін сын вельмі любіў свайго бацьку. Як той састарыўся, ён узяў і пасадзіў бацьку ў склеп, а саначкі завёз парожнія ды і ўкінуў у роў, каб суседзі таго не ведалі. Бацька сядзіць у склепе, сын яму есці носіць туды.
Прайшло так гады два ці колькі там, і не зарадзіў нешта хлеб. Пачаўся голад, гнілую калоду таўклі ды елі. I насенне звялося. Пайшоў сын да бацькі і пытаецца:
— Як жыць будзем, тата? што гэта сеяць?
— Вазьмі, сынок, старую страху раскрый, салому гэту парэж, парэж дробненька ды і пасей.
— Ну, дык што з таго будзе?
— А што Бог дасць, то і будзе...
Зняў сын салому са страхі, пакрышыў-пакрышыў ды і засеяў. Як зарадзілася тое жыта —дык з нівы валіцца. Суседзі дзівяцца, ні ў кога такога жыта няма. Ну і давай у яго дапытвацца:
— Ад чаго ў цябе такое жыта ўрадзіла?
Ён тады і расказаў ім — некуды ужо хавацца:
— Я бацьку пашкадаваў у роў везці ды пасадзіў у склеп. Баяўся вас, людцы. Гэта мне бацька параіў узяць са старой страхі саломы, пакрышыць яе ды пасеяць. Я так і зрабіў.
Зразумелі тады людзі, што гэта яму Бог за тое ўрадзіў, што ён бацьку ў роў не завёз. 3 таго часу пересталi старых скідваць у роў.
|