ВОЎК
Паводле беларускага этыялагічнага падання, быў створаны чортам, антыподам Бога і яго супернікам, які зайздросціў Богу (дасканаласці божых стварэнняў) і спрабаваў ствараць сам. Пабачыўшы сабаку, чорт паставіўся да яго крытычна – малы, слабы, - і намерыўся зрабіць лепшага. Зляпіў з гліны большага , з вялікімі зубамі, яго мусілі ўсе баяцца.
Тым часам ішоў Бог, і чорт стаў цкаваць свайго звера на Бога: “Кусі яго, кусі!” Але чортава стварэнне засталося нерухомым, мёртвым. Тады Бог ажывіў яго, гукнуўшы: “Кусі, воўча, чорта!” В. кінуўся на чорта, ўкусіў яго за нагу. Чорт ледзь выратаваўся ад яго на алешыне (гл. Вольха), абліўшы яе сваёю крывёю. У іншым сюжэце апавядаецца, што В. зрабіў сам Бог, бо пранікся жалем да сіротак, што засталіся без бацькоўскага гадавання, іх не было каму карміць.
Дагэтуль свойская жывёла вольна пасвілася без пастухоў, самапасам, у поўнай бяспецы. А як стварыў Бог В., а тыя сталі забіваць і скрадаць жывёлу, наносіць шкоду гаспадарам, людзі ўжо мусілі наймаць пастушкоў.
Для сірот знайшоўся занятак, ад таго часу яны накормленыя і апранутыя, ад тае пары існуюць В. Мяркуючы па гэтых паданнях, у нашых продкаў было дваістае стаўленне да В.: яго нараджэнне выклікана творчасцю і Бога, і чорта.
Жывучы доўгія стагоддзі побач з В., у значнай меры канкуруючы з ім у паляванні, чалавек здзіўляўся розуму В., яго вынослівасці, арганізаванасці зграі, сямейнай салідарнасці. Пазней у казках быў створаны стэрэатып даверлівага, тупаватага, нехлямяжага прастака, які зусім не адпавядае сапраўднаму ваўчынаму характару.
На думку вучоных, у старажытнахецкай традыцыі В. служылі ўвасабленнем сакральных якасцяў, а воўчая зграя – узорам згуртаванасці, адзінства і ўсяведання. Пераапрананне ў воўчыя скуры мела магічную сілу і было знакам асаблівага сацыяльнага статуса “людзі – ваўкі”.
Беларускае выслоўе “У воўчую шкуру ўшыўся” таксама азначала, што чалавек не прытрымліваецца агульнапрынятых нормаў, не спыняецца ні перад чым. У тэкстах “Хецкіх законаў” ёсць формула ператварэння чалавека ў ваўка – “ты стаў ваўком”, суадносная з ст.-інд. “ён ёсць воўк”, якая надавала чалавеку асаблівы статус пры шлюбным выкраданні нявесты.
У беларускім фальклоры захаваўся сюжэт, дзе шлюбнае спаборніцтва за права ажаніцца з каралеўнай выйграе менавіта В. (“шэры ваўчок”). Матыў апранання воўчых шкур вядомы ў ст. – германскай традыцыі (улучаючы гоцкую), дзе воіны выступаюць у воўчых шкурах і апісваюцца як В.
Шырокае распаўсюджанне ў беларусаў і суседніх народаў набыло ўяўленне пра часовае ператварэнне асобных людзей і цэлых групаў (цэлага вяселля, напрыклад) у В., якія называліся ваўкалакамі.
Пра шчыльнасць пашырэння ўяўленняў, вераванняў і паданняў на тэму В. у Беларусі сведчыць вялікая колькасць айконімаў і антрапонімаў, утвораных ад асновы “воўк”: Воўк, Ваўкі, Ваўчкі, Ваўкова, Ваўча, Ваўковічы, Воўкаўшчына, Ваўкалаты, Ваўкулакава і інш.
Асаблівае стаўленне нашых продкаў да ваўкоў адбілася ў вераванні, што св. Юр’я з’яўляецца апекуном свойскай жывёлы (асабліва коней) і ваўкоў. Лічылася нармальным дараваць ваўку жывёліну са статку, ва ўсякім разе кранутая ваўком жывёліна лічылася ўжо страчанай для гаспадара.
Як і ў іншых індаеўрапейскіх народаў, В. уяўляўся ўсяведным, яго імя нельга было называць, каб не выклікаць самога В., пра што сведчыць непасрэдны сэнс прымаўкі: “ Пра воўка памоўка, а воўк тут” ( адпаведнік лацінскага “Lupus in fibula”).
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/552
У беларускай культуры воўк з'яўляецца татэмным зверам, а прозвішчы Воўк, Воўчык, Воўкаў і г.д. - гэта ёсць татэмы.
|