ДЗЕДАВІЦА

КАМЕНЬ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАМЕНЬ

    Народныя ўяўленні аб магічных здольнасцях К. заснаваныя на спецыфіцы ягоных фізічных якасцяў (важкасць, цвёрдасць) і разнастайнасці формаў (гладкі, шгурпаты, маленькі, вялікі ды інш.). Апошняя акалічнасць ляжыць у аснове меркаванняў аб здольнасці К. расці.

    Паводле легенды, у міфалагічныя часы, калі Бог (Божая Маці) хадзіў па зямлі, К. вырасталі памерамі з хату, але пасля таго як Бог збіў нагу аб К. і пракляў іх, яны перасталі расці ці “растуць, але памалу”.

    У беларускіх замовах К. выступае як сімвалічны цэнтр сусвету, “падмурак” Сусветнага дрэва, дзе знаходзіцца прычына хваробы або ўмовы (прасторавыя, персанальныя) яе ліквідацыі; як своеасаблівы “адрас” на мяжы іншасвету, куды накіроўваецца (вяртаецца) немач і адкуль чакаецца дапамога:

    “На сінім моры-акіяне стаіць дуб, пад тым дубам ляжыць Латыр-камень, пад тым камянём ляжыць чорная руна, у той руне жывець змяя Скурапея” або “На моры, на лукамор’і ляжыць белы камень, на тым камні сядзіць дзедзька-белабарэдзька. Прашу цябе, дзедзька-белабарэдзька, што б ты вынімаў шал…”

    Трываласць, цвёрдасць, даўгавечнасць К. фігуруе як асноўная матывацыя яго выкарыстання ў магічнай аперацыі выбару месца пад новую хату. На Віцебшчыне гаспадар мусіў таемна прынесці на меркаванае месца па адным К. з 4 палёў (4 бакі свету) і раскласці па ўяўных кутах будучай хаты.

    Калі праз ноч К. засталіся незварухнутымі – месца лічылася ўдалым. Тым жа тлумачыцца і звычай перабіваць пупавіну нованароджанаму хлопчыку К. – ён меўся быць дужым і трывалым. Калі дзіця не магло доўга навучыцца хадзіць (уменне хадзіць як чарговая прыступка “зацвярдзення”, “ачалавечвання”), яго вадзілі па К. – гладышах з перасохлага ручая.

    Гладкасць К. (апазіцыя гладкі, лысы, бедны – шурпаты, калматы, багаты) у адрозненне ад яго цвёрдасці, як правіла, трактавалася негатыўна. Так, напрыклад, цяжарнай забаранялася сядзець на К., бо ў дзіцяці не будуць расці валасы. Калі дзеці бавіліся з дробнымі К. – гэта было прыкметай на сярэдні ўраджай, калі ж з гладышамі – знакам няўроду і голаду. Цяжар К. лёг у аснову асацыяцыяў з цяжкасцю (убачыць К. у сне – да цяжкага жыцця) і цяжарнасцю.

    Так, калі закінуць К. з першай баразны дзеўцы ў фартух – тая зацяжарыць. З другога боку, важкасць К. (як антытэзы бязважкасці, пустаце) мела пазітыўнае значэнне. Каб павялічыць надоі ад сваіх кароў за кошт суседскіх, трэба было з суседскага гарода скрасці дзевяць К. і выкіпяціць імі збанок з-пад малака. Каб роды былі лёгкімі і ўдалымі, раілі церці жывот цяжарнай К., знойдзенымі ў мышыным кубле.

    Паводле сведчанняў А. Кіркора, яшчэ ў сяр. XIX ст. на Беларусі амалькожны К. вялікіх памераў ці незвычайнай формы фактычна быў культавым; ушаноўваўся тутэйшым насельніцтвам і меў адметныя паданні наконт свайго паходжання. На тэрыторыі Беларусі ўлічана больш за 300 культавых К.

    Гэта абярэгі, гойбіты (дапамагаюць ад розных хваробаў), следавікі (гл. К. – следавікі), цудадзейныя (паданні звязаны з прывідамі і рознымі незвычайнымі з’явамі), камяні-скарбнікі (паданні пра закапаныя скарбы), акамянелыя аратыя (акамянёў араты разам з валамі за тое, што працаваў на Вялікдзень), акамянелыя вяселлі (гл. Акамянелыя істоты), вёскі, азёры, храмы.

    Характэрнымі для Беларусі лічацца К,-краўцы. Вылучаецца клас авістычных культавых валуноў, якія ўвасабляюць продкаў або звязваюць іх з гістарычнымі асобамі і падзеямі (камяні Дзед, Стары, Дзедаў камень, на камені абедаў Напалеон ды інш.).

    Значная частка культавых валуноў звязваецца з паганскімі боствамі – Дажбогаў камень (в. Крамянец Лагойскага р-на), Волас (в. Крыжоўка Мінскага ро-на), Воласень (в. Вялікія дольцы Ушацкага р-на), Пярун (вв. Расходна Сенненскага, Папялы Глыбоцкага р-наў). Шырока распаўсюджаны валуны, якія, згодна з паданнямі, звязваюцца з чортам.

    Найбольш вядомыя паданні: чорт нёс К. з мэтай заваліць дзверы храма, але праспяваў певень, і чорт выпусціў К. Ёсць валуны з выемкамі розных формаў і ямкамі (вв. Вялец Глыбоцкага, Дубнікі-Ператок Любанскага р-наў). Большасць такіх аб’ектаў можна звязваць з культам продкаў. Ёсць валуны з высечанымі на іх малюнкамі і надпісамі.

    Асабліва вылучаюцца Барысавы камяні з надпісамі XII ст.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2272

    ЛЕДНІКОВЫЯ ПРЫШЭЛЬЦЫ

    Малыя і вялікія, шэрыя і каляровыя, звычайныя і фігурныя... Камяні-валуны сустракаюцца ледзь не ў кожным раёне Беларусі. Шмат іх прадстаўлена і ў нашым праекце. І ведаеце, гэтыя аб’екты, як ніякія іншыя, вартыя звацца цудамі. Сёння на тэрыторыі Беларусі тысячы і тысячы валуноў (так называюць камяні ад дзесяці сантыметраў да пяці і болей метраў у папярэчніку).

    Найбольш буйныя ахоўваюцца дзяржавай. Вядома, што ўсе яны чужаземцы. Іх прыцягнулі на нашу тэрыторыю вялізныя мацерыковыя ледавікі, якія за апошні мільён гадоў неаднаразова пакрывалі Паўночнае паўшар’е Зямлі. Сваім незвычайным і таямнічым паходжаннем валуны здаўна прыцягвалі ўвагу чалавека.

    Пра іх складалі легенды і паданні, расказвалі быліны, ім прыпісвалі чарадзейную сілу. А што сёння хаваюць у сабе гэтыя маўклівыя старажылы? Якія падзеі памятаюць? Якой моцай валодаюць? І якія веды нясуць нам, нашчадкам? Самы вялікі валун у краіне знаходзіцца ў Шумілінскім раёне паблізу вёскі Горкі. Ён так і завецца – Вялікі камень.

    Яго даўжыня 11 метраў, а вага больш як 800 тон, і гэта толькі яго трэцяя, надземная частка. Беларускія «стоўнхенджы» Магутнасць і цвёрдасць валуноў заўсёды прымушалі людзей адчуваць іх унутраную сілу і моц. Камяні ўспрымаліся нашымі продкамі як надчалавечыя істоты, а часам нават абагаўляліся.

    Ім давалі імёны язычніцкіх багоў (Пярун, Дажджбог, Вялес), людзей (Сцяпан, Дзям’ян, Мар’я), назвы прафесій (Кравец, Ткач, Князь) ці жывёл (Бык, Кабыла, Змей). І заўсёды, прыпісваючы магічную сілу, пакланяліся ім ці выкарыстоўвалі іх у сваіх рытуалах і малітвах. Пра гэта сведчаць не толькі асобныя камяні, але і цэлыя групы валуноў.

    Кажуць, на тэрыторыі Беларусі былі збудаванні накшталт англійскага Стоўнхенджа. Дарэчы, іх сляды можна і сёння знайсці на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, пад Дубкамі Аршанскага раёна ці на возеры Янова ў Полацкім раёне, дзе ружовыя і чырвоныя валуны раскладзены ў пэўным парадку, нібыта служылі нашым продкам астранамічнай абсерваторыяй і месцам ахвярапрынашэнняў.

    Кажуць, і сёння камяні дзіўнага «стоўнхенджа» самастойна мяняюць сваё месцапалажэнне і нават знікаюць. Божы камень Праз стагоддзі, калі на змену язычніцтву прыйшло хрысціянства, змянілі свае адносіны да камянёў і людзі. У многіх з іх яны ўбачылі святыні. Так, у Любанскім раёне, непадалёку ад вёскі Ператок, у полі ляжыць незвычайнай формы камень – велікан з мудрагелістымі ўнутранымі хадамі, аднесены да гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

    Па меркаванню вучоных, яму каля 375 мільёнаў гадоў. Вядома, пакланяліся каменю яшчэ ў язычніцкія часы. Мясцовыя жыхары і сёння перакананы ў тым, што камень валодае магічнай сілай, асабліва ў маладзік, і называюць яго Божым, ці Святым. Да каменя прыходзяць людзі з навакольных і аддаленых вёсак, просяць пазбавіць ад хвароб, бед.

    Вада, што збіраецца ў ячэйках і загадкавых хадах, лічыцца гаючай. Яе збіраюць і выкарыстоўваюць для прыгатавання розных настояў і лекаў. Камень-лекар ёсць і ў Старадарожскім раёне. Як гэта ні дзіўна, акурат у цэнтры каменя выразна відаць след чалавечай нагі 37-га памеру. Мясцовыя жыхары вераць, што ён належыць Божай Маці, якая надзяліла камень цудадзейнай сілай.

    Лічыцца: калі прыкласці нагу да адбітка, хваробы праз некаторы час адступяць. Крыжыкі-нулікі Дарэчы, розныя надпісы, выявы, знакі на камянях рабіліся і спецыяльна. Яны падкрэслівалі прыналежнасць тэрыторыі таму ці іншаму гаспадару, служылі для прасторавай арыентацыі ці выступалі як магічныя абярэгі людзей і жывёлы.

    Дакладна можна сказаць, што арыентуючае прызначэнне мелі Барысавы камяні, якія знаходзіліся на Заходняй Дзвіне каля Полацка, і Рагвалодаў камень каля Оршы. Але дзякуючы таму, што на іх былі высечаны імёны старажытных беларускіх князёў Рагвалода і Барыса, яшчэ і паказвалі, хто з’яўляецца ўладальнікам гэтых зямель.

    Знакамі ў выглядзе крыжоў пасля прыняцця хрысціянства ўпрыгожваліся магільныя і часам мемарыяльныя камяні. У спіс помнікаў краіны занесены валуны з высечанымі каталіцкімі і праваслаўнымі крыжамі, якія ляжаць уздоўж дарогі ў вёсцы Патапавічы Ляхавіцкага раёна. На некаторых з іх беларускі археолаг Міхась Чарняўскі выявіў лічбы «1683».

    Па яго меркаванню, гэта сведчанне таго, што беларускія ваяры, у тым ліку з вёскі Патапавічы, удзельнічалі ў разгроме туркаў пад Венай. Там у 1683 годзе адбылася адна з самых значных бітваў у гісторыі Еўропы. Верагодна, патапавіцкія воіны там загінулі, а на іх радзіме былі ўстаноўлены мемарыяльныя валуны з выявамі крыжа і датай гібелі.

    Камень кахання З беларускімі валунамі звязана вельмі шмат легенд і паданняў. І гэта яшчэ адна прычына называць камяні цудам. Як правіла, каменных «волатаў» народ «уплятае» ў гісторыі кахання. Так, напрыклад, на камені ў Брагінскім раёне, па легендзе, сядзелі Ілжэдзмітрый I і польская прыгажуня Марына Мнішак.

    І быццам менавіта тут Ілжэдзмітрый прапанаваў Мнішак стаць яго жонкай. Сёння сярод мясцовых жыхароў бытуе павер’е: калі маладыя людзі, уступаючы ў шлюб, пасядзяць на гэтым камені, то будуць моцна кахаць адзін аднаго, асабліва калі абмяняюцца кавалачкамі каменя. Незвычайную гісторыю распавядае старажытная легенда пра з’яўленне каменя ў Докшыцкім раёне.

    Жыў-быў кравец Сцяпан, які закахаўся ў прыгажуню Вільяну. Не ведаў хлопец, што дзяўчына адказвае яму ўзаемнасцю, і надумаў за дзявоцкае каханне аддаць душу д’яблу. Але нячыстаму падалося гэтага мала. Ён запатрабаваў, каб Сцяпан разбіў свой крыжык аб камень. Толькі памкнуўся Сцяпан гэта зрабіць, як сам ператварыўся ў камень.

    Даведалася Вільяна сумную навіну, кінулася ў поле, абняла камень рукамі ды заплакала. Галасіла яна дзень і ноч, а раніцай з-пад каменя прабілася крыніца. Вільяна памерла, а крыніца ператварылася ў рэчку, якую назвалі Вілія. Як бачым, хоць моўчкі, але шмат могуць расказаць нам каменныя старажылы. І здаецца, цікавасць да іх ніколі не зменшыцца.

    Аўтар: Людміла МІНКЕВІЧ, «Народная газета».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/daa7e10dd4c9c32b.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz