“НАРОДНА-ПРАВАСЛАЎНЫ” КАЛЯНДАР
30.12.2008
Неабходна адзначыць, што ў гістарычным дыялогу народна-ведыйскай і хрысціянскай традыцый пашчасціла адначасова двум бакам. У іх аказалася прынцыпова падобнай мадэль упарадкавання часу і пабудовы сістэмы свят у той лагічнай паслядоўнасці, у аснове якой ляжалі прыродна-касмічныя і жыццёвыя цыклы.
На змену універсальнай мадэлі мінулага, аснову якой складаў міф аб паміраючым і ўваскрасаючым дрэве, прыйшла абноўленая мадэль, у ідэалогію якой быў унесены персаніфікаваны пачатак, што, дарэчы, спалучыў у сабе рысы чалавечай і боскай праяў. Усё гэта прывяло да таго, што ў другім тысячагоддзі ў славянскім духоўным свеце разгарнуўся складаны працэс, які прывёў да ўзнікнення надзвычай спецыфічнай з’явы, якую сёння называюць двухвер’е, а адаптаваная ў народнай свядомасці новая вера атрымала назву народнае праваслаўе.
Структурны і зместавы аналіз рускага праваслаўнага календара паказвае, што галоўныя падзеі хрысціянскай царквы і станаўленне самога хрысціянства былі вельмі тонка і дакладна суаднесены з папярэднім абрадавым календаром усходнеславянскіх народаў. На прыкладзе некалькіх свят паспрабуем прасачыць, якім чынам адбывалася тое гісторыка-культурнае і рэлігійна-абрадавае сумяшчэнне або напластаванне адной каляндарнай сістэмы на другую. 25 снежня — 7 студзеня За зыходную кропку адліку часу возьмем дату нараджэння Сына Божага.
Ні ў адным з Евангелляў няма спасылкі на дакладную дату яго нараджэння. Вядомы толькі некаторыя ўскосныя фактары часавай суаднесенасці. А зараз давайце ўзгадаем тую дакладную дату, да якой сёння прымеркаваны дзень нараджэння Ісуса Хрыста. Гэтай датай з’яўляўся дзень 25 снежня.
У сучасным праваслаўным календары гэтай старажытнай даце адпавядае 7 студзеня (аб тым, як здарылася гэта разыходжанне, мы ўжо распавядалі). Пасля зробленага ўдакладнення становіцца зразумелым, што выбар гэты быў зусім не выпадковы. Мы ўжо адзначалі, што менавіта ў ноч на 25 снежня Сонца паварочвае на новае гадавое кола, што ў старажытным міфалагічным светапоглядзе нашых продкаў успрымалася як дзень нараджэння самага галоўнага нябеснага свяціла.
Зробім першае падсумаванне адзначанага супадзення: да даты павароту сонца на новае гадавое кола ў хрысціянскай традыцыі было прымеркавана нараджэнне Сына Божага Ісуса Хрыста.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28351
21 сакавіка Наступным важным момантам у жыцці Сонца з’яўляецца дзень веснавога раўнадзенства, бескампрамісная барацьба паміж днём і ноччу заканчваецца поўнай перамогай святла. З гэтага часу дні становяцца даўжэйшымі за ноч, г.зн. вялікімі, адсюль, відаць, паходзіць і назва свята, прымеркаванага да гэтага часу: Вялікі + дзень = Вялікдзень.
На працягу трох стагоддзяў багасловы, якія стаялі каля вытокаў фарміравання Царквы, шукалі універсальны алгарытм вызначэння даты святкавання Пасхі (Вялікадня). У 325 годзе на Нікейскім саборы гэта рашэнне было знойдзена. З таго часу Вялікдзень адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай поўні, якая надыходзіць пасля дня веснавога раўнадзенства.
Зробім другое падсумаванне святочна-каляндарных супадзенняў: * да часу канчатковай перамогі Дня (Святла) над Ноччу (Дабра над Злом) прымеркавана падзея выключнай гістарычнай важнасці для хрысціянскага свету — канчатковая перамога Жыцця над Смерцю, або ўваскрэсенне Ісуса Хрыста. Безумоўна, гэта вялікі (у сэнсе выключны) дзень для ўсіх хрысціянскіх вернікаў.
23—24 чэрвеня — 6—7 ліпеня Адным з самых багатых па абрадавым змесце і вобразным рашэнні ў народным календары з’яўляецца свята Купалле, якое адпавядае часу максімальнага росквіту Сонца. Відаць, уся прырода і само свяціла рады найвышэйшаму росквіту. Касмічнае вяселле настолькі эмацыянальнае і шматгалоснае, што на ўзыходзе Сонца 24 чэрвеня (у сучаснай традыцыі 7 ліпеня) адбывалася нешта неверагоднае. Яно быццам пачынала іграць (скакаць): то апускалася ніжэй, то зноў уздымалася над гарызонтам.
Гэты фантастычна прывабны і магічна прыцягальны танец паўтараўся ад сямі да дванаццаці разоў. Калі ж за гэтай гульнёй Сонца людзі назіралі над возерам або рэчкай, то стваралася ўражанне, быццам свяціла купалася ў вадзе. Магчыма, ад гэтага незвычайнага відовішча і паходзіць назва свята Купалле. Свята пачыналася 6 ліпеня ўвечары і працягвалася аж да раніцы наступнага дня. А словы з народнай песні ўдакладнялі: “Сёння Купалле, а заўтра Ян”.
За гуллівай купальскай ноччу хрысціяне будуць адзначаць дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля. Калі Ісусу Хрысту споўнілася 33 гады, Іаан Хрысціцель выканаў над ім абрад хрышчэння. Узгадаем, што да нашага часу захавалася старажытная традыцыя пры хрышчэнні апускаць дзіця ў ваду (купаць), як некалі Хрыстос быў хрышчаны-купаны ў водах ракі Іардан, і той, хто калісьці пакупаў Збавіцеля, стаў называцца ў народзе Іванам Купалам.
Зафіксіруем трэцяе падсумаванне народна-ведыйскіх і хрысціянскіх паралеляў:
* дзень, калі купаецца бог Сонца Ярыла, атрымаў назву Купалля;
* Іаан Прадцеча, які пахрысціў-пакупаў Ісуса Хрыста, быў празваны Іванам Купалам (Янам).
(Заканчэнне будзе.)
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28377
|