ДЗЕДАВІЦА

ПАДЗЕЛ, ПАДЗІЎ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПАДЗЕЛ, ПАДЗІЎ

    Паводле народных уяўленняў, хвароба, псота ці іншае няшчасце, выкліканае благім поглядам («злым», зайздросным вокам), словамі ці думкамі ў бок пацярпелага. Шырока распаўсюджаная вера ў негатыўную сілу «дурнога вока» грунтавалася на ўяўленнях аб чалавечым (звярыным) поглядзе як спецыфічнай форме матэрыяльнага кантакту (параўн. «цяжкі, чорны, нячысты» погляд вока).

    У замовах С. выступаюць як жывыя аморфныя істоты («Iдзіце, урэкі–прыстрэкі, на балата…»). Вылучаюцца наўмысныя і ненаўмысныя С. У першым выпадку суб’ектамі С. фігуруюць чараўнікі і ведзьмакі, а таксама людзі, якія вылучаліся ў традыцыйным асяродку сваім іншаэтнічным паходжаннем і таму патэнцыйна ўспрымаліся як «чужыя» і небяспечныя (параўн. у замовах: вока «цыганскае, жыдоўскае, татарскае, маскоўскае»), прадстаўнікі іншых сацыяльных групаў (пан, поп, дзяк, мешчанін) і людзі, якія мелі пэўныя адхіленні ў здароўі ці паводзінах ад агульнапрынятых нормаў, што магло паказваць на іх сувязь з «іншасветам» (крывое вока, сляпое вока).

    Вялікія здольнасці сурочваць акрамя чараўнікоў прыпісваліся «незаконнанароджанаму ўдовіну сыну» (Полацкі пав.), дзіцяці, якое два разы адымалі ад матчыных грудзей, чалавеку, які два разы ажаніўся. Найбольш небяспечнымі лічыліся С., выкліканыя адмысловымі праклёнамі («прымоўленыя», «нагаворныя», «пагаданыя»), што тлумачыцца паганскімі ўяўленнямі аб матэрыяльнай сутнасці і энергетычнасці слова, асабліва прамоўленага ў так званую «благую мінуту» — храналагічны адрэзак (уначы, апоўдні, напярэдадні свята), калі мяжа з іншасветам робіцца найбольш празрыстай.

    «Як ведзьмаку прыйдзе тая планета, то ён, як ні мае каго счараваць (бо ён у тую пару і роднае дзіця счаруе, калі на вочы патрапіцца), так ён з ветрам пушчае сваё слова, а яно ідзе дарогаю і як нікога не спаткае, то ў дзерава ідзе і яно сохне» (М. Федароўскі). Архаічным з’яўляецца суаднясенне С. з асноўнымі прыроднымі стыхіямі («ліха ветравое, зямное, вадзяное, агнявое»), якія выступаюць не толькі як першакрыніца С., іх «нутраны» змест (характар хваробы імі выкліканай) і спосаб трансляцыі, але і як сродак пазбаўлення ад іх (зварот па дапамогу ў замовах да Лесавіка, Палевіка, «царыцы–вадзіцы», «цара - сонца», «цара–месіка», ветру і г. д.).

    Значна меншую небяспеку ўяўлялі С. ненаўмысныя («пасмешныя», «падзіўныя», якія маглі быць зробленыя ў межах аднае сям’і (бацькам, маткай, бабай, дзедам, сёстрамі, братамі ды інш.). Асноўнай прычынай падобных С. бачылася так званая «благая (дурная) мінута», у якую агучаная пахвала ці станоўчае здзіўленне мелі надалей супрацьлеглыя, негатыўныя наступствы (напрыклад, пахваленая такім чынам жывёла перастае набіраць у вазе, даваць малако, дзеці хварэюць, знікае спор у пэўнай сферы жыццядзейнасці ды інш.).

    Адсюль распаўсюджаныя на Беларусі вербальныя формулы–перасцярогі кшталту: «У добры час сказаць, у благі памаўчаць», «Не пры нас гаворачы», «Не ўрокам кажучы» і да т. п. Крыніцай С., асабліва для дзяцей, маглі быць і прадстаўнікі жывёльнага свету (конь, карова, авечка, свіння, воўк, заяц, курыца, верабей, кот, мыш). Падобныя С. (лякі) фактычна з’яўляліся адной з разнавіднасцяў сполаху ці начніцаў. Паводле народных перакананняў, С. не паддаюцца медычнаму лячэнню.

    Наўмысныя С. здольныя лячыць (выганяць) знахары, якія валодаюць адмысловымі замовамі. Адной з асноўных аперацый была дыягностыка («Трыдзевяць урокаў: які ты ўрок?») і выяўленне крыніцы (суб’екта) С. з мэтай далейшага пазбаўлення хворага (пацярпелага) ад іх. С. ненаўмысныя здымаліся без «спецыялізаванай» вонкавай дапамогі.

    Эфектыўнымі сродкамі ад іх лічылася «чацвярговая соль», вада з роту таго, хто сурочыў, ці пралітая праз рэч з адтулінай («перунова страла», ключ, клямка, замок), працягванне дзіцяці паміж ног маці, што сімвалізавала новае (здаровае) нараджэнне, ды інш. У якасці засцерагальных ад С. сродкаў выкарыстоўваліся як вербальныя формулы, закліканыя пазбавіць патэнцыйна небяспечнага чалавека здольнасці бачыць, прамаўляць, рухацца і такім чынам зрабіць яго бяспечным («Соль табе ў глазы, галаўня ў зубы, гаршчок міжы шчок, палена мімы калена»), так і рэчы, жэсты («хвіга»), надзеленыя ўласцівасцямі абярэга (чырвоная нітка, вырабы з жалеза, соль ды інш.). Уяўленні аб рэальнай шкаданоснасці С. і эфектыўнасці магічных сродкаў супрацьдзеяння ім шырока бытуюць не толькі ў сучаснай беларускай вёсцы, але і ў горадзе.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz