ДЗЕДАВІЦА

ГУШКАННІ НА АРЭЛЯХ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ГУШКАННІ НА АРЭЛЯХ

    Значнае месца ў забавах дзяцей і моладзі на парозе вясны займала гушканне на арэлях. Для самых маленькіх іх майстравалі пасярэдзіне двара або мацавалі гушкалкі прама ў варотах. Моладзі патрэбны былі больш вострыя ўражанні, і адпаведна яе паводзіны вылучаліся значна большай эмацыянальнасцю.

    Таму хлопцы ладзілі арэлі з дапамогай старэйшых братоў і бацькоў у гумнах і пунях. Гушканні на арэлях мелі некалькі планаў асэнсавання. З аднаго боку, уласна фізічны аспект: не толькі ўзбуджалі, але і “загартоўвалі” нервовую сістэму чалавека; актыўныя рухі ўмацоўвалі яго сістэму каардынацыі ў прасторы, трэніравалі вестыбулярны апарат, развівалі моц, хуткасць рэакцыі.

    Адначасова папарнае гушканне з дзяўчатамі дазваляла хлопцам прадэманстраваць свае фізічныя здольнасці, рухавасць, імпэт і адначасова выказаць на мове сімвалаў сваю зацікаўленасць дзяўчынай. З другога боку, здавалася б, простая забава, пацеха, гульня несла на сабе адбітак далёкай традыцыі, змест якой быў напоўнены абрадавым сімвалізмам.

    Па-першае, гушканні суправаджаліся залівістым смехам, гучнымі рытмізаванымі заклічкамі і нават невялікімі песеннымі творамі, якія выконвалі ролю замовы. Па-другое, гушканне заўсёды звязвалася з дабрабытам і новым ураджаем. Паўсюдна на Беларусі існавала падсвядомая перакананасць у тым, што ад вышыні калыхання (узлёту над зямлёй) залежыць рост ільну.

    Можа, якраз таму нашы продкі даволі часта гушкаліся на вяроўках. Па-трэцяе, калыханні моладзі ўтрымлівалі ў сабе і выразную эратычную функцыю. Дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту “ўцягвалі” хлопцаў у вір кахання, заляцання і спадзявання. У такт рытмічнаму калыханню дзяўчаты ў рэчытатыўным стылі выкрыквалі наступныя магічныя словы:

    Калышы, калышы,

    Мяне старую!

    А будзеш калыхаць

    Пасля мяне старой Маладую.

    Сакральны сэнс гэтых слоў празрысты і зразумелы: дзяўчына перадшлюбнага ўзросту — “старая” для дзіцячых люлянняў-калыханняў. А вось пасля замужжа, калі ў іх народзіцца дзяўчынка, то якраз яе і трэба будзе калыхаць. Глыбокім эратычным сімвалізмам напоўнены былі калыханні моладзі на “казлах”.

    “Казлы” — гэта такія арэлі: ставілі два слупы накрыж з двух бакоў і ўнізе вяроўкі клалі дошку. “Казлы” былі высокія — да чатырох-пяці метраў. На “казлах” калыхаліся і пелі песні:

    Вой, люлі, вой, люлі,

    Нашы вожачкі крэпенькія.

    А нашы ж вожачкі парваліся

    А дзевачкі ж нашыя ўсе паваліліся.

    Вой, лі, вой, люлі, мы калыхаліся,

    Нашы вожачкі папарваліся.

    А нашы вожачкі пяньковыя,

    А нашы хлопцы непуцёвыя.

    У Гарадоцкім, Шумілінскім раёнах гушкаліся на арэлях і для таго... “каб камары не кусалі”. У аснове ляжала народная магія, заснаваная на дзеянні падабенства. На пачатку веснавога абуджэння выконвалі дзеянні, якія павінны ўзвесці нябачную заслону ад летняга гнюсу.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=30687




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz