ДЗЕДАВІЦА

НАВАГОДНІЯ ВАРОЖБЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    НАВАГОДНІЯ ВАРОЖБЫ

    Таццяна Валодзіна, Вячаслаў Ракіцкі 08.04.2008 г.

    Вы чуеце крокі? Чуеце, як яны — яшчэ прыглушаныя, як быццам далёкія, але з кожнай хвілінаю ўсё больш выразныя, настойлівыя і нястрымана-рашучыя — усё бліжэй і бліжэй. Вы чуеце дрыготка-зацятую ўрачыстасьць часу, яго чаканьне, чаканьне злому, за якім — новы час, новае вымярэньне. Новы год. І раскрываецца зямля, і ніжэй апускаецца неба. Адмыкаюцца ўсе магчымыя сховішчы і норы, каб адтуль выбухнула, вырвалася тая ўсюдыісная няўлоўная сіла, што ледзь дачакалася свайго часу. Імкнецца гэтае нябачнае войска да чалавека, каб падхапіць яго з сабою, завіхурыць-закружыць і адкрыць яму вочы і вушы. Зрабіць тайнае ўяўным, а невядомае — вядомым.

    — Таму і зьбіраюцца дзяўчаты ў сьвяточную навагоднюю ноч, каб зазірнуць у будучыню, каб скарыстацца з расчыненых межаў і запытацца пра свой лёс. Зьбіраюцца варажыць.

    Зьбіраліся нашыя далёкія бабулі, зьбіраюцца і сёньняшнія модніцы ў гарадзкіх кватэрах. Зьмяніліся ў пэўным іх спадручныя сродкі, але схемы, стэрэатыпы засталіся ўсё тыя. Засталося жаданьне ўбачыць свайго суджанага, даведацца, адкуль ён, зь якое сям’і і як хутка зьявіцца да яе: “Багатую куцьцю перад Новым годам яшчэ называюць Шчадрэц, ці Шчодры вечар. У гэты вечар дзеўкі й хлопцы гадаюць, якая ім будзе пара, якая іх сустрэне доля. Пасьля вячэры дзеўкі зубамі выцягваюць з новае страхі саломінкі. Каму трапіцца найдаўжэйшая саломінка, той хутка будзе ў пары. Калі саломінка з коласам, та дзеўка пойдзе замуж за хлопца, а калі бяз коласа — то за ўдаўца. Колас зь зярнятамі кажэ, што суджаны будзе багаты, а пусты колас значыць суджанага-галыша”.

    — Надзвычайная жывучасьць варожбаў відавочная. Чалавек, як і калісьці, упарта хоча ведаць сваю будучыню. Нашыя продкі цягалі зубамі саломінку, а сучасныя вучоныя дзядзькі складаюць гараскопы і нават друкуюць іх у сур’ёзных газэтах. А зоркавы прагноз — гэта тое ж гаданьне, загадваньне будучыні. Дык, у чым жа падмурак варожбаў, у чым іх сьветаглядная аснова, што падтрымлівае нашую адвечную цікаўнасьць? —

    Варожбы стаюць як свайго роду камунікатыўнае ўзаемадзеяньне чалавека з навакольлем (і зоркамі ў тым ліку), што выступае для яго крыніцаю інфармацыі. Сьвядомасьць у імкненьні зазірнуць за паверхню рэчаў і зьяваў пачынае гадаць, інтэрпрэтаваць знакі навакольля ў азначаных формах. Так, у аснове шматлікіх спосабаў варажбы ляжаць вераваньні ў тое, што пры выкананьні пэўных умоваў чалавек можа з дапамогаю звышнатуральных сілаў атрымаць знакі, у якіх "зашыфраваны" ягоны будучы лёс, і правільна вытлумачыць іх.

    — Атрымліваецца, што падчас варожбаў ладзіцца кантакт з насельнікамі іншасьвету. Але ўвайсьці ў такі кантакт — справа далёка ня простая. Што меў зрабіць дзеля гэтага просты цікаўны?

    — Посьпех у сустрэчы з духамі самага рознага парадку забясьпечваўся цэлым комплексам умоваў, якія ўсе ў сукупнасьці й кожны паасобку былі накіраваныя на здыманьне межаў паміж сьветамі й атрыманьне з “таго” боку адпаведнага знаку. Каб усталяваць кантакт, той, хто зьбіраўся варажыць, здымаў крыж і пояс — “размыкаў” абарончую мяжу, разьвязваў вузлы, дзяўчаты распляталі косы, часам распраналіся, заплюшчвалі вочы, рабілі ўсё моўчкі. Найбольш прыдатным для варажбы час вылучаўся межавымі, пераломнымі характарыстыкамі. Найперш, гэта — Каляды, а ў сыстэме сутак — поўнач.

    — А што тычыцца месца варажбы, куды найахвотней зьяўляліся духі і, галоўнае, дзе станавіліся яны адчыненымі да кантакту?

    — Спрыяльнымі для дасягненьня мэтаў варажбы ёсьць месцы нежылыя (лазьня, хлеў, пуня і да т.п.) і “памежныя” (тыя, што асэнсоўваліся як межы паміж сваім і чужым — печ, парог, кут, вароты, калодзеж, ростанькі, магільнікі й інш.). Асобныя месцы набывалі сакральны статус толькі ў часе сьвятаў, прыкладам, двор, дзе смалілі парсючка да Калядаў: “Дзеўка бярэ ў зубы тую косьць, што варылася ў куцьці, нясе яе на тое месца, дзе смалілі сьвіней к Калядам, становіцца на том вогнішчы да і слухае, у яком боцы забрэшуць сабакі ці запяе пявун, то ў той бок пойдзе замуж. Калі ж закрычыць сава, то будзе вельмі вялікае ліха, бо яна родзіць байстручка”.

    — Але ж у саміх варожбах рэдка сустрэнеш наўпроставыя звароты да нячыстага. Дый неяк і не ўвязваюцца любоўныя намеры з чартоўскаю сфэрай.

    — Між тым, тэксты прыгавораў пры варожбах дэманструюць звароты да сьвятых, продкаў, марозу, сьвіньні, месяца — а фактычна да іншага, вышэйшага, сакралізаванага сьвету. У іншых выпадках зьвяртаюцца да пэрсаніфікаваных атрыбутаў — грэбеня (“Грабянец, грабянец, чашы косы пад вянец, дай мне знаці, з кім у пары стаці”), куцьці, мяшка, якія гэтаксама выступаюць як маркёры таго сьвету ці сымбалі-мэдыятары.

    — Але ж ролю пасярэднікаў між сьветамі выдатна выконвалі і жывыя істоты — птушкі, жывёлы. Ці зьвярталіся па дапамогу да іх?

    — У нас такой жывёлінай-вестуном, і ня толькі ў варожбах, быў сабака. І падмацоўвалася тое ягонай выразнай мужчынскай сымболікай. “На Шчадраца дзеўкі выпякалі кожная аладку і прыносілі ў адну хату. Раскладвалі аладкі на парозе ў рад. Потам прыводзілі сабаку. І той ужо, у якім парадку зьесьць іх (а адну за адной ня еў — спачатку кожную панюхае!), у такім парадку дзяўчаты замуж пойдуць. А бывае, возьме чыю аладку, зацягне куды і ня зьесьць, то быць той у старых дзевах”.

    — Шэраг варожбаў заснаваны на вырашэньні апазыцыі "цотны–няцотны", "парны–няпарны": прыносілі бярэмя дроваў, абдымалі плот са словамі: "кол, калец, удавец, маладзец". Відаць, маладыя людзі рабілі гэта ў жаданьні знайсьці сваю пару?

    — Відавочна, усе любоўныя варожбы кіраваліся да магічнага праграмаваньня шлюбу. Але міталягічная аснова такіх павер’яў надзвычай глыбокая, бо супрацьпастаўленьне “цотны–няцотны” суадносіцца з уяўленьнямі пра жыцьцё і сьмерць. Дарэчы, колькасьць дзяўчат у часе варожбаў таксама актуалізавалася, бо існавала перакананьне, што патрабуецца няцотны лік, а “да пары” зьявіцца менавіта нячыстая сіла, якая і перадасьць сакральную інфармацыю.

    — Відаць, самай папулярнай сёньня варажбой ёсьць загадваньне перад сном у новым месцы, калі дзяўчаты кажуць: “Сплю на новым месьце, прысьнісь, жаніх, нявесьце”. Тут ужо, як бачым, у наяўнасьці зваротак менавіта да хлопца, мужчыны, а не да нейкага там чорта.

    — Абсалютная большасьць варожбаў-зваротаў да жаніха вымаўлялася перад сном і была зьвязаная з разгорнутым сымбалічным дзеяньнем: “На Каляды ваду замыкалі, поўнае вядро прыносілі, каб ніхто не зачарэпнуў, каб не загаварыць, пад краваць ставілі проці галавы, а ключ пад галаву клалі і загадвалі: “Суждзёны-раждзёны, прысьніся мне, з кім я буду гэту ноч начуваць і век векаваць”. Зьмест чаканых сноў дэманструе шырокі дыяпазон традыцыйных паэтычных мэтафараў, пры дапамозе якіх апісваецца шлюб наогул і інтымныя дачыненьні ў прыватнасьці: “прыйдзі штаны адзяваць”, “прыйдзі маю пшаніцу паліць”, “прыйдзі ка мне ў рошчу гуляць”, “мілы мой, напой вадой”.

    — Але чаму тады калядныя варожбы бачыліся ў народзе як асабліва страшныя? Чаму ўбачыць каханка магло прадвяшчаць бяду і нават сьмерць?

    — Невыпадковасьць знака жаніха ў рытуале варажбы, яго прадвызначанасьць на пэўным, рытуальным роўні дазваляюць меркаваць пра яго як пра свайго роду пасланца таго сьвету, фактычна як пра духа продка, які, валодаючы інфармацыяй, набывае патрэбнае аблічча і зьяўляецца да дзяўчыны. Дарэчы, гэтыя два пэрсанажы — нябожчык і жаніх — нярэдка зьліваюцца ў адным вобразе: узгадаем жаніхоў-мерцьвякоў у балядах. У гэтым пляне асабліва паказальныя варожбы зь люстрам, калі строга забаранялася блізка падпускаць да сябе выяву жаніха, “каб не задушыў”, “не пацягнуў на той сьвет”: “Як дзяўчына ўжо хоча гадаць на Шчодрыка, то ўжо зь вечара да нікога ня бае, пасьля вячэры люстра бярэ і лезе на печ і дзівіцца ў люстра да ночы. Перш здалёк пакажацца, а ў поўнач падае руку, але ж барані Божа яе ўзяць, нада люстра задам перакінуць, бо схопіць. А як углянеш бабу, то закрый зразу, бо прыйдзе да задавіць. І задаўлівало, хто не закрые. А так праўда — каго ўбачыш, за таго і замуж пойдзеш”. Такім чынам вылучаныя папярэдне звароты ў варожбах да міталягізаваных пэрсанажаў ці да меркаванага жаніха набываюць аднолькавы статус зваротаў да таго сьвету”.

    — А Новы год усё бліжэй. І паўсюль заміраюць дзявочыя сэрцы ў прадчуваньні сустрэчы, няхай сабе сёньня ў сьне ці ў адбітку ў люстры — але абавязкова сустрэчы, што спраўдзіцца, стане іх самай важнаю жыцьцёвай сустрэчай…

    Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/bielaruskaja_atliantyda/navahodnija_varozhby.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz