КАЧКА
Вадаплаўная птушка, вылучаецца вялікай колькасцю відаў. Здаўна была прыручаная, свойская. Як і іншыя вадаплаўныя птушкі, у традыцыйным светапоглядзе К. найперш асацыюецца з пачатковымі водамі і першымі фазамі касмагенезу.
Так, персанаж – аетаганіст Бога часта менавіта ў вобразе вадаплаўнай птушкі (К.-нырца або лебедзя) здабывае з глыбіняў пракаветнага акіяна насенне зямлі – матэрыял для будучага стварэння свету (матыў, шырока вядомы многім народам Еўразійскага кантынента).
Сувязь К. з пачатковымі (і адпаведна канцавымі) фазамі касмагенезу добра прасочваецца ў вядомым казачным сюжэце пра смерць Кашчы: яйка з Кашчавай смерцю знаходзіцца ў К., тая – у зайцы і г. д., а ўсе гэтыя хтанічна-лімінальныя персанажы – у карэннях Сусветнага дрэва (Дуба).
К., як і іншыя вадаплаўныя птушкі, вылучаецца таксама тым, што ёй падуладныя тры касмічныя стыхіі – вада, зямля і паветра, еднасць якіх яна можа рэпрэзентаваць.
У міфалогіі з К. звязаны ўяўленні аб метамарфозах.
У чарадзейных казках тры або дванаццаць К. – сясцёр скідваюцца дзяўчынамі-прыгажунямі; адна з іх, стаўшы жонкай героя казкі, ратуе яго і сябе ад пагоні, скінуўшыся рэчкай, а мужа ператварыўшы ў селезня (качара);
у залатую К. ператвараецца кінутая ў ваду трэска ад яблынькі, а гэтая К. потым абарочваецца Партупеем Прапаршчыкам; у К. заклінае дзяўчыну-сірату ліхая мачаха і да т.п.
Істотна адзначыць, што ва ўсіх гэтых пераўтварэннях актуалізавана найперш шлюбная сімволіка. Таму нездарма К. з цеста ўпрыгожвалі вясельны каравай.
На Барысаўшчыне ў цэнтры каравая жаніха змяшчалі фігуркі качара і К., а вакол яйкі (у казцы качар упрыгожваў каравай маладога, а К. – каравай маладой). У многіх раёнах пяклі пернікі ў выглядзе качачак ды інш.
Вядомыя малюнкі К. на неалітычным гліняным посудзе (вв. Юравічы Калінкавіцкага, Галоўск Сененнскага р-наў). Старажытныя выявы звязваюцца з паляўнічай магіяй. У XI – XII стст. насілі падвескі ў выглядзе К., якія выконвалі ролю абярэгаў.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2522
КАЧАЧКА - птушка, якая спарадзіла свет. Часам яна раздвойваецца і паўстае ў выглядзе белага гогаля (які і ёсць бог) і чорнага гогаля - сатаны.(Славянская міталёгія).
Крыніца: http://www.hogwarts.ru/library/show.php?uid=guest&cat=1&subcat=&id=747960&p=5